viasna on patreon

БАЖ прапануе змяніць законапраект «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі»

2008 2008-03-04T14:28:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» накіравала беларускім парламентарам свае прапановы па ўдасканаленні рэдакцыі праекта закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі». Юрысты ГА «БАЖ» правялі экспертызу законапраекта, які ў снежні 2007 г. у першым чытанні ўхвалілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і падрыхтавалі шэраг заўваг і прапаноў.

У красавіку 2007 г., БАЖ атрымаў на свой запыт з беларускага парламенту тэкст законапраекта «Аб інфармацыі…». Тады ў прапанаваны тэрмін эксперты БАЖ таксама падрыхтавалі свае заўвагі да праекта закона. Улічаныя былі толькі некаторыя з іх.

Азнаёміўшыся са зместам прынятага парламентарыямі праекта закона «Аб інфармацыі…», спецыялісты Цэнтра прававой абароны СМІ БАЖ прыйшлі да высновы, што ўнясенне ў першапачатковую рэдакцыю пэўных змяненняў толькі «крыху палепшыла яго структуру і змест», але «прынцыповая сутнасць і накіраванасць» законапраекта засталіся тымі ж.

Паводле высноў юрыдычных экспертаў, шэраг артыкулаў праекта закона супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Асаблівыя нараканні выклікаў арт. 14 («Права на інфармацыю»). На думку юрыстаў БАЖ, зацвярджэнне зместу гэтага артыкулу можа прывесці да істотных абмежаванняў канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне інфармацыі. 

Акрамя таго, тэкст законапраекта «стракаціць» адсылачнымі нормамі — ў 47 артыкулах утрымліваецца 76 «адсылак» да іншых заканадаўчых актаў. На думку правазнаўцаў, на практыцы гэта можа прывесці да адвольнага тлумачэння закона і створыць перадумовы для злоўжыванняў з боку ўладальнікаў інфармацыі.

У сваім лісце БАЖ прапануе дэпутатам улічыць выказаныя юрыстамі арганізацыі заўвагі і прапановы, а таксама правесці абмеркаванне праекта закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» з удзелам распрацоўшчыкаў законапраекта, парламентарыяў, міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў АБСЕ, экспертаў БАЖ і іншых зацікаўленых арганізацый. 

Разгляд законапраекта «Аб інфармацыі…» у другім чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў запланавалі на веснавую сесію, якая распачнецца ў красавіку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства