Аляксандар Зьдзьвіжкоў: Зьбіраюся памяняць грамадзянства і пісаць раманы

2008 2008-02-22T12:28:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Намесьніка рэдактара газэты «Згода» Аляксандра Зьдзьвіжкова журналісты чакалі пад сьледчым ізалятарам на Валадарскага больш за дзьве гадзіны. Прыкладна а 15:00 начальнік СІЗА паведаміў, што былы палітвязень ужо едзе цягніком дадому. Знайсьці яго атрымалася па тэлефоне ў сястры, якая жыве ў Менску.

«Наша Ніва»: Сп.Аляксандар, дык калі Вас вызвалілі?

Аляксандар Зьдзьвіжкоў: Мяне вызвалілі а 13 гадзіне. Пасадзілі ў машыну і адвезьлі на чыгунку, каб я ехаў дадому ў Барысаў. Пасьля я паехаў да сястры.

«НН»: Ці чакалі сёньняшняга вызваленьня?

АЗ: Ну як вам сказаць, рыхтуйся да горшага, спадзявайся на лепшае. Калі а 12-й гадзіне мяне вывелі з камэры, то я чакаў усяго чаго заўгодна: і экстраннага адпраўленьня ў зону, і вяртаньне ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь, і пераводу ў іншую камэру, дзе мне б, скажам прама, прыйшлося б не салодка, і вызваленьня. Тым ня менш атрымаў вызваленьне.

«НН»: Вы ведалі, што на волі аказаліся іншыя палітвязьні?

АЗ: Так, чуў пра вызваленьне Клімава і іншых палітвязьняў.

«НН»: З чым Вы зьвязваеце вызваленьне?

АЗ: З нэгатыўнай рэакцыяй на арышт міжнароднай супольнасьці, а таксама з актыўнай падтрымкай калег‑журналістаў.

«НН»: А што было на судзе?

АЗ: Суд быў цалкам у закрытым рэжыме. Пракуратура даказала сваю поўную некампэтэнтнасьць. Я абвінавачваньнях гучала, што я мог мець намер для распальваньня нацыянальнай варажнечы. Тэарэтычна. Але ні суд, ні пракуратура гэтага не даказалі. Вырашылі так, раз ён мог мець намер, значыць, ім і кіраваўся. Пры гэтым нават ня ўлічвалася, што ніякіх наступстваў публікацыя ня мела. Мяне асудзілі за нейкія тэарэтычныя дзеяньні на тры гады турмы.

«НН»: А што Вы казалі ў сваім апошнім слове?

АЗ: І судзьдзі, і пракурору я выклаў сюжэт свайго будучага раману.

«НН»: А Вы зьбіраецеся пісаць раман?

АЗ: Так. Думаю, што гэта будуць дзьве кнігі. Адна — дакумэнтальная, другая — у форме баевіка. Кнігі будуць заснаваныя на турэмным досьведзе. У прынцыпе, я лічу, што тры месяцы турмы — гэта творчая камандзіроўка.

«НН»: А якія ўмовы былі ў турмах?

АЗ: Магу паўтарыць словы Салжаніцына і Шаламава: «Лепш пазьбегнуць турэмнага досьведу». Лепш абыходзіцца безь яго. Але калі ўжо давялося, то трэба выжываць. Калі ў «амэрыканцы» было холадна і сыра, то на Валадарцы я сядзеў у перапоўненай камэры з крымінальнікамі. Нас было паўтара камплекта — на дваццаць нараў трыццаць асуджаных.

«НН»: Доўгі час Вы хаваліся ў Расеі і Ўкраіне.

АЗ: Я быў госьцем у некалькіх манастыроў. Ня быў там ні паслужнікам, ні труднікам, проста гасьціў.

«НН»: Ніхто ня ведае, як Вас затрымлівалі?

АЗ: Скажам так, калі я знаходзіўся ў вышуку, то парушыў некаторыя правілы бясьпекі, таму дазволіў сябе затрымаць. Мяне ўзялі проста зь цягніка ў Барысаве.

«НН»: На судзе Вы казалі, што зьбіраецеся мяняць грамадзянства. Не адмовіліся ад гэтай задумы?

АЗ: Пакуль я ня вырашыў, якое грамадзянства прыму, ці Расеі, ці Ўкраіны. Грамадзянства зьбіраюся мяняць з думкай, што знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі мне небясьпечна. Я хачу выехаць туды, дзе змагу спакойна працаваць, не клапоцячыся пра сваю бясьпеку.

У панядзелак Аляксандар Зьдзьвіжкоў зьбіраецца даць прэс‑канфэрэнцыю на офісе БАЖу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international