viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, люты 2008 году

2008 2008-03-03T17:40:14+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лютым ў Беларусі асноўная ўвага была зьвернутая да разьвіцьця сітуацыі вакол палітвязьняў і ўзбуджаных па палітычных матывах крымінальных справаў. Асноўныя падзеі гэтага месяцу – касацыйны перагляд прысуду ў паўтары гады зьняволеньня, вынесены магілёўскім судом моладзеваму лідэру Артуру Фінькевічу і ягонае вызваленьне, касацыйны перагляд асуджанага да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму журналіста Аляксандра Зьдзьвіжкова і ягонае вызваленьне, датэрміновае вызваленьне гарадзенскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтоховіча і Юрыя Леонава ў сувязі з заменай пакараньня, а таксама датэрміновае вызваленьне апазіцыйнага палітыка Андрэя Клімава, асуджанага за публікацыю артыкулу ў інтэрнэце. Аднак, насуперак патрабаваньням Еўрасаюзу і ЗША, застаўся за кратамі асноўны апанент А.Лукашэнкі – былы кандыдат ў Прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін. Вызваленьне яму прапаноўвалі ўзамен на эміграцыю ў Германію і сыход з палітыкі. Увогуле, сітуацыя вакол сям’і Казуліных у сувязі з заўчаснай сьмерцю ягонай жонкі Ірыны Казулінай і тым фактам, што два дні ўлады адмаўлялі палітвязьню ў магчымасьці прысутнічаць на яе пахаваньні, стала дэманстрацыяй беспрэцэдэнтнай жорсткасьці і бесчалавечнага абыходжаньня. Менавіта парушэньнем Канвенцыі супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня, ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь, можна расцаніць такія паводзіны кіраўніцтва краіны, бо, зразумела, што ні начальнік калоніі, ні нават Дэпартамент выкананьня пакараньняў не вырашаў пытаньня аб прадстаўленьня кароткатэрміновага адпачынку Аляксандру Казуліну. Спачуваньні сям’і ў сувязі са сьмерцю Ірыны Казулінай выказалі прастаўнікі міжнароднай супольнасьці, сярод якіх, Прэзідэнт ЗША Джордж Буш, дакладчык па Беларусі Парламенцкай асамблеі Савету Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні. Намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэвід Крэмер не змог прысутнічаць на пахаванні Ірыны Казулінай, бо атрымаў візу толькі з 3 сакавіка. У дыпмісіі падкрэслілі, што цяпер візіт Дэвіда Крэмера ў Беларусь стане магчымым толькі пры ўмове безумоўнага вызваленьня Аляксандра Казуліна. Да таго ж камісар Еўрасаюзу па знешнім сувязям і палітыцы добрасуседзтва Беніта Фэрэра-Вальднэр таксама заклікала беларускія ўлады канчаткова вызваліць Аляксандра Казуліна.

Нягледзячы на адноснае паслабленьне, цалкам крымінальны перасьлед у Беларусі не спыняецца: вызваленьне палітычных вязьняў ўлады кампенсуюць новымі рэпрэсіямі. Працягвае заставацца за кратамі Андрэй Кім, якога абвінавачваюць у крымінальным злачынстве – зьбіцьці міліцыянта падчас правядзеньня акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня, матэрыялы справы ў лютым падрыхтаваныя для перадачы ў суд. Акрамя таго, супраць Андрэя Кіма ўзбуджаная другая крымінальная справа па ч.1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак” у сувязі з правядзеньнем акцыі прадпрымальнікаў 10 лютага. Таксама па гэтай справе падазраванымі праходзяць яшчэ 12 чалавек. У лютым трое ўдзельнікаў дэмакратычнай акцыі “Еўрапейскі шлях” атрымалі пастановы, згодна з якім яны падазраюцца ў злосным хуліганстве з пашкоджаньнем міліцэйскіх аўтамабіляў. Да таго ж да заяўнікаў “Еўрапейскага маршу” дзяржпрадпрыемства “Гаррэмаўтадор” Мінгарвыканкама прад’явіла грамадзянскі іск на спагнаньне буйной сумы за прыборку вуліц.
У лютым зноў працягваліся акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, удзельнікаў якіх каралі суткамі і штрафамі.

21 лютага Еўрапарламент аднагалосна прыняў рэзалюцыю па Беларусі, дзе заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітычных зьняволеных, даць свабоду слова і правесьці свабодныя выбары. Еўрадэпутаты віталі датэрміновае вызваленьне актывістаў дэмакратычнай апазіцыі і прынцыповае рашэньне аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Еўракамісіі. Пры гэтым у рэзалюцыі выказваецца "глыбокае шкадаваньне", што становішча ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі застаецца на ранейшым узроўні. Дакумент нагадвае, што ўмовы для пашырэньня стасункаў з Брусэлем і ўключэньня Беларусі ў Еўрапейскую палітыку добрасуседзтва – гэта 12 рэкамендацыяў, зробленыя Беларусі ў лістападзе 2006 года.

«Для беларускіх уладаў ня будзе ніякіх саступак, пакуль ня спыніцца таптаньне правоў чалавека ў краіне. Недастаткова таго, каб Лукашэнка, гандлюючыся з намі, адпусьціў некалькіх палітвязьняў», – заявіла ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» дэпутатка Еўрапарламента Элізабэт Шродтар наконт рэзалюцыі па Беларусі, якая была прынятая 21 лютага.

  • Палітычна матываваныя крымінальныя справы

Адміністрацыя папраўчай калоніі №3 пісьмова праінфармавала сваякоў палітвязьня Аляксандра Казуліна аб тым, што яму адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. З афіцыйнага дакументу вынікае, што асуджаны ня цьвёрда стаў на шлях выпраўленьня і зарэкамендаваў сябя з адмоўнага боку: мае 10 парушэньняў рэжыму ўтрыманьня. Акрамя таго, як заявіў міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў, кароткатэрміновы адпачынак у сувязі са смерьцю жонкі Аляксандру Казуліну быў дадзены насуперак існуючаму заканадаўству: з юрыдычнага пункту гледжаньня палітвязень ня меў права на гэты адпачынак, бо Казуліны афіцыйна былі ў разводзе.

Скончылася следзтва па крымінальнай справе супраць актывіста незарэгістраванай арганізацыі ”Ініцыятыва” Андрэя Кіма, якога абвінавачваюць па арт. 364 УК РБ – “Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі”. Пасьля таго, як абвінавачаны азнаёміцца з матэрыяламі справы, яе перададуць у суд.Андрэй Кім быў затрыманы за ўдзел у менскай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня і пакараны 10-суткавым адміністратыўным арыштам. 31 студзеня замест выхаду на волю, ён быў прызнаны падазраваным ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства і зьмешчаны ў СІЗА. Утрыманьне пад вартай было абскарджана ў судзе, аднак 14 лютага суд Цэнтральнага раёну Менску пакінуў бяз зьменаў абраную меру стрыманьня, паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме. 19 лютага такое ж рашэньне вынес Менскі гарадзкі суд. 26 лютага Андрэю Кіму споўнілася 22 гады. Маці Андрэя адмовілі ў спатканьні з сынам, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва, але ў дзень народзінаў дазволілі перадачу.
Прадпрымальнікі зьвярнуліся да праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" з заклікам прызнаць Андрэя Кіма вязьнем сумленьня.

У лютым сьледчы аддзел ГУУС Мінгарвыканкаму стварыў сьледчую групу па расьследваньню крымінальнай справы па факту правядзеньня 10 студзеня ў Менску несанкцыянаванага масавага мерапрыемства . Крымінальная справа ўзбуджана адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: па ч.1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак” і ч.2 арт. 339 "Хуліганцтва, зьдзейсьненае групай асобаў альбо зьвязанае з супрацівам". Падазраванымі па дадзенай крымінальнай справе праходзяць каля 13 актывістаў: Пашкевіч Міхась, Цішкевіч Тацяна, Субач Міхась, Чарнышоў Алесь, Стральцоў Алесь, Вінаградаў Павал, Бондар Аляксей, Баразенка Аляксандр, Дашук Максім, Сяргееў Уладзімір, Крываў Міхась і арыштаваны Кім Андрэй. Фактычна ўсе гэтыя актывісты былі прыцягнутыя да адміністратыўнага арышту тэрмінам да 15 сутак за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, а дзяўчыне Тацяне Цішкевіч далі 20 сутак. Праводзяцца допыты.

Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 КК РБ "Хуліганцтва" супраць трох удзельнікаў Еўрапейскага маршу. Сяргіец Максім, Субач Ліля і Бяляй Матвей падазраюцца ў тым, што падчас правядзеньня шэсьця яны нібыта пашкодзілі два аўтамабілі, якія належаць ГУУС Мінгарвыканкама, чым прычынілі шкоду на 8 мільёнаў 691 тысячу 879 рублёў. Праводзяцца допыты.

  • Катаваньні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня

Тры тыдні ў Жодзінскім СІЗА ў чаканьні адпраўкі на псіхіятрычнае лячэньне пазапраўна знаходзіўся вызвалены судом ад крымінальнай адказнасьці Аляксандр Круты. 24 студзеня суд Нясвіжскага раёну прызнаў яго віноўным у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па арт. 368 КК РБ – “Публічная абраза прэзідэнта краіны”, аднак у сувязі з тым, што дзеяньні асуджанага не нясуць вялікай пагрозы для грамадзтва, Аляксандр Круты быў вызвалены ад пакараньня, а крымінальная справа спыненая. Паколькі падчас сьледства ў дачыненьні да абвінавачанага праводзілася судова-медыцынская экспертыза, якая ўстанавіла, што Аляксандр Круты хворы на паранаідальную шызафрэнію, суд пастанавіў ужыць прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня ў псіхіятрычнай бальніцы са звычайным назіраньнем. Між тым, вызвалены ад крымінальнай адказнасьці Аляксандар Круты знаходзіўся ў следчым ізалятары Жодзіна, у сувязі з тым, што згодна з пастановай суда мера стрыманьня павінна быць адменена толькі па змяшчэньні Крутога ў псіхіятрычную бальніцу. Атрымалася, што вызвалены ад пакараньня па ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА. У той жа час створаныя для асуджанага ўмовы зьяўляюцца катаваньнямі над асобай, бо увесь гэты час Аляксандр Круты ўтрымліваецца ў камеры-адзіночцы для асобаў, асуджаных пажыцьцёва. Вязьню забараняюць чытаць газеты, карыстацца літаратурай, нават падручнік ангельскай мовы, які прывезьлі сваякі, не дазволілі перадаць у камеру. Скарочаная на паўгадзіны працягласьць штодзённых прагулак. Усе тры тыдні падчас штодзённых аглядаў да яго не заходзіць ні начальнік СІЗА, ні іншыя адказныя асобы.

19 лютага судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда адмяніла пастанову суда Нясвіжскага раёна па абвінавачваньню Аляксандра Крутога ў публічнай абразе прэзідэнта Беларусі і адмяніла вытворчасьць па справе, а ён сам быў вызвалены.

  • Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

11 лютага ўвечары за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў пра Еўразьвяз былі затрыманыя трое моладзевых актывістаў Сяргей Розум, Дзяніс Ганчароў і Паліна Кур'яновіч. У РУУС Цэнтральнага раёну Менску ў іх узялді тлумачэньні і пасьля некалькі гадзінаў адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

18 лютага Гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці адхіліў скаргу ЗАТ «Выдавецкі дом «Витебский курьер» (рэдакцыя недзяржаўнай газеты «Витебский курьер М») на дзеяньні аблвыканкаму, які беспадстаўна адмаўляецца перарэгістраваць прадпрыемства. У сувязі з гэтым падрыхтавана апеляцыйнаю скарга ў гэты ж суд. Недзяржаўная газета «Витебский курьер М» перапыніла выхад летась увесну. Пасля гэтага Выдавецкі дом падаў у аблвыканкам дакументы на ўнясеньне зьменаў і дапаўненьняў у Статут (перарэгістрацыю). Абласны выканаўчы камітэт спачатку прыняў станоўчае рашэньне, але праз месяц сам жа яго адмяніў. Пры гэтым абласныя чыноўнікі спасылаліся на тое, што рэдакцыя нібыта не ўзгадніла свайго разьмяшчэньня з мясцовымі ўладамі, а памяшканьне выдавецкага дома не адпавядае патрабаваньням прэзідэнцкай Дырэктывы № 1 «Аб захадах па ўзмацненьню грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны». Калі рашэнне аблвыканкаму застанецца нязменным, недзяржаўная газета «Витебский курьер М» страціць магчымасць аднавіць дзейнасць.

Горацкі райвыканкам зарэгістраваў грамадзка-палітычнага дзеяча Эдуарда Брокарава індывідуальным прадпрымальнікам з правам займацца рэкламнай дзейнасьцю і гандлем, аднак не зацьвердзіў яшчэ аднаго віду дзейнасьці — выданьня газэт. Паводле пастановы, падпісанай старшынём райвыканкаму Міхаілам Анікеевым, у раёне афіцыйна выходзяць тры газэты, якія цалкам забясьпечваюць насельніцтва інфармацыяй. “Яны ведаюць мяне як актывіста партыі БНФ, яны ведаюць мяне як актывіста руху “За свабоду”. І як наагул чалавека з дэмакратычнымі поглядамі, а з дэмакратамі яны цяпер змагаюцца ўсімі спосабамі. Яны разумеюць, што пісаць пра ўраджаі і надоі я ня буду. Я буду пісаць пра тое, што бачу. Гэта адзін з маіх прынцыпаў. Ім не патрэбная праўда”, — гэтак пракамэнтаваў пазіцыю райвыканкаму Эдуард Брокараў.

Эдуард Брокараў выдае ў Горках газэты “Ўзгорак” ды “Горацкі выбар”, а таксама рэдагуе газэту абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны “Выбар”.

  • Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

13 лютага пасьля адбыцьця 5-суткавага арышту за збор подпісаў пад зваротам да мясцовай улады з заклікам паспрыяць адмене прэзідэнцкага ўказу № 760 Аляксандр Цацура быў выкліканы ў cалігорскую дзяржаўтаінспекцыю. Міліцыянты прад’явілі яму афіцыйную пастанову аб пазбаўленьні вадзіцельскіх правоў на два гады і выплаце штрафу ў памеры 350 тысяч рублёў.

27 лютага суд Мінскага раёну і г. Заслаўля разгледзеў адміністратыўныя справы, складзеныя 10 студзеня на трох членаў сям'і прадпрымальніка з Салігорску Аляксандра Цацуры, а таксама Віктара Крываля. У той дзень яны накіроўваліся на ўласнай машыне Аляксандра Цацуры, які зьяўляўся адным з заяўнікаў запланаванага мітынгу прадпрымальнікаў, на акцыю ў сталіцу. Па дарозе ў Менск супрацоўнікі ДАІ затрымалі актывістаў і забралі ў кіроўцы вадзіцельскія дакументы нібыта на падставе парушэньня правілаў дарожнага руху. Тады Аляксандар Цацура з сям'ёй і Віктар Крываль рушылі ў Менск пешкі, але іх пад прымусам даставілі ў РАУС Менскага раёну, дзе затрымалі на сем гадзінаў. У пастарунку міліцыянты абвінавацілі ўсіх чатырох у непадпарадкаваньні законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі і склалі пратаколы па арт. 23.4 КаАП. Судзьдзя Сяргей Афонскі прызнаў усіх віноўнымі ў правапарушэньні і вынес спагнаньне ў выглядзе штрафаў: Аляксандру Цацуру 50 базавых адзінак, Цацура Тамары - 30 б.а., Цацуру Ільлі - 30 б.а. Віктару Крывалю, які адбываў 15-суткавы арышт, таксама завочна прысуджаны штраф у памеры 50 б.в.

13 лютага ў офісе Гомельскай арганізацыі АГП адбыўся ператрус на падставе таго, што напярэдадні ў цэнтры гораду былі затрыманыя актывісты дэмакратычнага руху Уладзімір Шумілін і Андрэй Аляшкевіч. Хлопцы распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы пра запланаваную сустрэчу жыхароў гораду з лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам, на якую мясцовыя ўлады не далі дазволу. У пастарунку ў актывістаў канфіскавалі каля тысячы ўлётак і склалі адміністратыўныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП – “Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня массавага мерапрыемства”, а астатнія інфармацыйныя бюлетэні вырашылі пашукаць у офісе АГП.

12 лютага Уладзімір Шумілін і Андрэй Аляшкевіч былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці ў выглядзе выплату штрафу ў памеры 30 базавых велічынь кожны.

13 лютага кіраўніка офісу АГП Уладзіміра Кацору выклікалі на размову ў гарадзкое Упраўленьне унутраных справаў. Як арганізатар сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам ён узяў на сябе адказнасць за выраб улётак і іх распаўсюд, быў складзены пратакол па арт.23.34 КаАП. Суд Савецкага раёну Гомеля пакараў Уладзімера Кацору арыштам тэрмінам на 7 сутак.

  • Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычным матывам

15 лютага лідэр моладзевага крыла Партыі БНФ кіраўнік культурніцкай камісіі Франак Вячорка быў азнаёмлены з загадам рэктара Белдзяржуніверсітэту аб адлічэньні з 3-га курса журфака “за акадэмічную непасьпяховасьць”, нягледзячы на тое, што да гэтага атрымліваў падвышаную стыпендыю за выдатныя адзнакі. 16 студзеня падчас сесіі Франак Вячорка быў асуджаны нібыта за брыдкаслоўе на 15 сутак адміністратыўнага арышту. Абскарджваючы прысуд, ён зьвярнуўся да кіраўніцтва факультэта з прозьбай выступіць у якасьці сьведак і даць характарыстыку ягонай асобе, але атрымаў адмову. Моладзевы лідэр спачатку праз суд хацеў дабівацца аднаўленьня на вучобе, але пасьля кансультацыi з адвакатам вырашыў прайсьцi ўсе магчымыя iнстанцыi для свайго дасудовага аднаўленьня. Франак Вячорка накіраваў ліст мiнiстру адукацыi Аляксандру Радзькову, у якім зазначыў, што ў час здачы экзаменаў экзаменацыйным камiсiям быў сур'ёзна парушаны пункт 1.1 Палажэньня аб курсавых экзаменах i залiках у вышэйшых навучальных установах, таму адзнакі былi загадзя неаб'ектыўнымі.

25 лютага з Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі адлічаны сябра Партыі БНФ Ігар Пажарыцкі. Ігар ужо некалькі год займаецца выданьнем незалежных студэнцкіх бюлетэней - "Рэха", "Студэнцкі гарадок". Падчас зімовай сэсіі Ігару пасьля чатырох пераздачаў не паставілі станоўчую адзнаку па адным з прадметаў. Хлопцу паведамілі, што будзе прызначаная камісія. Калі Ігар прыйшоў на факультэт даведацца, калі адбудзецца паседжаньне камісіі, яму паведамілі, што ён адлічаны. Паводле кіраўніка Горацкай суполкі Партыі БНФ Эдуарда Брокарава, загаду аб адлічэньні Ігару Пажарыцкаму ня выдалі і ён працягвае наведваць заняткі.

  • Сьмяротнае пакараньне

5 лютага са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што ў выкананьне прыведзены смяротны прысуд у дачыненьні да трох лідэраў гомельскай злачыннай групоўкі — Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанкі. Як паведаміў БелаПАН адзін з гомельскіх адвакатаў, якія бралі ўдзел у судовым працэсе па справе «марозаўскай банды», дакументы аб прызнаньні С.Марозава памерлым прыйшлі на мінулым тыдні ў ЗАГС Чыгуначнага раёну Гомеля. Генеральны сакратар Савета Еўропы Тэры Дэвіс выступіў з асуджэннем новых фактаў прымянення ў Беларусі пакарання смерцю ў якасці вышэйшай меры: “Беларусь, канешне, не зьяўляецца членам Савета Еўропы, які адмяніў пакаранне смерцю на падставе Пратакола № 6 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, але яна ўваходзіць у склад Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Аднак пакаранне смерцю Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанкі — гэта яўнае грэбаванне нядаўняй рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якая заклікае да глабальнага мараторыю на пакаранне смерцю, — зазначыў генеральны сакратар.

  • Парушэньні права на свабоду сумленьня

5 лютага пастар пратэстанцкай царквы «Новае Жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка і юрыст Сяргей Луканін былі выкліканыя ў пракуратуру Маскоўскага раёну сталіцы ў сувязі з адмовай кіраўніцтва ўпусьціць прадстаўнікоў Энэрганадзора ў будынак царквы. Намесьнік пракурора Д.Зыранаў папрасіў тлумачэньняў і папярэдзіў, што за чарговае парушэньне заканадаўства царкве пагражае штраф па арт 23.1 КаАП РБ, таксама могуць быць выкарыстаныя і “іншыя меры рэагаваньня”. 

11 лютага пастары больш як сарака беларускіх цэркваў, што ўваходзяць у Аб'яднаньне абшчын хрысьціянаў поўнага Евангельля, зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі. У лісьце яны выказалі занепакоенасьць у сувязі з узмацненьнем ціску на пратэстанцкія цэрквы. Асаблівая ўвага ў лісце была нададзена супрацьстаяньню сталічных уладаў і менскай царквы "Новае Жыцьцё". “У гэтым лісьце гаворыцца, што, калі ўлады і надалей будуць аказваць ціск на біскупа нашага аб’яднаньня Вячаслава Ганчарэнку, то ўсе цэрквы нашага аб’яднаньня пакідаюць за сабой права прымаць удзел у акцыях грамадзянскага непадпарадкаваньня па ўсёй Беларусі” – заявіў юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін. Ён адзначыў, што цяпер евангельскія хрысьціяне гатовыя перайсьці ад малітваў да нейкіх адкрытых дзеяньняў, нават да палітычных выступаў.

У канцы лютага ў Канстытуцыйны суд Беларусі, парламент, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта былі перададзеныя 50 тысячаў подпісаў незадаволеных Законам «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў». Гэта вынік шматмесячнай працы, якую ў межах кампаніі “За свабоду веры!” праводзілі вернікі розных пратэстанцкіх цэркваў - Рэлігійнага аб’яднаньня абшчын хрысціян поўнага Евангельля, рэлігійнай абшчыны “Царква Божая”, сталічнай царквы “Запавет Хрыста” і аргкамітэту па стварэньню партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Подпісы зьбіраліся ў больш чым 40 гарадах па ўсёй Беларусі.
Аргкамітэт кампаніі “За Свабоду веры!” прапануе ўраду стварыць рабочую групу, якая б выпрацавала зьмены ў рэлігійным заканадаўстве і аднавіла правы вернікаў усіх канфесій.

  • Парушэньні права на свободу мірных сходаў

Салігорскі райвыканкам не дазволіў правядзеньне мітынгу ў абарону сацыяльных гарантыяў 2 сакавіка на цэнтральнай плошчы гораду. Рашэньне выканкаму ня стала нечаканасьцю для арганізатараў акцыі. Заяўнік мітынгу Павал Батуеў так пракамэнтаваў гэтае рашэньне: “Шчыра кажучы, нічога іншага ад нашых вэртыкальшчыкаў і не чакаў. Забарону мітынгу лічу цалкам супрацьпраўнай, якая супярэчыць Канстытуцыі РБ і Міжнародным дамоўленасьцям. Цяпер жа вымушаны заявіць, што ў сувязі з адмоваю ў дазволе на правядзеньне мітынгу я поўнасьцю здымаю з сябе адказнасьць за магчымую акцыю 2 сакавіка на цэнтральным пляцы. На мой погляд, кіраўніцтва гораду заганяе само сябе ў кут. З гэтага моманту яны самі мусяць адказваць за падзеі, што, напэўна, будуць разгортвацца на плошчы ў нядзелю”.

Тым часам Кааліцыя салігорскіх дэмсілаў працягвае інфармацыйную кампанію да мітынгу ў абарону сацыяльных гарантыяў. Афіцыйнай забарона ня ўнесла значных карэктыровак у іх пляны. На выходных кааліцыя абмеркавала магчымыя варыянты разгортваньня падзеяў. Спэктар агучаных прапаноў быў самы шырокі, ад адмовы ў правядзеньні мітынгу ў выпадку яго забароны да патрабаваньня часу ў этэры на мясцовым тэлеканале СТК у выпадку выхаду на плошчу вялікай колькасьці пратэстоўцаў.

25 лютага пачаўся судовы працэс над заяўнікамі дэмакратычнай акцыі Еўрапейскі марш, якая прайшла 14 кастрычніка 2007 году. Анатоля Лябедзьку, Віктара Івашкевіча, Яўгена Афнагеля і Зьмітра Хведарука вінавацяць у тым, што быў зьменены вызначаны маршрут і падчас руху калоны дэманстранты засьмецілі сталічныя вуліцы ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Бангалор. Прадпрыемства «Гаррэмаўтадор» Менгарвыканкаму патрабуе спагнаць з адказчыкаў 2.135.974 беларускіх рублёў (1 тыс. даляраў). Судзьдзя Сяргей Баразна прыняў рашэньне зрабіць перапынак у судовым паседжаньні з прычыны хваробы аднаго з арганізатараў акцыі Віктара Івашкевіча.

Баранавіцкім індывідуальным прадпрымальнікам гарадскія ўлады адмовілі ў правядзенні агульнага сходу з прадстаўнікамі ўлады. Ён быў запланаваны на 28 лютага.
Чыноўнікі палічылі правядзенне такога сходу “немэтазгодным”. Аднак прадпрымальнікі падалі ў гарвыканкам новую заяўку і па-ранейшаму настойваюць на прадастаўленні ім зала для сустрэчы. Калі яго зноў не дадуць, яны маюць намер 1 сакавіка сабрацца на тэрыторыі баранавіцкага кааператыўнага рынку.

25 сакавіка ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбылося судовае паседжаньне над затрыманымі падчас жалобнай акцыі ў сувязі са сьмерцю Ірыны Казулінай дэмакратычнымі актывістамі. Рэгіянальны распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда і Алена Залеская абвінавачваюцца ў адміністратыўным правапарушэньні па арт. 23.34 КаАП - "Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства". На пачатку працэсу судзьдзя Ала Бардзюкова задаволіла хадайніцтва Барыса Хамайды аб прадстаўленьні перакладчыка на беларускую мову і перанесла паседжаньне на 4 сакавіка, адпусьціўшы затрыманых.

  • Дзейнасьць спецслужбаў

21 лютага грамадзкі актывіст з Гродна Эдвард Дмухоўскі наведаў паводле позвы абласную ўправу КДБ, дзе атрымаў папярэджанне аб недапушчальнасьці дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.На думку Эдварда Дмухоўскага, супрацоўнік КДБ Алег Жывушка меў на мэце аказаць на яго псіхалагічны ціск. Пасля размовы ён пад роспіс азнаёміў актывіста з наступствамі, якія яго чакаюць у сувязі з магчымымі супрацьпраўнымі дзеяньнямі і паведаміў, што ў выпадку парушэньня арт. 342 КК дакументы будуць перададзеныя ў пракуратуру для далейшага разбіральніцтва.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства