Алесь Бяляцкі нагадвае пра факты дыскрымінацыі роднай мовы ў Беларусі

2008 2008-02-21T14:40:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня многія краіны сьвету адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы.

Гэтае сьвята абвешчана Генеральнай канферэнцыяй ЮНЭСКА ў 1999 годзе і з таго часу адзначаецца штогод 21 лютага. З гэтай нагоды на Беларусі сёньня праводзяцца дзесяткі мерапыемстваў, мэта якіх – звярнуць увагу грамадства на трывожнае моўнае становішча ў краіне, знайсьці шляхі па стварэньню годных умоў для функцыянаваньня беларускай мовы ў дзяржаве.

 

У Менску праходзіць прэс-канфэрэнцыя на тэму "Агульнанацыянальная дыктоўка як форма падтрымкі беларускай мовы і беларускай школы і адзначэньня 90-годзьдзя БНР".
У мерапрыемстве ўдзельнічаюць старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, старшыня ПЭН-Цэнтру Ўладзімер Някляеў, старшыня ЗБС "Бацькаўшчына" Аляксей Марачкін, кіраўнікі ТБМ Алег Трусаў і ТБШ Алесь Лозка, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, аўтарытэтныя вучоныя, грамадскія дзеячы, журналісты.

Пра дыскрымінацыйную палітыку, якую праводзяць дзяржаўныя чыноўнікі ў дачыненьні да роднай мовы разважае Алесь Бяляцкі.


У краіне працягваецца палітыка абмежаваньня правоў беларускамоўных грамадзянаў. Працэс русіфікацыі падтрымліваецца дзяржаўнымі структурамі. Парадаксальная сітуацыя, калі мова тытульнай нацыі краіны – беларуская -- знаходзіцца ў нераўнапраўным становішчы з рускай мовай, склалася яшчэ ў часы Савецкага Саюзу. Зараз, калі А.Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі бачаць ідэалагічныя карані сёньняшняй беларускай дзяржавы ў Савецкім Саюзе, яны працягваюць працэс абмежаваньня сферы ўжываньня беларускай мовы.

У 2007 годзе на беларускай мове навучалася 21,5% школьнікаў, прычым колькасьць беларускамоўных школаў ды класаў пастаянна зьмяншаецца. У 1993/1994 навучальным годзе на беларускай мове навучалiся 76% першакласьнiкаў, а ў 2006/2007 — толькi 18,6%. Адпаведныя паказчыкi па Менскай вобласцi — 92,6% i 31,9%, па Менску — 58,6% i 2,2%. Як адзначае старшыня “Таварыства беларускай школы” Алесь Лозка, “штогод мы губляем больш за 100 беларускамоўных школаў па ўсёй рэспублiцы”. І гэта нягледзячы на тое, што пераважная большасьць беларусаў пад час перапісу 1999 году (85,6%) і палякаў (57,6%) назвалі беларускую мову роднай.

У 2006-2007 навучальным годзе Міністэрства адукацыі скасавала вывучэньне гісторыі Беларусі на беларускай мове ў школах з рускай мовай навучаньня.

Адукацыйныя ўстановы не спрыялі адкрыцьцю новых беларускамоўных школаў і дзіцячых садочкаў. У выніку, ня ўсе грамадзяне ў Менску і Гародні, якія жадаюць навучаць дзяцей па-беларуску, атрымалі такую магчымасьць. Акцыя ж рэкламаваньня дзіцячых садкоў з беларускай мовай выхаваньня у Гародні праз гукавыя ролікі ў тралейбусах, якую пачало там абласное аддзяленьне “Таварыства беларускай мовы”, была спыненая ўладамі на той падставе, што зьмест такой рэкламы неабходна ўзгадняць з гарадзкім аддзелам адукацыі.

 

Міністэрства адукацыі зьмяніла праграмы вывучэньня беларускай літаратуры, фактычна забараніўшы па ідэалагічных прычынах творы некаторых беларускіх пісьменьнікаў, чыя грамадзянская пазіцыя не супадала з праўладнай. З праграмаў сярэдніх сьпецыяльных і вышэйшых навучальных установаў краіны быў выведзены курс «Беларусазнаўства»; адменена выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове ў школах з рускай мовай навучаньня; выкладаньне курса «Беларуская мова: прафесійная лексіка» ў ВНУ было зроблена неабавязковым; уведзеная забарона на афіцыйныя сустрэчы з пісьменнікамі, членамі “Саюза беларускіх пісьменьнікаў” ва ўстановах культуры і адукацыі.
1-га верасня ў адказ на працэс русіфікацыі шэраг моладзевых арганізацыяў ды інтэрнэт-праектаў правялі інфармацыйную акцыю “Хочам вучыцца па-беларуску!”: адбыліся флэш-мобы, імпрэзы ды віншаваньне першакласьнікаў у школах з беларускай моваю навучаньня.

 

Чыноўнікі працягвалі своеасаблівую трактоўку двухмоўя, замацаванага ў Канстытуцыі. Вельмі часта ў адказ на звароты ў дзяржаўныя ўстановы на беларускай мове яны адказвалі на рускай, тлумачачы гэта сваім правам адказваць на любой з дзяржаўных моваў. Але, відавочна, што гэта абмяжоўвае права на выбар мовы грамадзянаў, якія зьвяртаюцца на той ці іншай мове. Сутнасьць дзяржаўнага білінгвізму заключаецца ў шанаваньні любой з моваў, на якой размаўляе, зьвяртаецца ў дзяржаўныя ўстановы грамадзянін. Сыходзячы з гэтага, лагічна, каб грамадзяне атрымлівалі адказы з дзяржаўных установаў на мове свайго звароту.

Падчас судовага працэсу па абскарджаньні абмовы ў рэгістрацыі Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна” , які адбыўся ў Вярхоўным Судзе ў кастрычніку, праваабаронцы заявілі пратэст у сувязі з тым, што адмова ў рэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі была зроблена па-руску, нягледзячы на тое, што дакументы падаваліся на беларускай мове. На распарадчым паседжаньні чыноўнік міністрэства заявіў, што ён ня бачыць неабходнасьці прадстаўляць дакумент на беларускай мове, але судзьдзя вымушаная была пагадзіцца з прэтэнзіямі праваабаронцаў і абавязала чыноўніка перакласьці дакумент на беларускую мову.

 

Паказальны выпадак нешанаваньня моўных правоў з боку дзяржаўных службоўцаў адбыўся з жыхаром Гомеля Сяргеем Сямёнавым. Пры перасячэньні беларуска-украінскай мяжы ён папрасіў мытнікаў прадставіць яму беларускамоўны бланк мытнай дэкларацыі, заявіўшы, што кепска валодае рускай мовай і ня хоча памыліцца пры запаўненьні афіцыйнага дакументу. У выніку на С.Сямёнава быў складзены пратакол «аб непадпарадкаваньні законным патрабаваньням службовай асобы», і ў жніўні ён быў аштрафаваны на 30 базавых велічыняў (930 тыс. руб.). Сітуацыя паўтарылася ў верасьні. І толькі выступ старшыні Канстытуцыйнага суда Р.Васілевіча падчас семінару з судзьдзямі, дзе ён у якасьці непаважлівага стаўленьня да беларускай мовы прывёў выпадак з С.Сямёнавым, выправіў гэтую сітуацыю. “Такія выпадкі недапушчальныя, — падкрэсьліў Р.Васілевіч. — Але, на жаль, яны ня рэдкія. Да нас нават зьвярнуўся абітурыент, у якога пытаньні да цэнтралізаванага тэставаньня па беларускай мове былі напісаныя па-руску. Ці можа ён правільна на іх адказаць?” 4 кастрычніка суд Цэнтральнага раёну Гомеля апраўдаў С. Сямёнава “ў сувязі з адсутнасьцю складу правапарушэньня”.

Старшыня Канстытуцыйнага суду ўзьняў яшчэ некаторыя праблемы, якія тычацца правоў беларускамоўных грамадзянаў краіны. У прыватнасьці, ён адзначыў, што “да нас неаднаразова паступаюць скаргі на тое, што заяву ў суд не прымаюць, таму што яна напісана па-беларуску. Я сам бачыў такую рэзалюцыю: “Перапішыце заяву на нармальнай мове”. У Канстытуцыі запісана, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская, таму такая рэзалюцыя з’яўляецца непавагай да дзяржаўнай мовы… Адказнасць за непавагу да дзяржаўнай мовы ніхто не адмяняў”. Ягоны выступ стаў адным з нешматлікіх прызнаньняў чыноўнікаў высокага рангу існаваньня праблемаў з ужываньнем беларускай мовы ў Беларусі. Р.Васілевіч заклікаў судзьдзяў карыстацца беларускай мовай на патрабаваньне ўдзельнікаў працэсу. Ён адзначыў, што “цяпер у нас ёсьць добрая прававая аснова дзеля таго, каб было забясьпечанае двухмоўе і, больш таго, каб дзяржаўныя служачыя адказвалі на той мове — рускай ці беларускай, на якой зьвярнуўся грамадзянін”.

 

Дзяржаваю былі зьлітыя ў адзін два акадэмічныя інстытуты -- Інстытут літаратуры і Інстытут мовазнаўства, што сур’ёзна абмяжоўвае магчымасьць фундаментальных дасьледваньняў у галіне беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства.. Палітычны дзяяч, філолаг Вінцук Вячорка заявіў з гэтай нагоды: “Я разглядаю гэты крок уладаў як чарговае пацьверджаньне іх курсу на зьнішчэньне беларускае культуры і мовы, прыхаванага за дэмагогіяй пра патрыятызм і незалежніцкай рыторыкай”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international