“Для ператрусу дзьверы рэзалі аўтагенам”

2008 2008-03-28T09:36:55+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Цягам дня 27 сакавіка ад раніцы ў Менску, а таксама ў шэрагу гарадоў па ўсёй Беларусі адбыліся ператрусы. Іх праводзілі супрацоўнікі КДБ у памяшканьнях “Радыё Рацыя”, “Эўрапейскага радыё для Беларусі”, тэлекампаніі “Белсат”, а таксама ў прыватных кватэрах журналістаў і ў офісах грамадзкіх аб’яднаньняў.


“Афіцэра КДБ цікавіла, ці не зьяўляюся я карэспандэнтам каналу “Белсат”

Супрацоўнікі КДБ спасылаліся на пастанову ад 17 сакавіка 2008 году, падпісаную памочнікам пракурора Менску Аляксеем Стукам. Згодна зь ёй ператрусы праводзіліся ў рамках крымінальнай справы, заведзенай адносна Андрэя Абозава, Алега Мініча і Паўла Марозава. Яны абвінавачваюцца ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, які нібыта ёсьць у сатырычных мультфільмах пра кіраўніка Беларусі. Гэтая справа была распачатая яшчэ 16 жніўня 2005 году. Усе фігуранты справы зьехалі за мяжу.

Ператрус праводзіўся і на кватэры старшыні Наваполацкай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Аляксандрава.
“Яны прад’явілі мне пастанову на ператрус у маёй кватэры. А таксама паказалі даручэньне, якое падпісанае намесьнікам пракурора Менску Стукам. І даручэньне гэта было адрасавана першаму намесьніку старшыні КДБ Вягеру. У гэтым даручэньні было сказана, што ў зьвязку з крымінальнай справай па пункту 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу было даручэньне правесьці ператрус у маёй кватэры, а таксама ў кватэрах яшчэ недзе 15-ці чалавек. Сярод іх прозьвішчы вядомых мне журналістаў зь іншых гарадоў Беларусі. Да прыкладу, Эдуард Мельнікаў, Анатоль Гатоўчыц з Гомеля, спадар Суднік, некалькі журналістаў зь Віцебску, Бабруйску”.

У выніку супрацоўнікі спэцслужбаў забралі цьвёрдыя дыскі з кампутара, іншыя дыскі і нават тэксты шасьці дыктовак па беларускай мове, якую пісалі у Наваполацку 23 сакавіка сябры спадара Аляксандрава.

“Пасьля ператрусу адбыўся афіцыйны допыт. Афіцэра КДБ цікавіла, ці не зьяўляюся я карэспандэнтам каналу “Белсат” ці нейкай замежнай мэдыі, ці ведаю я спадароў, якія неяк спрычыніліся да разьмяшчэньня пэўных анімацыйных ролікаў на тэлеканале “Белсат”, якія нібыта зьневажаюць прэзыдэнта Беларусі. Я адказаў, што ніякага дачыненьня да дзейнасьці замежных мэдыяў ня маю і спадароў Марозава, Мініча, Абозава ня ведаю”.

У інтэрвію “Свабодзе” спадар Аляксей Стук патлумачыў, што грамадзяне, у якіх сёньня праводзіўся ператрус па ўсёй краіне, “маюць дачыненьне да стварэньня і падтрымкі адносінаў” зь “Белсатам” і яго стваральнікамі.

“Гэта надзвычай брутальная атака на незалежныя беларускія мэдыі”

Шэф-рэдактар інфармацыйнай рэдакцыі тэлекампаніі “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі падусмоўвае:

“Канечне, мульцікі былі ў нашым этэры. І там быў герой падобны да Аляксандра Лукашэнкі. Але гэта даволі глупа прад’яўляць нейкія прэтэнзіі да людзей, якія з каналам супрацоўнічаюць у сувязі з тым, што на канале зьявіліся такія мульцікі”.

Паводле спадара Дзікавіцкага, ператрусы не перашкодзілі і ня змогуць перашкодзіць працы каналу і выпуск навінаў выйшаў сёньня ў поўным фармаце.

“Падсумаваць тое, што сёньня адбылося, можна ў некалькіх словах. Гэта надзвычай брутальная атака на незалежныя беларускія мэдыі. А што тычыцца нашага каналу, то больш за дзесяць нашых калегаў былі праслуханы супрацоўнікамі КДБ, у іх былі праведзеныя ператрусы, канфіскавана вельмі шмат тэхнікі, нават яшчэ не падлічылі да канца, колькі. Але самае важнае, што ўсе ў дадзены момант знаходзяцца на волі”.

“МНС прыехаў, выразаў гэтыя дзьверы”

Пад час ператрусаў у Віцебску быў затрыманы і дастаўлены ў Першамайскі РАУС праваабаронца Павал Левінаў, які спрабаваў аказаць праўную дапамогу журналістам, у якіх праводзіўся ператрус. Міліцыянты зьвінавацілі спадара Левінава ў брыдкаслоўі.

Віцебскі журналіст Вадзім Баршчэўскі не адчыніў дзьверы супрацоўнікам КДБ. Тады яны выклікалі супрацоўнікаў МНС і выразалі замкі. Пра гэта распавяла нявестка Вольга Карач:

“Выклікалі і тыя прыехалі і аўтагенамі рэзалі дзьверы. У доме быў бацька Алега. Маці забралі ў школе. Яна спрабавала схавацца ў бібліятэцы, але яе там знайшлі КДБ-істы і прывялі да дзьвярэй, але ў яе не было ключоў. МНС прыехаў, выразаў гэтыя дзьверы”.

“Усё гэта можна назваць гвалтам да незалежных мэдыяў у Беларусі”

Кіраўнік юрыдычнага цэнтру Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў апавёў, што БАЖ падрыхтаваў зварот да Генэральнага пракурора, каб ён прыняў прадугледжаныя законам меры для неадкладнага спыненьня масавага перасьледу журналістаў. Таксама накіраваны звароты ў міжнародныя арганізацыі, якія адсочваюць сытуацыю з мэдыямі.

“Праводзілася такая мэтанакіраваная акцыя пераважна супраць журналістаў, якія супрацоўнічаюць зь незалежным тэлеканалам “Белсат”, які транслюе сваю прадукцыю на тэрыторыю Беларусі. Фактычна, ставілася мэта зьнішчыць журналісцкую сетку на тэрыторыі Беларусі. Мяркую, што ўсе гэтыя дзеяньні супрацоўнікаў КДБ павінны атрымаць адпаведную рэакцыю як з боку беларускай грамадзкасьці, так і міжнародных арганізацый. Я лічу, што беспадстаўна праводзіліся ператрусы. Фактычна, улады перашкаджаюць дзейнасьці незалежных мэдыяў і прафэсійнай дзейнасьці журналістаў. Усё гэта можна назваць гвалтам да незалежных мэдыяў у Беларусі”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international