Міліцыянты дзьве гадзіны трымалі аблогу гомельскага офісу Беларускага Хельсінкскага камітэту (Радыё Свабода)

2005 2005-02-05T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 лютага ў Гомелі супрацоўнікі Чыгуначнага райаддзелу міліцыі затрымалі дэпутата Рагачоўскага райсавету Дзьмітрыя Шкулькова. А ў вечары яны ўзялі ў аблогу офіс рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага Камітэту.

Дзьмітрыя Шкулькова міліцыянты разам з супрацоўнікамі ДАІ затрымалі блізу чыгуначнага вакзалу. Яны перапынілі таксоўку, у якой ехаў дэпутат, учынілі ператрус ягоных рэчаў.

У кайстры дэпутата міліцыянты знайшлі 2 тысячы ўлётак ініцыятывы “Партнэрства” пра рэформу беларускай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Міліцыянты даставілі дэпутата Шкулькова ў пастарунак, сканфіскавалі ўлёткі і склалі пратакол пра незаконны выраб друкаванай прадукцыі, зьмест якіх нібыта скіраваны на нанясеньне ўрону дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку.

У пастарунак падтрымаць дэпутата Шкулькова прыехалі кіраўнікі рэгіянальных аддзяленьняў БХК Алесь Яўсеенка і “Партнэрства” Сьвятаслаў Шаламаў.

Калі дэпутата адпусьцілі, спадары Яўсеенка і Шаламаў вярнуліся ў свой офіс на вуліцы 50 год БССР. Што было далей, распавядае Алесь Яўсеенка:

(Яўсеенка: ) “Толькі мы апрануліся, сабраліся выходзіць – званок у дзьверы. Глядзімо ў “вочка” – міліцыянты. Сталі стукаць рукамі, нагамі, званіць, а потым узялі і адключылі нам электрасьвятло. Мы сталі глядзець у вокны. З вуліцы стаялі “Жыгулі” і два міліцыянты, а ля пад`езду – белы мікрааўтобус. З двух бакоў узялі ў аблогу, каб у вакно нават не вылезьлі”, – кажа старшыня рэгіянальнага аддзяленьня БХК Алесь Яўсеенка.

Офісны пакой у доме №21 на вуліцы 50 год БССР міліцыя трымала ў аблозе блізу дзьвюх гадзінаў. На падмогу кіраўнікам грамадзкіх арганізацыяў прыехалі гараджане і людзі з прыгараднай вёскі Бярозкі. І толькі блізу 20-й гадзіны спадары Яўсеенка і Шамалаў змаглі выйсьці на вуліцу.

Дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў засьведчыў, што аблогавую каманду міліцыянтаў узначальваў старшы лейтэнант Чыгуначнага РАУСу Аляксандр Кошман.

(Глушакоў: ) “Без усялякіх падставаў Кошман падышоў да мяне, запатрабаваў мае дакумэнты, правёў дагляд маіх рэчаў. Маё дэпутацкае пасьведчаньне ня мела эфэкту. Ён заявіў, што пасьведчаньне падробленае, мяне трэба затрымаць, а дэпутацкае пасьведчаньне накіраваць на экспертызу”, – распавёў дэпутат Гомельскага гарсавету Юрась Глушакоў, сьведка аблогі офісу грамадзкіх арганізацыяў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international