Палітвязьню Аляксандру Зьдзьвіжкову зьмянілі тры гады на тры месяцы, якія ён ужо адседзеў

2008 2008-02-22T15:26:52+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня калегія Вярхоўнага суда, разгледзеўшы касацыйную скаргу журналіста незалежнай газэты "Згода" Аляксандра Зьдзьвіжкована прысуд Мінскага гарадзкога суду, прыняла рашэньне зьменшыць тэрмін вынесенага пакараньня з 3 гадоў пазбаўленьня волі да трох месяцаў, улічыўшы стан здароўя журналіста і неабходнасьць утрымліваць старую маці. Паколькі трохмесячны тэрмін зьняволеньня скончыўся, Зьдзьвіжкова могуць вызваліць ужо сёньня. Разам з тым, Вярхоўны суд палічыў віну журналіста даказанай.

Былога намесьніка рэдактара выданьня асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за перадрук дацкіх карыкатур на прарока Мухамеда. Паседжаньне было закрытым: журналісты мусілі чакаць абвяшчэньня вынікаў ля ганку суду.

Перагледзець вынесены журналісту прысуд учора заклікаў Еўрапарамент. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Аляксандра Зьдзьвіжкова Вязьнем сумленьня і патрабавала ягонага вызваленьня.

У 10.30 калегія судзьдзяў Вярхоўнага суду пастанавіла, што Зьдзьвіжкоў сапраўды вінаваты, аднак улічыла абставіны - старая маці, у якой Аляксандар адзін, стан здароўя асуджанага. Тры гады турмы былі замененыя трыма месяцамі арышту, якія журналіст ужо адседзеў у СІЗА, пакуль ішло сьледзтва. У 13.50, па зьвестках "Нашай Нівы", дзяжурны СІЗА паведаміў, што Зьдзьвіжкова вызвалілі каля гадзіны таму. Між тым адвакатка Мая Аляксандрава патэлефанавала ў СІЗА і ёй сказалі, што Зьдзьвіжкова яшчэ ня вызвалілі, але павінны з хвіліны на хвіліну.

Рашэнне Вярхоўнага суда вызваліць А. Здвіжкова прэс-службе БАЖ каментуюць беларускія і замежныя журналісты, юрысты, праваабаронцы

Намеснік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец: «Я задаволены вынікам разгляду касацыйнай скаргі — у першую чаргу таму, што журналіст апынецца на волі. Але я па-ранейшаму лічу, што ў яго дзеяннях не было складу крымінальнага злачынства».

Мэнэджэр па камунікацыях Дацкага Саюзу журналістаў Эзбен Эрберг (Esben Ørberg), які гэтымі днямі знаходзіцца ў Беларусі з азнаямленчым візітам, павітаў рашэнне Вярхоўнага суда. «Я зараз жа паінфармую пра гэта сваіх калег», — зазначыў ён.

Каментуючы сітуацыю з асуджэннем А. Здвіжкова, ён пацвердзіў ранейшую пазіцыю сваёй арганізацыі, якая назвала папярэдні судовы працэс «сур’ёзнай атакай на свабоду прэсы». «Для нас пакаранне за друкаванне альбо перадрукоўку карыкатур выглядае як грубае парушэнне правоў журналістаў, бо ў Даніі мы лічым іх апублікаванне проста правявай свабоды слова. Гэта не значыць, што ўсе ў Даніі згодныя з гэтай акцыяй журналістаў. Шмат хто ў нашай краіне лічыць, што апублікаванне карыкатур раздражняла і закранала пачуцці людзей. Але, тым не менш, мы ўпэўненыя, што да такіх выпадкаў трэба ставіцца талерантна». Паўторны перадрук некаторымі дацкімі газетамі карыкатуры на прарока Мухамеда ў сярэдзіне лютага г.г. Эзбен Эрберг назваў «нармальнай праявай журналісцкай салідарнасці» і «звычайнай гісторыяй для журналістаў у Даніі».

Былы галоўны рэдактар газеты «Згода» Аляксей Кароль, цяперашні шэф-рэдактар газеты «Новы Час»: «Я бачу ў гэтым рашэнні вынік уздзеяння міжнароднай супольнасці, якая патрабуе выканання 12 ўмоваў Еўразвязу — найперш вызвалення палітычных вязняў. У пэўным сэнсе гэта таксама вынік існавання і дзейнасці дэмакратычных сіл Беларусі, але адначасова і знак ім — актывізавацца і дасягнуць адзінства, якога ад іх чакае грамадскасць. Але, мабыць, найперш гэта вынік той увагі, якую надаюць гэтай справе беларускія незалежныя СМІ і міжнародная журналісцкая супольнасць. У падтрымку Здвіжкова выказваліся вельмі ўплывовыя журналісцкія арганізацыі…»

Па словах А. Караля, рашэнне вызваліць калегу яго вельмі радуе. Але разам з тым засмучае тое, што пераслед свабоднай прэсы ў Беларусі працягваецца. «Доказ гэтага — справа «Новага часу», які павінен выплаціць па зыску М. Чаргінца 50 млн. рублёў. Гэтыя справы шчыльна ўзаемазвзязаныя, бо Здвіжкоў — журналіст «Згоды», на базе якой паўстаў адноўлены «Новы час», - зазначыў А. Кароль.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international