«Нідзе ў заканадаўстве такіх захадаў у дачыненні да неакрэдытаваных СМІ не прадугледжана…»

2008 2008-03-29T13:27:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У мінскай пракуратуры знаходзіцца аўдыё- і відэаапаратура і больш за два дзесяткі камп’ютараў, якія забралі прадстаўнікі спецслужб падчас ператрусаў 27 сакавіка. Следчыя заяўляюць, што тэхніку будуць правяраць на наяўнасць прыкмет стварэння і распаўсюду палітычных мультфільмаў «Трэцяга шляху». Тая ж сітуацыя ў рэгіёнах, дзе прайшлі ператрусы.

Між тым, у выніку «рэйду» КДБ праца некаторых замежных СМІ, што мелі свае прадстаўніцтвы ў Беларусі, істотна ўскладнілася. У прыватнасці, як паведамляе БелаПАН, Радыё «Рацыя» і «Еўрапейскае радыё для Беларусі» пакуль здольныя толькі абнаўляць свае сайты — гэта робяць супрацоўнікі радыёстанцый з-за мяжы.

Дык якія мэты ставіў рэйд спецслужбаў — знайсці памочнікаў «мультыплікатараў-паклёпнікаў» альбо паралізаваць працу неакрэдытаваных замежных СМІ?

Назіральнікі ўжо звярталі ўвагу на прынцыповыя разыходжанні паміж каментарамі беларускага МЗС і сталічнай пракуратуры, што давала санкцыю на ператрусы. «Пракуратура заявіла, што ператрусы адбываліся нібыта з нагоды крымінальнай справы пра паклёп на прэзідэнта. Ад прадстаўніцы МЗС мы пачулі, што гэта звязана з дзейнасцю неакрэдытаваных замежных СМІ», — падкрэслівае намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.

«Заўважу, што нідзе ў заканадаўстве такіх захадаў у дачыненні да неакрэдытаваных СМІ не прадугледжана. Другое — мне здаецца, МЗС не вельмі добра разумее беларускі закон „Аб друку і іншых СМІ“. Там у артыкуле 2 запісана, што журналістам лічыцца чалавек, які прафесійна займаецца зборам і распаўсюдам інфармацыі — незалежна ад таго, уваходзіць ён у штат СМІ альбо ажыццяўляе прафесійную дзейнасць па нейкіх іншых дамоўленасцях з рэдакцыямі. Ва ўсім свеце існнуюць жуналісты-„фрылансеры“, якія распаўсюджваюць інфармацыю ў розных СМІ», — нагадвае А. Бастунец.

«Думаю, што Міністэрству замежных спраў будзе цікава азнаеміцца з артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, у якім таксама прадугледжана права распаўсюджваць інфармацыю незалежна ад дзяржаўных межаў і ў любым выглядзе — як у тэкставым, так і ў выглядзе аўдыё- ці відэафайлаў. Беларускае знешнепалітычнае ведамства сваімі каментарамі дэманструе, што ігнаруе міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі», — лічыць Андрэй Бастунец.

Нагадаем: 27 сакавіка намесніца начальніка ўпраўленя інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына заявіла, што ўсе СМІ і журналісты, у якіх праводзіліся ператрусы, працуюць у Беларусі без акрэытацыі. «Тобок, наколькі мы разумеем, фактычна гаворка ідзе пра нейкіх прыватных асобаў з ліку беларускіх грамадзян, якія доўгі час за замежныя грошы незаконна займаліся журналісцкай дзейнасцю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Але, пагадзіцеся, гэта ж не робіць іх журналістамі замежных медыяў?». Таму, па словах М. Ваньшынай, «цалкам лагічна, што гэтай сітуацыяй цяпер займаюцца адпаведныя структуры…»

Між тым, намеснік пракурора Мінска Аляксей Стук, які падпісваў санкцыю на ператрусы, паведаміў Радыё «Свабода», што дзеянні сілавікоў праводзяцца ў рамках крымінальнай справы за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, распачатай у жніўні 2005 году за палітычныя мультфільмы. Следства нібыта палічыла, што журналісты могуць супрацоўнічаць са стваральнікамі мультфільмаў і спрыяюць іх распаўсюду ў Інтэрнэце.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international