viasna on patreon

Спецназ супраць журналістаў

2008 2008-03-26T19:34:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На акцыі 25 сакавіка супрацоўнікі спецназу моцна збілі фатографа газеты «Наша Ніва» Андрэя Лянкевіча, жорстка затрыманы і журналіст НН Сямён Печанко, фатографу «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Дзмітру Брушку разбілі дарагую апаратуру, у пастарунак трапілі і журналісты Літоўскага тэлебачання. Сямён Печанко і Андрэй Лянкевіч да ўсяго апынуліся на лаве падсудных.

25 сакавіка журналісцкія пасведчанні аніяк не дзейнічалі. У журналістаў Літоўскага нацыянальнага тэлебачання з дакументамі было ўсё ў парадку — і пашпарты, і акрэдытацыю МЗС Беларусі, і рэгістрацыйныя карткі яны мелі пры сябе. Але міліцыянты іх і слухаць не хацелі. Распавядае журналістка Рута Рыбагаўскене:

— Міліцыянты нас сілай загналі ў аўтобус, пад’ехала машына міліцыі, нас перасадзілі ў яе і адвезлі ў аддзел Цэнтральнага раёну. Неаднаразова я прасіла даць магчымасць патэлефанаваць у амбасаду Літвы, але міліцыянты адключылі нашы мабільныя тэлефоны і ў гэтай просьбе адмовілі.

Руту і аператара Ёнаса Грышконіса ўсё ж адпусцілі, праўда прабачэння ніхто не прасіў. Да ўсяго ў журналістаў канфіскавалі адзняты на Дні Волі відэаматэрыял. Рута Рыбагаўскене паведаміла, што з гэтай нагоды ўжо выступіла з нотай пратэсту літоўская амбасада. Мае адрэагаваць на факт затрымання і пашкоджання тэхнікі і літоўскі МЗС.

Не далі выканаць свае прафесійныя абавязкі і фотакору газеты «Камсамольская праўда ў Беларусі» Дзмітру Брушку. Спецназаўцы разбілі ўспышку ягонага фотаапарата коштам у 400 даляраў.

— Я знаходзіўся з іншага боку мітынгу, каля рэстарацыі «Лідо». Спачатку ў мяне намагаліся вырваць з рук камеру, а потым проста выламалі ўспышку. Я казаў, што журналіст, але міліцыянты аніяк на гэта не рэагавалі. Вядома, што міліцыянты не любяць журналістаў, але не думаю, што загад на такія дзеянні быў зверху.

Яшчэ меней пашанцавала двум журналістам газеты «Наша Ніва». Фатограф Андрэй Лянкевіч у час выканання сваіх прафесійных абавязкаў быў брутальна затрыманы спецназаўцамі і збіты. Яго судзяць цяпер ў судзе Завадскога раёну. Журналіст Сямён Печанко таксама быў затрыманы і асуджаны ў сераду на 15 сутак — сведкі паказалі, што ён меў пры сабе сцяг і выкрыкваў лозунгі.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна ў інтэрв’ю Рацыі выказала сваё абурэнне тым, што двум журналістам «Нашай Нівы» прад’явілі абвінавачанне ў «парушэнні парадку арганізацыі і правядзенні мерапрыемства».

— Прафесійныя журналісты не могуць мець і не маюць аніякага дачынення да арганізацыі і правядзенне мітынгаў, яны проста абавязаны быць у тых месцах, дзе збіраюцца людзі і адбываюцца падзеі такога кшталту. У чарговы раз прадстаўнікі сілавых структураў і судовых інстанцый альбо забыліся на тое, альбо блытаюць вось гэтыя функцыі — хто, дзе і чым займаецца.

З нагоды арышту беларускіх журналістаў БАЖ рыхтуе адмысловую заяву, у якой дае ацэнку дзеянням сілавых структур у адносінах да тых людзей, што выконвалі свой абавязак.

Тыя замежныя тэлежурналісты, якія здолелі адзняць матэрыял на акцыі 25 сакавіка сутыкнуліся з яшчэ адной праблемай. Тэлерадыёкампанія «Мір», у якой арэндуюць перадатчык шмат якія замежныя тэлеканалы, адмовілася перадаваць матэрыялы пра падзеі на вуліцах Мінску. Галоўны рэдактар беларускага прадстаўніцтва кампаніі «Мір» Юры Бокач на пытанне Рацыі, ці сапраўды яны чынілі перашкоды высылцы матэрыялаў за мяжу, адказаў наступнае:

— Гэта не так. У нас сапраўды былі праблемы па тэхнічнай частцы, таму мы і не здолелі перадаць матэрыялы.

Цікава, што ўласна журналісты беларускага прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мір» не зрабілі матэрыял пра акцыю на Дзень Волі для штодзённай праграмы «Навіны Садружнасці».

Бокач: 25 сакавіка хапала іншых тэмаў і падзеяў. Тэлеканал сам вырашае што і як яму асвятляць

Рацыя: То бок вы палічылі гэтую акцыю не вартай увагі, як для гледачоў з іншых краінаў?

Бокач: Не тое, што нязначнай падзеяй, але больш важнай мы палічылі сустрэчу прэзідэнта з суддзямі, пра якую і зрабілі сюжэт.

Тым не менш, пра жорсткі разгон акцыі ў Мінску паведамілі ўсе буйныя тэлеканалы, радыёстанцыі і выданні. Так, тэлеканал «Еўраньюс» паказаў кадры разгону мірнага шэсця і нагадаў пра сітуацыю з Аляксандрам Казуліным. Выданне «International Herald Tribune» напісала, што беларуская міліцыя загадзя падрыхтавалася да разгону акцыі, Амерыканская USA Today падкрэсліла, што акцыі з нагоды Дня Волі беларускія ўлады не першы раз прызналі незаконнымі і зноў скарысталі сілу. Пра падзеі ў Мінску паведаміў нават катарскі канал «Аль-Джазіра»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства