1 лютага сканчаецца тэрмін, дадзены Міністэрствам юстыцыі палітычным партыям, каб яны перавялі свае арганізацыйныя структуры з жылых памяшканьняў у офісы нежылога фонду. Апазіцыйныя партыі патрабаваньня Мінюсту выканаць не змаглі

2005 2005-02-01T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Амаль усе лідэры апазыцыйных дэмакратычных партыяў лічаць, што патрабаваньне Міністэрства юстыцыі, на іх погляд, незаконнае. Бо рэгістрацыя партыйных структураў у жылым фондзе дазвалялася заканадаўствам, а закон, на думку палітыкаў, зваротнай сілы ня мае. Гаворыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: “Любое патрабаваньне павінна грунтавацца на юрыдычна-прававой базе. А справа ў тым, што пажаданьне Міністэрства юстыцыі — яно не падмацавана Канстытуцыяй і шэрагам дзейных законаў, якія рэглямэнтуюць дзейнасьць палітычных партыяў. Больш за тое — нашы запыты ў структуры вэртыкалі прывялі да ашаламляльнага выніку. Кожны вэртыкальшчык па-свойму трактуе, як павінна праводзіцца рэгістрацыя рэгіянальных партыйных структураў. Гэта абсалютна не прапісана заканадаўствам, і гэта супярэчыць дзейнаму заканадаўству”.

Прадстаўнікі АГП паспрабавалі зарэгістраваць новыя рэгіянальныя партыйныя структуры, але ўлады ім адмовілі. Патрабаваньні Мінюсту спрабавалі выканаць і прадстаўнікі Партыі БНФ, але таксама безвынікова. Паводле лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, знайсьці нежылыя памяшканьні для партыйных структураў не ўдалося. Больш за тое, напрыклад, у Горадні ўлады высяляюць зь нежылога будынку рэгіянальную структуру Партыі БНФ на той падставе, што камяніца, дзе яна месьціцца патрабуе капітальнага рэмонту. Прадстаўнікам БСДП “Народная грамада” таксама паўсюль адмовілі ў арэндзе памяшканьняў. Падобная сытуацыя і ў БСДГ. Гаворыць лідэр гэтай партыі Станіслаў Шушкевіч: “Мы лічым гэтую просьбу абсалютна незаконнай. Мы нічога ня можам зьмяніць і разглядаем гэта як ардынарны палітычны ўціск, скіраваны на тое, каб закрыць палітычную партыю”.

І толькі прадстаўнікі Партыі камуністаў яшчэ спрабуюць знайсьці для сваіх структураў адпаведныя патрабаваньням закону памяшканьні.

Лідэры апазыцыйных партыяў днямі накіравалі міністру юстыцыі Віктару Галаванаву ліст з прапановай сустрэцца і абмеркаваць гэтую праблему. Адказу пакуль няма. Начальнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў Алег Сьліжэўскі не пажадаў без дазволу міністра гаварыць пра тое, што будзе чакаць партыі, якія ня выканаюць патрабаваньня Мінюсту. Прадстаўнікі ж апазыцыі гавораць, што ў выпадку ліквідацыі партыяў, іх структуры будуць дзейнічаць без рэгістрацыі. (Радыё Свабода)

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international