Лідэр прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка асуджаны на 10 сутак

2005 2005-02-10T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Лідэр прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, затрыманы напярэдадні за распаўсюд улётак з заклікам выйсьці на агульнарэспубліканскі страйк, асуджаны на 10 сутак арышту. Суд над Шумчанкам праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, наўпрост у менскім прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Калегі асуджанага перакананыя: улады ізалявалі аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху на час страйкаў.

Цягам першай паловы дня ня толькі журналісты, але нават адвакат Анатоля Шумчанкі безвынікова спрабавалі высьветліць — дзе ўрэшце адбудзецца суд?

Але пазьней стаў вядомы маршрут, якім Шумчанку ўсю раніцу вазілі па Менску. Расказвае адвакат прадпрымальніка Аляксандар Галіеў: “З прыёмніка на Акрэсьціна яго павезьлі ў суд Цэнтральнага раёну. З суду — да судзьдзі на вуліцы Арлоўскай, 24. А адтуль — зноў на Акрэсьціна. Іншымі словамі, да пачатку разгляду справы ён ужо зноў быў на Акрэсьціна”.

Нягледзячы на тое, што Адміністрацыйны кодэкс не дазваляе праводзіць судовыя паседжаньні ў закрытым рэжыме, суд над Шумчанкам праходзіў без удзелу ня толькі прэсы, а нават сьведкаў.

Працягвае Аляксандар Галіеў: “Пра аб’ектыўнасьць казаць наагул не выпадае. Па ўсіх заяўленых хадайніцтвах нам было адмоўлена, нават пра выклік сьведкаў, якія сьведчылі супраць Шумчанкі. Таксама адмовілі ў выкліку сьведкаў, якіх называлі мы. У выніку суд абмежаваўся заслухоўваньнем толькі самога Шумчанкі”.

У выніку судзьдзя Быкаў прысудзіў Анатолю Шумчанку 10 сутак адміністрацыйнага арышту: як кажа адвакат Галіеў, гэта максымальнае пакараньне ў такой сытуацыі.

Калегі асуджанага перакананыя: уладам, перадусім, запатрабавалася ізаляваць аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху на час актыўнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў.

Маўляў, безь яскравых лідэраў супраціў затухне. Гаворыць Аляксандар Галіеў: “Так, 10 сутак яго на волі ня будзе, але іншае пытаньне — каму гэта прынесла хоць нейкую карысьць?”

Як апавёў спадар Галіеў, пастанова судзьдзі ў адміністрацыйнай справе зьяўляецца канчатковай і абскарджаньню ў парадку вытворчасьці не падлягае. Аднак падобнае рашэньне можа быць абскарджанае ў наглядным парадку на адрас пракурора ці старшыні Менскага гарадзкога суду. Якраз гэтым абарона Шумчанкі і зьбіраецца заняцца.
Радыё Свабода

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international