Блёгасфэра ў сакавіку: “Жывы шчыт” ды Дзень Волі

2008 2008-03-31T14:34:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пад канец месяца працяг атрымала тэма “жывога шчыта”: людзі, якія ў выніку «вынаходлівасьці» супрацоўнікаў ДАІ атрымалі пераломы грудзіны, ног, траўмы твару 5 лістапада 2007 году, вырашылі падаць у пракуратуру дакумэнты на ўзбуджэньне крымінальнае справы супраць супрацоўнікаў ДАІ. Але блёгасфэра на гэта амаль ніяк не зрэагавала.

Тэма №1 блёгасфэры ў сакавіку — новая тэхналёгія ДАІ пад назвай “жывы шчыт” — выклікала віхуру абурэньня ў Сеціве, якая згасла досыць хутка. Гэтага й варта было чакаць. Гісторыю з пухавіцкай электрычкай памятаеце? Хто скажа, колькі чалавек пакаралі па выніках тае бойкі? Мала хто з тых, хто вынаходзіў экзатычныя мэтады страты для інспэктараў, наклеіў на свае машыны налепкі ды ўзяў удзел у мітынгу. Яшчэ меней народу, я ўпэўнены, сочаць за рэальным працягам гэтае гісторыі. Грамадзкасьці вядома, што Мянцюк зьнік фактычна пры папушчальніцтве сьледчага па справе, які заявіў, што вінаваты ў тым здарэньні яму пакуль што не патрэбны. У галаву само сабой напрошваецца меркаваньне, што справу папросту хочуць спусьціць на тармазах: крымінальнікі ёсьць меней небясьпечнымі, чым людзі з акрэсьленай грамадзкай пазыцыяй. Болей за тое, наяўнасьць гэтых самых крымінальнікаў дапамагае й трымаць у цуглях усіх астатніх.

Мала надзеі, што справа 5 лістапада будзе даведзеная да таго ж канца, што й выпадак 2 сакавіка. Каб атрымаць падобны розгалас, супрацоўнікі ДАІ маюць у чарговы раз прадэманстраваць свой непрафэсыяналізм. Моцна сумняюся, што гэтая практыка прыпыніцца: паварот меркаваньняў Навумава на 180 градусаў літаральна за два дні ад “правільнае” да “непрафэсыйнае” ацэнкі дзеяньняў інспэктараў, абыякавасьць сьледчага да месцазнаходжаньня Мянцюкоў ды адсутнасьць рэакцыі блёгераў на значна болей страшны інцэдэнт 5 лістапада наводзіць на сумныя думкі.

Тэма №2 у блёгасфэры — Дзень волі — спаткаўся зь нябачным яшчэ ў беларускім Сеціве патокам бруду на “замагароў”. Не пераказваючы зьместу (яго заўжды можна прачытаць у камэнтарах да допісаў, на якія спасылаецца гэты агляд), можна зрабіць дваістую выснову: або багата людзей паціху зьняверваюцца ў магчымасьці зьмяніць свой лёс, або бюджэты КДБ на супрацоўнікаў, якія маглі б “сьмеціць” на блёгах, раптам вырасьлі. Тым болей, што асноўныя “камэнтатары” раптам зьнікаюць у дні мітынгаў. Але ўсё адно, былі й файныя фотарэпартажы, і камэнтары, і аналітыка. Будзем спадзявацца, што разьвіцьцё Інтарнэту празь некаторы час пазбавіць уладу інфармацыйнае манаполіі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international