У Менску адбыўся стыхійны мітынг дробных прадпрымальнікаў

2005 2005-02-10T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Менску адбыўся стыхійны мітынг дробных прадпрымальнікаў, якія патрабавалі ад уладаў адмены для іх падатку на даданую вартасьць, паведаміла Радыё Свабода.

Асноўныя гандлёвыя пляцоўкі сталіцы сёньня не працавалі на знак падтрымкі ўсеагульнага страйку прадпрымальнікаў. Зь пераходам на новы прынцып спагнаньня ўскосных падаткаў у гандлі з Расеяй кошты на тавары на рынках аўтаматычна ўзрастаюць на памер стаўкі ПДВ, і ў гандляроў могуць узьнікнуць цяжкасьці зь іхнай рэалізацыяй. За адмену гэтага падатку падпісаліся на сёньня каля 30 тысяч чалавек.

Ня менш за 2 тысячы дробных бізнэсоўцаў зь Менску, а таксама іншых гарадоў сёньня апоўдні сабраліся каля дэпартамэнту прадпрымальніцтва Мінэканомікі. Яны настойвалі на сустрэчы з прадстаўнікамі міністэрства. Асноўнае патрабаваньне — адмена ПДВ для індывідуальных прадпрымальнікаў.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, які таксама прысутнічаў на мітынгу, дробныя гандляры ня могуць працаваць на тых жа ўмовах максымальнай празрыстасьці, што й фірмы, для якіх кошт расейскіх тавараў мусіць быць зьніжаны на памер ПДВ. Ён назваў індывідуалам ахвярамі існай падатковай сыстэмы.

(Раманчук: ) “Трэба падаткі рабіць такія, якія працуюць рэальна ў канкрэтнай дадзенай сытуацыі. Расейскія рынкі, можа, на 80 адсоткаў шэрыя. І ў гэтай сытуацыі, калі беларускі ўрад патрабуе ад прадпрымальнікаў перайсьці на фармальныя схемы, беларускія прадпрымальнікі рэальна страчваюць магчымасьць пастаўляць тавары па тых жа коштах, што былі раней”.

Беларусы набываюць тавар пераважна на гуртавых рынках Масквы. Расейскія ж гуртавікі не заўсёды дбалі пра тое, каб заплаціць з ПДВ тавараў, прададзеных беларусам, у бюджэт сваёй краіны. Цяпер яны нічога ня хочуць чуць пра зьніжэньне коштаў у зьвязку зь пераходам на новы прынцып спагнаньня падатку, тлумачыць эканаміст.

Прадстаўнікі Мінэканомікі не захацелі сустракацца з прадпрымальнікамі — адпаведны пісьмовы адказ па сваю прапанову зладзіць круглы стол атрымалі гандляры. Тады прадпрымальнікі рушылі да Міністэрства падаткаў і збораў. Яны скіраваліся да ўрадавага будынку на вуліцы Савецкай, 9. Туды да пратэстантаў выйшаў віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў ды выступіў перад натоўпам. Ён заявіў пра немагчымасьць адмены ПДВ для індывідуалаў.

(Кабякоў: ) “Гэта міжнароднае пагадненьне, якое зьяўляецца прыярытэтным у дачыненьні да любога ўнутранага закону. Што вы плаціце ПДВ увазны, што расейскія прадпрымальнікі плацяць. Яны таксама плацяць увазны ПДВ”.

Пасьля выступу віцэ-прэм’ера ў Міністэрства падаткаў і збораў на перамовы запрасілі восем прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху. Перамовы доўжыліся амаль тры гадзіны. У гэты час на прыступках урадавага будынку адбываўся мітынг.

Бакі дамовіліся пра тое, што будзе створаная працоўная група, якая мусіць вырашыць праблему з ПДВ да 20 лютага. У працоўную групу ўвойдуць прадстаўнікі ўраду і прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international