Галоўнага рэдактара беластоцкай “Нівы” не пусьцілі ў Беларусь
28.01.2005.
Беларускі кансулят у Беластоку, не камэнтуючы свайго рашэньня, адмовіў у выдачы візы Яўгену Вапу – галоўнаму рэдактару тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” і старшыню Беларускага саюзу ў Польшчы.У размове з Радыё Свабода спадар Вапа так пракамэнтаваў гэты выпадак: “Я ацэньваю гэта як прызнаньне ролі, якую адыгрывае “Ніва” ў агульнабеларускім жыцьці. Мы стараемся рознымі спосабамі, праз артыкулы, закранаць розныя аспэкты жыцьця таксама і ў Беларусі. Адзначу, што тыднёвікаў, якія выходзяць цалкам на беларускай мове і падаюць беларускі погляд на падзеі, на сёньняшні дзень усяго два – гэта “Наша ніва” ў Менску і “Ніва” ў Беластоку. Так што, у гэтым, думаю, прычына візавай адмовы. Трэба было б пра гэта пытацца ў консула, але, як вядома, паводле Жэнэўскай канвэнцыі, кансуляты могуць не тлумачыць прычынаў адмовы”.
Нагадаем, што раней беларускі кансулят у Беластоку адмовіў у выдачы візы знанаму тэлежурналісту Юрку Каліне, які займаецца беларускай тэматыкай, і чые дакумэнтальныя стужкі пра Беларусь атрымоўвалі ўзнагароды на прэстыжных эўрапейскіх фэстывалях.
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма










