viasna on patreon

Завяршыўся суд над моладзевымі актывістамі

2008 2008-02-29T19:33:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У судзе Савецкага раёну Менску апраўдалі моладзевую актывістку партыі БНФ Юлію Сіўцову, але аштрафавалі Яўгена Пятліцкага.

Увечары 27 лютага іх затрымалі на вуліцы Някрасава, калі яны зьбіралі подпісы жыхароў раёну за адкліканьне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Крука. Юлію і Яўгена абвінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак з заклікам выйсьці 25 сакавіка на вулічную акцыю. Ноч маладых людзей трымалі ў міліцыі, а пасьля суду, працяг якога прызначылі на 29 лютага, адвезьлі ў турму.

У суд Савецкага раёну Менску прыйшлі бацькі і сябры затрыманых Юліі Сіўцовай і Яўгена Пятліцкага. Судзьдзя Аксана Ралява заслухала паказаньні сьведак, якіх у суд запрасілі міліцыянты. Адны зь іх казалі, што маладыя людзі не распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам прыйсьці на плошчу Якуба Коласа ў Дзень Волі, а іншыя – што факт меў месца.

Нагадаем: разгляд пратаколаў на студэнтаў Юлію Сіўцову і Яўгена Пятліцкага пачаўся 28 лютага. Судзьдзя заслухала паказаньні сьведак-міліцыянтаў і вырашыла дапытаць жыхароў дому, дзе маладыя людзі зьбіралі подпісы.

Нягледзячы на тое, што судзьдзя ўручыла позвы затрыманым і паведаміла ім, што яны вольныя, міліцыянты схапілі Юлію, а потым Яўгена і адвезьлі іх у турму на вуліцы Акрэсьціна. Юлія і Яўген падалі ў пракуратуру скаргі на незаконнае затрыманьне.

Юлія Сіўцова паведаміла, што ёй не давалі ежы і нават не прапанавалі раніцай шклянкі гарбаты:

“Адвезьлі нас у пастарунак спачатку, а потым на Акрэсьціна. Перад тым, як ехаць на Акрэсьціна, мы напісалі гэтую скаргу. Я прыпісала, каб мне паведамілі аб тым, як ідзе праца па маёй скарзе. Мне нічога не адказалі і ўвогуле жартавалі: “Пішыце-пішыце, мы гэта ўсё адно павыкідаем”. Я была ў першай камэры, самай халоднай. Батарэі ня грэюць. Там былі жанчыны-алькагалічкі, а адну жанчыну затрымалі, калі яна несла скаргу ў адміністрацыю Лукашэнкі”.

Яўген Пятліцкі трапіў у турму на вуліцы Акрэсьціна ўпершыню. Ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода:

“Я ў асноўным быў там адзін. Спачатку двух хлопцаў закінулі, а потым іх раскідалі па розных камэрах. Потым яшчэ чатырох, але іх таксама параскідалі. Але яны там не палітычныя – хто за п’янку, хто за яшчэ нешта... Стандартны кантынгент Акрэсьціна ў той час, калі няма апазыцыйных акцыяў. Мне зранку прапаноўвалі ежу, але я адмовіўся, бо ў мяне з сабой перадачкі былі. Уражаньне, вядома, непрыемнае. Не хацеў бы туды зноў трапіць, калі яшчэ ўлічыць, што мяне туды незаконна кінулі”.

Судзьдзя Аксана Ралява пакарала Яўгена Пятліцкага штрафам на 350 тысяч рублёў. Яго палічылі вінаватым у распаўсюджваньні ўлётак з заклікам удзельнічаць у несанкцыянаванай апазыцыйнай акцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства