Часопіс «АRCHE» адмаўляюцца прадаваць у Магілёве

2005 2005-02-01T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 студзеня гандлёвае прадпрыемства "Магілёўкніга" вярнула грамадскаму распаўсюдніку літаратуры Алесю Асіпцову, які выступаў пасярэднікам паміж гэтым аб`яднаннем і рэдакцыяй часопіса "АRCHE", нераспраданыя асобнікі выдання. Адначасова кіраўніцтва "Магілёўкнігі" абвесціла, што з гэтага моманту ў аднабаковым парадку скасоўвае дамову, якая была заключана паміж прадпрыемствам і рэдакцыяй на продаж часопісу ў магілёўскіх кніжных крамах, паведамляе БАЖ.

Кіраўніцтва прадпрыемства кнігагандлю патлумачыла такое рашэнне нізкім попытам на часопіс і ў якасці пацверджання вярнула распаўсюдніку некалькі старых нумараў часопісу. У сваю чаргу, А.Асіпцоў лічыць, што прадпрыемства выконвае загад сталічнага начальства. Вядома, што часопіс "АRCHE" у асаблівую "няміласць" патрапіў пасля таго, як прысвяціў адзін з леташніх нумароў падвядзенню вынікаў 10-гадовага праўлення А.Лукашэнкі. У прыватнасці, увосень мінулага года шэраг сталічных кніжных крамаў адмовіліся прадаваць часопіс і запатрабавалі, каб рэдакцыя забрала ў іх таксама ўсе папярэднія нумары часопіса. У сярэдзіне жніўня 2003 г. у Віцебску на складзе прадпрыемства "Аблкнігагандаль" таксама адмовіліся прымаць на рэалізацыю 25 асобнікаў выдання. Як тлумачылі тады таваразнаўцы прадпрыемства, распараджэнне зыходзіла ад намесніцы міністра Ліліі Ананіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства