viasna on patreon

25 сакавіка ўлады Беларусі прадэманстравалі сваё стаўленьне да правоў чалавека

2008 2008-03-27T11:34:55+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 

25 сакавіка 2008 г. у г . Мінску прайшла мірная дэманстрацыя грамадзянаў з нагоды сьвяткаваньня 90—годдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

Нягледзячы на тое, што дэманстрацыя насіла выключна мірны характар, яе удзельнікі былі атакаваныя прадстаўнікамі МУС. Супраць мірных  дэманстрантаў была ўжытая грубая фізычная сіла і  спецыяльныя сродкі. У выніку дзесяткі грамадзянаў былі зьбітыя, больш за сотню ўдзельнікаў затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі. Сярод затрыманых былі непаўнагадовыя, журналісты шэрагу нацыянальных і замежных СМІ, замежныя грамадзяне.

 

26 сакавіка адразу ў чатырох раённых судах г. Мінска пачаліся судовыя разгляды адміністрацыйных справаў затрыманых удзельнікаў дэманстрацыі. Паводле складзеных супрацоўнікамі міліцыі пратаколаў яны абвінавачваліся ў тым, што парушылі парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, прымалі ўдзел у несанкцыянаванай Мінгарвыканкамам дэманстрацыі і выкрыквалі “антыдзяржаўныя лозунгі” –“Жыве Беларусь!” і “Ганьба!”

 

У выніку г. зв. судовых разьбіральніцтваў за кратамі апынуліся 26 чалавек, больш 50 аштрафаваныя.

 

Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае дзеяньне ўладаў, як грубае парушэньне правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй краіны і Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах  – права на свабоду мірных сходаў і свабоднае выказваньне сваіх меркаваньняў. Паказальна жорсткія дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі пры разгоне мірнай дэмантрацыі сьведчаць аб тым, што ўлады Беларусі ў чарговы раз прадэмнастравалі беларускаму грамадству і ўсяму цывілізаванаму сьвету сваё грэблівае стаўленьне да асноўных прынцыпаў правоў чалавека.

 

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае свой пратэст і патрабуе ад уладаў Беларусі неадкладанага вызваленьня ўсіх арыштаваных за ўдзел у мірнай дэманстрацыі грамадзянаў. Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвяртаецца да прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці даць належную ацэнку дзеяньням беларускіх уладаў

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства