Завод у Дружным сур’ёзна пагражае Менску

2008 2008-04-03T13:54:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пра гэта заяўляе ня толькі грамадзкі аргкамітэт, але й шэраг беларускіх навукоўцаў-хімікаў, практыкаў зь Менскай ТЭЦ-5.

Да абмеркаваньня тэмы, якую першым узняў BulletinOnline.org, цяпер далучыліся шматлікія СМІ. Але мы па-ранейшаму ведаем больш.

Колькі дзён таму Беларускае тэлебачаньне паказала хвалебны рэпартаж з Чувашыі пра тое, які патрэбны народнай гаспадарцы і абсалютна бясшкодны завод па выпуску гербіцыдаў для сельскай гаспадаркі. Аднак насельніцтва Пухавіцкага раёну, дзе мяркуецца збудаваць завод-аналяг, катэгарычна выступае супраць.

10 красавіка ў судзе Пухавіцкага раёну будзе разглядацца міліцэйскі пратакол аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці грамадзкага актывіста Сяргея Абразоўскага. Ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 30 сакавіка, які адбыўся на стадыёне ў пасёлку Сьвіслач. Аналягічны пратакол на спадара Абразоўскага быў складзены і 22 сакавіка. Тады мітынг пратэсту прайшоў у пасёлку Дружны.

Абедзьве акцыі адбываліся супраць будаўніцтва ў пасёлку Дружны прадпрыемства хімічнай вытворчасьці расейскай прыватнай кампаніі "Аўгуст". Офіс кампаніі – у Маскве. Вытворчасьць – у пасёлку Вурнары, што ў Чувашыі. У 1960-я гады тут выраблялі дуст (ДДТ) для ўсяго калгаснага СССР. Цяпер расейскі бок заяўляе, што на заводзе ў Беларусі будзе вырабляцца 18 відаў пэстыцыдаў – хімічных сродкаў для зьнішчэньня пустазельля і шкоднікаў на сельскагаспадарчых пасевах. Жыхары Пухавіцкага раёна выказваюцца за правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму аб мэтазгоднасьці будаўніцтва прадпрыемства ў непасрэднай блізкасьці ад жылых дамоў, а таксама за правядзеньне незалежнай мэдычнай, экалягічнай і юрыдычнай экспэртызы.

– Нават калі мяне асудзяць, то я не адыду ад гэтага пратэсту, – заяўляе Сяргей Абразоўскі. – Трэба нам бараніцца, бо небясьпека пагражае здароўю 25-тысячнаму насельніцтву тутэйшых паселішчаў Капейнае, Дрычын, Белае, Дукора, пасёлкаў Рудзенск, Дружны, Сьвіслач.

У небясьпецы апынецца і Менск

Ад будаўнічай пляцоўкі ў Дружным да Менску – усяго 22 кілямэтры. Эколяг Ірына Васько ўпэўнена кажа: вецер данясе да сталіцы прадукты спальваньня, бо ўтылізаваць адыходы вытворчасьці расейцы разьлічваюць на мэханічнай устаноўцы. У паветра патрапяць хлёр-, азот- і фторутрымліваючыя газы. Гэта атрутныя газы.

Ствараецца небясьпека і ў забесьпячэньні Менску чыстай пітной вадой. Менавіта пад тэрыторыяй вышэйзгаданых пасёлкаў і вёсак на глыбіні 70-140 мэтраў знаходзіцца гарызонт-сховішча падземнага запасу вады для сталіцы. Першы, што на глыбіні 40 мэтраў, інтэнсіўна выбіраецца ў гэтыя гады. Праектаваньне ж новага хімічнага прадпрыемства пакуль не прадугледжвае першачарговае будаўніцтва ачышчальных збудаваньняў, бо яны каштуюць ў два ці нават у тры разы даражэй, чым сам завод. Гэта, у прыватнасьці, канстатуе заключэньне № 46 у праектна-каштарыснай дакумэнтацыі. Таму зьліў сьцёкаў будзе ў амаль зношаную каналізацыйную сетку мясцовай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.А ліўневыя сьцёкі – на рэльеф мясцовасьці ў басэйне мясцовых рэчак Пціч і Сьвіслач.

Да пратэсту насельніцтва далучаюцца навукоўцы і практыкі

Увачавідкі ігнаруецца патрабаваньне Санітарных правілаў і нормаў (СанПіН) 10-5 РБ 2002 году, дзе патрабуецца, што "накладаньне санітарна-ахоўнай зоны прадпрыемства больш высокага клясу небясьпекі (г.зн. ЗАТ "Аўгуст-Бел") на санітарна-ахоўную зону зь меншым клясам небясьпекі (г.зн.ТЭЦ-5) не дапускаецца". У дадзеным выпадку ЗАТ "Аўгуст-Бел" зь першым клясам небясьпекі будзе працаваць усяго у 50-ці мэтрах ад ТЭЦ-5, дзе пэрсанал заняты і ў начных зьменах.

Пра аргумэнты экалягічнай небясьпекі заяўляюць навукоўцы. Ужо зьявілася калектыўнае заключэньне вядучых спэцыялістаў-хімікаў – акадэмікаў і дактароў Нацыянальнай акадэміі навук, у якім яны абвяргаюць магчымасьць будаўніцтва хімзаводу ў Менскай вобласьці.

Канцэрн "Белэнерга", у ведамстве якога Мінская ТЭЦ-5, таксама пярэчыць. Дырэктар ТЭЦ-5 В.Кішко загадам ад 14.03.2008 №122 адмяніў ранейшыя пагадненьні на праектна-вышуковыя працы для будаўніцтва заводу ЗАТ "Аўгуст-Бел".

"Інтарэсы расейцаў лабіруюць чыноўнікі"

Перакананьне Сяргея Абразоўскага цьвёрдае. Ён цьвердзіць, што "інтарэсы расейскай кампаніі "Аўгуст" прасоўваюць і лабіруюць беларускія чыноўнікі, мажліва, не без карысьці для сябе".

Паводле дадзеных Сяргея Абразоўскага, распрацоўшчык аддзелу праекту "Ацэнка ўплыву на навакольнае асяродзьдзе" – праектная арганізацыя ў Менску. Паводле сваёй прыналежнасьці Беларусі яна не можа дэкляраваць замест расейскага ЗАТ "Агуст" будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, адкрыцьцё новай навучальнай установы для падрыхтоўкі кадраў ці разьвіцьцё лякарняў, гандлёвага і бытавога абслугоўваньня. Нават напамінку няма, што расейская кампанія зробіць хаця б крок у гэтым накірунку. У каштарысе на гэта не заплянавана ніводнага рубля!

Сяргея Абразоўскі пераконвае: у рэалізацыі расейскага праекту ў Беларусі парушаюцца асноўныя патрабаваньні  міжнароднай Орхускай Канвэнцыі, далучэньне да якой Беларусь дэкляравала 14 сьнежня 1999 году. А менавіта Канвэнцыя патрабуе:

1. Доступу насельніцтва да экалягічнай інфармацыі;

2. Удзелу грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця экалягічна значных рашэньняў;

3. Доступу да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя.

Выпраўляць памылкі пачынае грамадзкасьць

Удзельнікі супраціву ў Дружным абралі свой арганізацыйны камітэт. Адна зь яго прапаноў, што атрымала адабрэньне на сходах і мітынгах 27.12.2007 г., 25.01.2008 г., 05.02.2008 г., 22.03.2008 г. і 29.03.2008 г. – арганізацыя незалежнай экалягічнай экспэртызы праекта па будаўніцтву прыватнага расейскага заводу ЗАТ "Аўгуст-Бел". Фінансаваньне гэтай працы – народнае. Жыхары распачалі збор добраахвотных ахвяраваньняў. Дзеля здароўя сваіх дзяцей.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international