"Голад, холад, пацукі" - Франак Вячорка пра ўмовы свайго ўтрымання ў следчым ізалятары на Акрэсціна

2008 2008-02-18T16:50:43+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ адлічаны з журфаку БДУ за “акадэмічную непаспяховасць”. Ён не паспеў здаць экзамены па прычыне таго, што адбываў 15 сутак арышту за “нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”.

Кіраўніцтва БДУ не палічыла зняволенне “задавальняючай прычынай” адсутнасці на іспытах. Прызначаная спецыяльная камісія ацаніла веданні юнаком профільных прадметаў на “незадавальняюча”.

Гэта ўжо трэцяе затрыманне Франака Вячоркі. Першы раз старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ быў затрыманы ў ліпені 2007 года быццам бы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 27 ліпеня. Другі раз за кратамі маладзён апынуўся ў Салігорску, калі судзілі тамтэйшага актывіста Маладога Фронту Івана Шылу, якому інкрымінаваўся ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Першыя двое сутак нагадвалі катаванне

Цяпер Франак Вячорка атрымаў 15 сутак быццам бы за нецэнзурную лаянку падчас акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Па словах моладзевага актывіста, першыя двое сутак у следчым ізалятары нагадвалі катаванне: «Мы двое сутак нічога не елі, не пілі. Нам не далі перадаць ніякіх рэчаў, ні вады, ні хлеба. У судзе нас трымалі да 21 гадзінаў вечара, а потым да другой гадзіны ночы у Центральным РАУСе. Пасля перавялі на Акрэсціна».

Але там Франак Вячорка сутыкнуўся з іншымі праблемамі, якія ён фармулюе ў трох словах: голад, холад і пацукі: «Голад – таму што кормяць ці то кашкай, ці то нейкімі адыходамі ад сельскагаспадарчай вытворчасці. У Палажэнні пра ўтрыманне вязняў прапісана парадку 100 розных пунктаў, што павінна быць».

„Да гэтага паху прызвычайваешся“

Па словах Франака Вячоркі, з іх выконваецца не болей пяці пунктаў: «Ёсць лекарка, якая нібы ўсім нібы мерае тэмпературу, і ва ўсіх, як бы яны ні хварэлі, ні паміралі, - заўседы 36 і 6. І мерае ціск. У яе заўсёды атрымліваецца 120 на 80. Іншага не бывае. Я, ведаючы, што у мяне стабільна ціск 145 на 95, усё адно на Акрэсціна было 120 на 80. Панацэя ад усіх хваробаў - анальгін і парацэтамол». 

Паход да доктара, гаворыць Франак Вячорка, з'яўляецца для затрыманых адзінай магчымасцю падыхаць нармальным паветрам: «Я, напрыклад, яшчэ з ліпеня не магу пазбавіцца ад паху Акрэсціна. Акрэсціна пахне адмыслова-спецыфічна. Немагчыма патлумачыць, чым з’яўляецца гэты пах. Там ёсць трошкі ад прыбіральні - мачы, калу, нечага паленага, ад курава, ад цыгарэтаў, нешта ад бамжоў - такое смярдзючае. І варта пасядзець у гэтай камеры – ты да яго прызвычайваешся. Але варта выйсці, і ты разумееш, наколькі гэты смурод нечалавечы. У нармальных умовах не вытрымальны. Ты да гэтага паху прызвычайваешся. Як і беларусы прызвычайвюцца да таго, што ёсць у нашай краіне», -заўважае моладзевы актывіст Франак Вячорка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international