Суд указаў райвыканкаму на парушэнні заканадаўства

2008 2008-03-05T13:04:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд Светлагорскага раёну пакінуў без змяненняў рашэнне мясцовай улады аб забароне пікетаў, але прыняў асобную пастанову аб парушэнні выканкамам Закону аб масавых мерапрыемствах.  

Шэсць жыхароў Светлагорска звярнуліся ў суд са скаргамі на неправамерныя дзеянні райвыканкама. Грамадзяне мелі намер правесці ў горадзе 31 студзеня пікеты з мэтаю "данесці да жыхароў раёну інфармацыю аб дзеяннях уладаў па забароне партый і грамадскіх арганізацый". Непасрэднай прычынай для гэтага была спроба Міністэрства юстыцыі ліквідаваць Партыю камуністаў Беларускую. У адказ намеснік старшыні выканкама па ідэалогіі Сяргей Мяркулаў напісаў, што ўлада будуе свае адносіны з партыямі і грамадскімі арганізацыямі на падставе заканадаўства, і таму "ў дадзеным выпадку публічнае выказванне пратэсту не мае пад сабой падстаў".

На судовым паседжанні адзін з грамадзянаў, Тэльман Маслюкоў, выказаў меркаванне, што такім чынам райвыканкам неправамерна прысвоіў сабе права вырашаць за людзей, ці маюцца ў іх падставы для выказвання пратэсту.

Пенсіянер Мікалай Лазарэнка распавёў на судзе, што пасля падачы заявы на пікет яго выклікалі ў раённы аддзел  унутраных спраў. Супрацоўнікі міліцыі пагражалі пенсіянеру непрыемнасцямі, патрабавалі падпісаць распіску, што ён не будзе ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах, а таксама аказвалі псіхалагічны ціск на яго сям’ю. М. Лазарэнка, былы начальнік будаўнічага ўпраўлення (пад яго кіраўніцтвам быў ўзведзены гарадскі цэнтр культуры), задаў у судзе пытанне С. Мяркулаву – на якой падставе копія яго заявы на правядзенне пікету была перададзена ў міліцыю? Намеснік старшыні райвыканкаму адказаў, што ніяк не можа гэта патлумачыць.

Толькі на судовым паседжанні С. Мяркулаў прадаставіў поўнае рашэнне выканкама аб забароне пікетаў. З тэксту вынікае, што была яшчэ адна прычына, па якой масавае мерапрыемства не дазволілі: заліўка лядовага катка на Набярэжнай плошчы, дзе меркавалася праводзіць пікет. У графіку, які С. Мяркулаў таксама прынёс на судовае паседжанне, напісана: менавіта ў нядзелю 31 студзеня і планавалася заліваць гэты каток (дарэчы, тое не здарылася з-за цёплага надвор’я). Аднак ні ў адказе грамадзянам у студзені, ні на двух гутарках у судзе, якія праводзіліся ў лютым пры падрыхтоўцы судовага паседжання, райвыканкам гэтыя звесткі не прадастаўляў.

Старшы памочнік пракурора Светлагорскага раёна Аляксандр Красільнікаў, які браў удзел у судовым паседжанні, прапанаваў суддзі Галіне Свідуновіч пакінуць рашэнне выканкама ў моцы – прымаючы пад увагу дакументы, якія С. Мяркулаў прадаставіў непасрэдна на судзе.

Разам з тым па прапанове пракурора суд прыняў пастанову аб парушэнні выканкамам Закону аб масавых мерапрыемствах. Суд адзначыў: меркаванне выканкама аб тым, ці маюцца ў грамадзян прычыны для выказвання пратэсту, не з’яўляецца законнай падставай для забароны масавага мерапрыемства. Парушэнні выяўлены таксама ў тым, як выканкам праінфармаваў грамадзян аб прынятым рашэнні. Старшыня выканкаму павінен на працягу месяца ўхіліць недахопы ў працы і паведаміць аб гэтым суду.

Сярод тых, хто прысутнічаў на судовым паседжанні ў знак салідарнасці з арганізатарамі пікетаў, быў ветэран працы Валерый Касіч, які болей 30 год працаваў на вытворчым аб’яднанні "Хімвалакно" і доўгі час быў намеснікам генеральнага дырэктара гэтага буйнейшага ў горадзе прадпрыемства.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international