Белсат: У нас ёсьць запасны варыянт

2008 2008-03-28T14:48:15+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дзеяньні спэцслужбаў не перашкодзяць незалежным беларускім журналістам перадаваць інфармацыю пра падзеі ў краіне – лічыць кіраўнік адзьдзелу навінаў тэлеканалу “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі. Спадарожнікавы канал будзе ўсімі магчымымі спосабамі дапамагаць сваім супрацоўнікам, на якіх беларускія праваахоўныя ворганы наладзілі сапраўднае паляваньне.

Супрацоўнікі КДБ затрымалі ранкам 27 сакавіка каля 20 журналістаў, якія супрацоўнічалі з незалежнымі СМІ: тэлеканалам “Белсат”, Эўрапейскім Радыё для Беларусі й Радыё “Рацыя”.

Пра сытуацыю вакол затрыманьня супрацоўнікаў “Белсату” распавядае Аляксей Дзікавіцкі.

А. Дзікавіцкі: Былі затрыманыя 3 чалавекі, якія з намі супрацоўнічалі. Вобшукі прайшлі ў больш як 10 кватэрах і офісах. Пры тым, гэта ўсё адбылося ў адзін і той жа час – а 8.00 паводле менскага часу. Была канфіскаваная апаратура, спэцслужбы правяралі ўсе кантакты. Але няхай КДБ ня думае, што ўсё ведае. Ёсьць у нас запасныя варыянты й напэўна дамо рады. Выхад навінаў ня спыніцца.

Сярод прычынаў, якія маглі паўплываць на дзеяньні ўладаў, Дзікавіцкі называе здымкі апэратараў “Белсату” падчас дэманстрацыі 25 сакавіка. Менавіта кадры, зьнятыя “Белсатам”, пабачылі людзі ва ўсімі сьвеце. Іншыя тэлеканалы ня здолелі перадаць сваім станцыям відэаматэрыялаў, паколькі беларускія тэлевізійшчыкі, спасылаючыся на “касьмічную буру” над Менскам, адмовіліся перадаваць здымкі.

Дырэктар Радыё Рацыя Віктар Стахвюк лічыць, што паводзіны ўладаў сьведчаць пра абвяшчэньне вайны незалежным СМІ.

В. Стахвюк: Гэта пачатак брутальнага змаганьня са свабодаю слова. 25 сакавіка была вельмі жорстка разагнаная мірная акцыя. Усе незалежныя журналісты асьвятлялі гэтыя здарэньні, гэтая інфармацыя прасачылася на ўвесь сьвет. Магчыма, гэта й давяло да таго, што на трэці дзень пасьля Дня Волі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адбыліся ператрусы. Калі сьвет бачыць, што робіць улада, то гэта для яе вельмі нявыгадна. Ня будзе незалежных журналістаў - можна рабіць усё, што хочаш.

З самага ранку былі таксама заблякаваныя ў адной з кватэраў экспэрты, якія выказваліся для “Эўрапейскага Радыё для Беларусі”. На працягу ўсяго дня кіраўнік радыёстанцыі Зьміцер Новікаў ня меў магчымасьці зьвязацца з гэтымі людзьмі.

З. Новікаў: У хворай дзяржаве даведацца, хто й чаму прымае нейкія рашэньні, нельга.

Дырэктар тэлеканалу “Белсат” Агнешка Рамашэўская заявіла, што канал будзе зьвяртацца да эўрапейскіх палітыкаў з просьбай паўплываць на беларускія ўлады й спыніць перасьлед журналістаў.

А. Рамашэўская: Магчымасьць абароны мае Польскае грамадзкае тэлебачаньне. Белсат – гэта частка TVP. Натуральна, што мы будзем дапамагаць тым людзям, якія з намі супрацоўнічалі. Назваць іх нашымі журналістамі нельга, бо гэтыя людзі час ад часу рабілі на нашыя замовы матэрыялы. З дапамогай няўрадавых арганізацыяў мы пастараемся падтрымаць іх фінансава, калі будзе існаваць такая неабходнасьць. Любымі сродкамі, якія магчымыя. Пакуль рана казаць, што дакладна будзе задзейнічана, бо невядома, як будзе разьвівацца сытуацыя.

Фармальнай падставай для затрыманьня журналістаў, паводле вэрсіі КДБ, сталася крымінальная справа супраць аўтараў мультыплікацыйных фільмаў “Мультклуб”, у якіх галоўны герой падобны да Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ ў 2005 годзе супраць трох аўтараў мультфільмаў была распачатая крымінальная справа па факце “абразы прэзыдэнта”. Зараз стваральнікі мульцікаў знаходзяцца за мяжой. Якое дачыненьне да гэтай справы мелі затрыманыя журналісты, намесьнік пракурора Менску Аляксей Стук, які выпісаў санкцыі на ператрус, патлумачыць ня змог.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international