Мікалай Калінін: “Улада проста ігнаруе праблемы ромаў...”

2005 2005-02-02T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінулы 2004 год характэрызаваўся актыўнымі дзеяньнямі прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі з мэтай паляпшэньня становішча народу ў культурнай, адукацыйнай галіне і па праблеме працаўладкаваньня. У жніўні быў накіраваны зварот у Міністэрства адукацыі з просьбай адкрыць цыганскую школу ў горадзе Менску; у верасьні – зварот у Міністэрства культуры з просьбай арганізаваць выставу па культуры і гісторыі цыганоў; у кастрычніку – у Міністэрства працы з просьбай распрацаваць праграму па ліквідацыі беспрацоўя сярод цыганоў. На першыя два звароты адказаў так і не прыйшло, на трэці прыйшоў пісьмовы адказ, што “выдзяленьне дадзенай праблемы дастатковых падставаў ня мае”.
Пра сёньняшнія праблемы нацыянальнай меньшасьці і шляхах іх вырашэньня карэспандэнт разважае з вядомым абаронцам правоў цыганоў юрыстам Мікалаем Калініным.
-- Мікалай, чым адрозьніваецца становішча ромаў у Беларусі ад становішча ў іншых краінах Усходняй Еўропы і краінах СНД?
-- Адрозьненьне носіць каласальны характар. У Беларусі афіцыйныя ўлады робяць выгляд, што такога народу, а нас каля 70 тысячаў, увогуле няма, што ў ромаў няма ніякіх праблемаў. У Беларусі ўлада просто ігнаруе гэтыя праблемы.
Практычна ва ўсіх краінах Усходняй Еўропы пры органах дзяржаўнай улады створаныя і працуюць структурныя падразьдзяленьні па вырашэньні праблемаў ромскага народу. На Украіне зараз працуе дзяржаўная праграма па ромах у Закарпацьці. Нават у Расіі з 2003 году працуе дзяржаўны камітэт па правах ромаў.
-- Можа, кіраўніцтва проста ня ведае пра існаваньне такіх праблемаў?
-- Каб не заўважыць гэтых праблемаў, трэба вельмі пастарацца. Дыскрымінацыя ў адносінах да ромскага народу існуе ва ўсёй Еўропе. Яна існуе нават у Германіі, Нарвегіі і Вялікабрытаніі. Ромы – народ гнаны. Фізічна немагчыма ўявіць, каб дыскрымінацыя ў адносінах да ромаў была ў Расіі, Украіне, Прыбалтыцы, а ў Беларусі – не.
Калі казаць пра сітуацыю з правамі ромаў у краіне, то тут нельга разглядаць ромскі народ асобна ад астатніх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Ромы адучаваюць на сабе ўвесь аб’ём парушэньняў правоў чалавека, якім падвяргаюцца ўсе грамадзяне рэспублікі, у дадатак – дыскрымінацыю на нацыяльнай прыкмеце. Проста нашыя суседзі адкрыта прызнаюць гэты факт і спрабуюць нешта зрабіць. Асабіста я неаднаразова накіроўваў лісты ў камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, але адказу не атрымаў ні на адзін са сваіх зваротаў.
-- Дык, можа быць, праблема менавіта ў працы асобных установаў?
-- Не, я так ня думаю. Я ўпэўнены, што органы ўлады, міністэрствы і ведамствы маюць поўны аб’ём інфармацыі пра становішча ромаў у Беларусі. Але пытаньне ў тым, чаму з іх боку няма ніякіх дзеяньняў, накіраваных на паляпшэньне становішча ромскага народу. На сёньняшні дзень можна гаварыць пра тое, што ў краіне няма распрацаванай праграмы па інтэграцыі нацыянальных меншасьцяў. Разам з тым, Рэспубліка Беларусь ратыфікавала ўсе міжнародныя канвенцыі па абароне правоў нацыянальных меншасьцяў.
-- Якія адносіны ромскага народу з прадстаўнікамі тытульнай нацыі? Ці існуюць тут нейкія пагрозы?
-- Самі па сабе беларусы вельмі мірныя і талерантныя людзі. Ромы не адно стагодзьдзе жылі побач з беларусамі, і адкрытых канфліктаў ніколі не было. Мы паважаем беларускую мову і культуру беларускага народу. Зараз становішча беларускай культуры і мовы падобнае на становішча цыганскай культуры. Беларусы маюць вялікія цяжкасьці пры навучаньні на роднай мове, ромы – увогуле ня маюць такой магчымасьці.
-- Як можна абмаляваць становішча ромскага народу?
-- Становішча ромаў у Рэспубліцы Беларусь не адрозьніваецца ад становішча ромаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы. У 50-ыя гады пры Сталіне цыганы былі прамусова расьселеныя па розных гарадах у асобых кварталах – сапраўдных “гета”. Натуральна, “абарыгены” адносіліся да іх як да канкурэнтаў за працоўныя месцы і кавалак хлеба. Для ромаў Беларусі характэрныя тыя ж сацыяльныя праблемы, што і для ромаў усёй Усходняй Еўропы. Гэта такія праблемы, як беднасьць, непісьменнасьць, беспрацоўе. Па некаторых дадзеных, у Беларусі каля 95-98% ромаў – беспрацоўныя, больш за 90% ня маюць поўнай сярэдняй адукацыі. У рэгіёнах надзвычай востра стаіць праблема беднасьці.
-- Ці існуюць міжнародныя ромскія саюзы і якая іх роля ў жыцьці цыганоў?
-- Існуе Міжнародны ромскі саюз, якія аб’ядноўвае практычна ўсіх ромаў. Апошнія некалькі гадоў гэты саюз абсалютна бязьдзейнічаў. Эфектыўней за ўсіх па праблемах ромаў працуюць такія арганізацыі, як Рада Еўропы, Еўрапейская Камісія і АБСЕ. Апошнім часам у Еўрапарламент была абраная прадстаўніца ромаў Лівія Ярока, якая пачала актыўна абараняць інтарэсы ромаў. Вялікую карысьць ромам прынесьлі такія палітычныя партыі, як брытанскія і швецкія ліберал-дэмакраты, сацыял-дэмакраты Усходняй Еўропы і, вядома ж, фракцыя “зялёных”.
-- Ці існуюць у Беларусі ромскія арганізацыі?
-- На дадзены момант такія арганізацыі ёсьць, але якой-небудзь грамадзка-палітычнай ініцыятывы яны не праяўляюць. Зьвязана гэта, па-першае, з тым, што яны цалкам падкантрольныя дзеючай уладзе, па-другое, сярод іх сяброў вельмі мала высокаадукаваных людзей. Для лідэраў гэтых арганізацыяў значная праблема – проста сфармуляваць сваю грамадзянскую пазіцыю па тым ці іншым пытаньні. Уся дзейнасьць лідэраў арганізацыяў зводзіцца да абвяшчэньня сябе цыганскім баронам, нягледзячы на тое, што на самой справе ніхто з іх не валодае такім тытутам. Безумоўна, гэта адмоўна адбіваецца ў прынцыпе на адносінах да ромаў. Ромскія арганізацыі сваім бязьдзеяньнем толькі ўскладняюць становішча сваіх жа супляменьнікаў. Іх праца па фондзе Халакосту таксама пакідае жадаць лепшага.
-- Ці робіцца нешта дзеля паляпшэньня становішча ромаў?
-- З боку беларускіх уладаў ня робіцца абсалютна нічога. З боку ромскіх арганізацыяў ніякіх канструктыўных ініцыятываў таксама не было. Праводзіцца пэўная праца з боку праваабарончых арганізацыяў. У прынцыпе, мае месца інфармацыйны вакуўм, які актыўна падтрымліваецца ўладамі.
-- Растлумачце.
-- Любыя ініцыятывы па вывучэньні ці вырашэньні ромскіх праблемаў натыкаюцца на жосткае супрацьдзеяньне з боку ўладаў. Няма ніводнай афіцыйнай статыстыкі па становішчы ромаў у Беларусі. Адсутнасьць статыстычных дадзеных па пытаньні непісьменнасьці сярод ромаў ці па пытаньні беспрацоўя найлепш характэрызуе адносіны ўладаў да ромаў у прынцыпе.
-- Чым магчыма дапамагчы?
-- Зараз мы аказваем ромам бесплатную кваліфікаваную юрыдычную дапамогу. Мы хочам, каб прадстаўнікі ўлады выконвалі закон і Канстытуцыю, якая прадугледжвае роўнасьць усіх грамадзянаў незалежны ад расы, полу і нацыянальнасьці. Мы спрабуем праз сродкі масавай інфармацыі адкрыць вочы беларускай і сусьветнай грамадзкасьці на сапраўднае становішча ромскага народу ў Беларусі. Неабходна беларусам распавесьці пра ромаў праўду.
Вельмі шмат скаргаў паступае на парушэньне працоўнага заканадаўства ў адносінах да ромаў, сустракаюцца неабгрунтаваныя адмовы ў прыёме на працу, звальненені ромаў. Гэтым летам мы былі ў адным з прыгарадаў Гомелю, дзе кампактна пражываюць ромы. У дзяцей няма пасьведчаньняў аб нараджэньні. Няма прапіскі. Шматдзетныя сем’і па гэтай прычыне не атрымліваюць ніякай матэрыяльнай дапамогі. Паколькі яны нідзе не прапісныя, яны не могуць карыстацца медыцынскай дапамогай.
-- Ці ёсьць выхад з гэтай сітуацыі?
-- Ромам неабходная ўвага з боку дзяржаўнай улады. Іх праблемы не павінны заставацца латэнтнымі. Ігнараваньне праблемаў не прывядзе да іх вырашэньня, і таму неабходна весьці дыялог з ромамі. Палітычныя партыі таксама не павінны забывацца, што адзін з асноўных прынцыпаў пабудовы дэмакратычнага грамадзтва – прынцып талерантнасьці ў адносінах да нацыянальных меншасьцяў. З боку праваабарончага руху таксама б хацелася больш актыўнай працы з ромамі, хоць я ведаю, што праваабаронцы ў краіне пастаўленыя ў вельмі цяжкае становішча. Але ўсё ж, нягледзячы на ціск з боку ўладаў, мы павінны і далей разам адстойваць прынцыпы правоў чалавека.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international