Гродзенскія журналісты змагаюцца за свае правы

2005 2005-02-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пастаяннае ігнараванне прадстаўнікоў недзяржаўнай прэсы супрацоўнікамі Ўпраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама сталася асноўнай тэмай сустрэчы журналістаў з кіраўніком гэтага ўпраўлення Уладзімірам Амелькам. Па выніках сустрэчы сябры Гродзенскай філіі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" падалі на яго імя хадайніцтвы аб выдачы прадстаўнікам недзяржаўных СМІ пропускаў на мерапрыемствы ў аблвыканкаме, а таксама спіс журналістаў, якіх неабходна запрашаць на афіцыйныя прэс-канферэнцыі.

Журналісты выказалі прэтэнзіі адносна таго, што цягам мінулага году фактычна ніводзін прадстаўнік незалежнага выдання не быў запрошаны на прэс-канферэнцыі, што ладзіліся з ініцыятывы альбо пры дапамозе Ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама. Уладзімір Амелька назваў гэты факт "нейкай накладкай" і даў указанні сваім супрацоўнікам абавязкова выправіць сітуацыю.

На сустрэчы была таксама абмеркавана сітуацыя з гродзенскай газетай "Биржа информации", выхад якой у лістападзе мінулага году быў прыпынены Міністэрствам інфармацыі на тры месяцы. Газета дагэтуль не можа падпісаць дамову з Гродзенскай абласной друкарняй. Да таго ж, на мінулым тыдні Скідзельская філія Гродзенскага раённага спажывецкага таварыства адмовілася працягваць з "Биржей" дамову на распаўсюд выдання ў крамах Гродзенскага раёна.

На пытанне адносна лістоў, высланых у пачатку года на дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы з "рэкамендацыяй" размяшчаць рэкламу толькі ў дзяржаўных газетах, кіраўнік ідэалагічнага ўпраўлення адказаў, што гэта была яго асабістая ініцыятыва, прадыктаваная жаданнем падтрымаць раённыя газеты, якія акупаюць сябе толькі на 84 адсоткі. "Мы нікога не прымушаем выконваць гэтыя рэкамендацыі. Аднак прызнаю, што з гэтай ініцыятывай мы паспяшаліся", - заначыў Уладзімір Амелька. Тым не менш, ён заявіў, што адклікаць "рэкамендацыйныя лісты" не будзе.

На сустрэчы было ўзнята і пытанне пропуску журналістаў недзяржаўных выданняў у будынак Гродзенскага аблвыканкаму. Два тыдні таму аблвыканкам цалкам перайшоў на сістэму электронных прапускоў для сваіх супрацоўнікаў, што яшчэ больш ускладніла доступ незалежных журналістаў у будынак. Паводле У. Амелькі, сёння яго ўпраўленне аформіла пропускі толькі для журналістаў дзяржаўных выданняў "Гродзенская праўда", "Вячэрні Гродна" і тэлерадыёкампаніі "Гродна". Удзельнікі сустрэчы прапанавалі выдаць падобныя пропускі тым прадстаўнікам недзяржаўных СМІ, якім для выканання сваіх прафесійных абавязкаў неабходна свабоднае наведванне аблвыканкама. Уладзімір Амелька запэўніў сабраных, што пастараецца дапамагчы па меры сваіх магчымасцяў.

Служба маніторынга ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international