Куды чыноўнікі трацяць адсуджаныя ў журналістаў грошы?

2008 2008-02-18T16:31:49+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Мікалай Чаргінец паабяцаў пералічыць сродкі, адсуджаныя ў выдаўца «Новага часу» і журналіста Аляксандра Тамковіча, на лячэнне псіхічна хворых людзей. «Я ў «Народнай волі» прачытаў, што яны заклапочаны, што ў нас усё больш людзей хварэюць на псіхічныя захворванні», — не аднойчы заяўляў сп. Чаргінец прадстаўнікам СМІ.

А які лёс грашовых кампенсацый, раней адсуджаных высокімі чыноўнікамі ў недзяржаўных выданняў?

Зыск Мікалая Чаргінца да журналіста Аляксандра Тамковіча і выдаўца газеты «Новы час» папоўніў спіс самых «дарагіх» зыскаў з боку дзяржаўных службоўцаў да недзяржаўных выданняў.Такім чынам, у гэтым шэрагу сёння:

- зыск дзяржсакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана да газеты
«Навіны» ў 1999 годзе (сума кампенсацыі з рэдакцыі і журналіста Сяргея Аніські — каля 50 тыс. долараў);

- зыск былога старшыні Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка
да газеты «Наша свабода» ў 2002 г. (сума кампенсацыі з
рэдакцыі і журналіста Міхаіла Падаляка — каля 56 тыс. долараў);

- зыск былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова да
«Народнай волі» ў 2003 г. (сума кампенсацыі з рэдакцыі,
журналісткі Марыны Коктыш і былой супрацоўніцы БТ Элеаноры Язерскай — каля 24 тыс. долараў);

- зыск дэпутата Нацыянальнага Сходу Сяргея Гайдукевіча да той жа
«Народнай волі» ў 2005 г. (сума кампенсацыі — каля 45 тыс.
долараў);

- зыск старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандра Шпілеўскага да рэдакцыі газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии» ў 2006 г. (сума кампенсацыі — каля 27 тыс. долараў);

- зыск былога кіраўніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта РБ Алега Праляскоўскага да рэдакцыі газеты «Народная воля» і журналісткі выдання Марыны Коктыш у 2007 г. (сума кампенсацыі — каля 15 тыс. долараў).

- зыск старшыні камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалая Чаргінца да выдаўца газеты «Новы час» і журналіста Аляксандра Тамковіча (сума кампенсацыі — каля 24 тыс. долараў).

Мікалай Чаргінец паабяцаў пералічыць атрыманыя сродкі на лячэнне псіхічна хворых людзей. «Я ў «Народнай волі» прачытаў, што яны заклапочаны, што ў нас усё больш людзей хварэюць на псіхічныя захворванні», — не аднойчы заяўляў сп. Чаргінец прадстаўнікам СМІ.

Журналісты яшчэ спрабуюць абскардзіць рашэнне Першамайскага раённага суда ў вышэйшых інстанцыях - праўда, пакуль што беспаспяхова.

А які лёс грашовых кампенсацый, раней адсуджаных высокімі чыноўнікамі ў недзяржаўных выданняў?

Грошы Шэймана

У 1999 годзе цяперашні дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман адсудзіў у журналіста Сяргея Аніські і газеты «Навіны» каля 50 тысяч долараў. Сяргей Аніська, з якога на працягу сямі гадоў судовыя выканаўцы спаганялі грошы, не ведае, як імі пасля распарадзіўся зыскоўца. 

«Калі не памыляюся, то адсуджаныя грошы Шэйман меў намер аддаць у нейкі дом ці інтэрнат для інвалідаў вайны, — гаворыць Сяргей Аніська. — Але я не ведаю адраса гэтага дома. Справа ў тым, што па рашэнні суда грошы трэба было пералічыць на адпаведны рахунак, але што хаваецца за лічбамі рахунка — невядома». 

Па словах С. Аніські, напрацягу 7 гадоў з яго пенсіі штомесяц вылічвалі па 30 працэнтаў. Куды падзелася маёмасць, канфіскаваная ў яго па рашэнні суда, С. Аніська таксама не ведае: «Мне адзін знаёмы расказваў, што ў Мінску ёсць спецыяльны склад-крама, дзе захоўваецца, а потым прадаецца ўся канфіскаваная па рашэнні суда маёмасць. Але шырокай рэкламы гэтай крамы няма. Калі верыць таму, што мне распавядалі, туды прыходзіць даволі вузкае кола людзей…»

Грошы Тозіка

У 2002 годзе суд часткова задаволіў зыск былога старшыня Камітэта дзяржкантролю Анатоля Тозіка, абавязаўшы журналіста Міхаіла Падаляка і газету «Наша свабода» выплаціць яму за «зняважаныя гонар і годнасць» суму, эквівалентную 56 тыс. доларам. Прадстаўнікі Анатоля Тозіка ў дадатках да зыску ўдакладнілі, што грашовую кампенсацыю трэба пералічыць на завяршэнне будаўніцтва шпіталю ў Пінскім раёне.

Цікава, што Анатоль Тозік дараваў доўг журналісту Міхаілу Падаляку.
«З мяне грошы Тозік так і не спагнаў. Калі мяне гвалтоўна дэпартавалі, я казаў, што не магу з’ехаць з Беларусі, бо яшчэ павінен выплаціць грошы Тозіку. А ў адказ пачуў, што мне ўсе даўгі даравалі…
А ў «Нашай свабоды», наколькі я памятаю, апісалі маёмасць, арыштавалі банкаўскія рахункі. На маю думку, для дзяржавы выгадней было б зрабіць наадварот — калі судом вызначаная нейкая сума да выплаты, то дайце магчымасць зарабіць грошы і заплаціць па рахунках. Але нешта ў галовах беларускіх чыноўнікаў не так спрацоўвае, калі яны не разумеюць такіх простых рэчаў…»

 

Грошы Рыбакова

У 2004 годзе суд абавязаў газету «Народная воля», былую тэлевядучую Элеанору Язерскую і журналістку Марыну Коктыш выплаціць каля 45 тысяч долараў па зыску Ягора Рыбакова, які ў той час узначальваў Белтэлерадыёкампанію.
Праз некаторы час Ягора Рыбакова арыштавалі. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі строгага рэжыму. Не выключана, што за кошт «Народнай волі» Рыбакоў часткова разлічыўся з дзяржавай — па рашэнні Вярхоўнага суда ён павінен быў выплаціць Белтэлерадыёкампаніі 212 мільёнаў рублёў, а таксама заплаціць дзяржпошліну ў памеры 21 мільёна беларускіх рублёў. Аднак пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэтыя здагадкі аўтарам даследавання не ўдалося. 

Грошы Гайдукевіча

У 2005 годзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Гайдукевіч па рашэнні суда спагнаў з «Народнай волі» каля 45 тысяч долараў за маральны ўрон ад публікацыі, прысвечанай яго нібыта супрацоўніцтву з рэжымам Саддама Хусейна.
У сваіх шматлікіх інтэрв’ю Гайдукевіч не аднойчы паўтараў: «Мяне не цікавяць адсуджаныя ў «Народнай волі» грошы. Я асабіста не дакрануся ні да цэнта. Ёсць бяздомныя, ёсць дзеці, якіх трэба падтрымліваць. Я дэпутат, у мяне ёсць дзесяткі школ, людзей, якія звяртаюцца за дапамогай. Я паступлю па-чалавечы… Кожная капейка будзе расходавацца адкрыта…»

Пазней у каментары інтэрнет-выданню «Салідарнасць» С. Гайдукевіч паведаміў, што не будзе пералічваць грошы ў нейкую адну ўстанову.

Мы вырашылі яшчэ раз удакладніць, дзе гэтыя грошы.
«А навошта вам гэта, і чаму раптам ізноў узнікла гэтае пытанне? — здзівіўся С. Гайдукевіч. — Я ж ужо дзесяць разоў адказваў на гэтае пытанне, называў усё, навошта яшчэ раз буду паўтараць? Тым больш што мяне гэтая тэма не цікавіць. Надакучыла адказваць на адны і тыя ж пытанні!»
Пасля гэтага сп. Гайдукевіч паклаў трубку.

Дарэчы, у лютым 2006 года Гайдукевіча называлі самым багатым кандыдатам ў прэзідэнты. Сродкі масавай інфармацыі са спасылкай на прадстаўленыя ў Цэнтрвыбаркам дадзеныя паведамлялі, што яго сукупны гадавы даход склаў 142.947.228 рублёў. У гэтую суму ўваходзілі заробак, пенсія, прыбытак ад продажу аўтамабіля і «кампенсацыя маральнага ўрону» праз суд, выйграны ў «Народнай волі». 

Грошы Шпілеўскага

У 2006 годзе старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі падаў зыск да газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии». Сума кампенсацыі на карысць дзяржслужбоўца склала каля 27 тысяч долараў.
Прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэту паведаміла, што кіраўнік ведамства на гэтыя грошы набыў 9-месны мікрааўтобус «Lublin», які падараваў Смаргонскай школе-інтэрнату для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Дырэктарка школы-інтэрнату паведаміла нам, што Аляксандр Шпілеўскі таксама пералічыў грошы для набыцця трэнажораў. «Канешне, мы вельмі задаволеныя гэтым фактам», — сказала яна.

Грошы Праляскоўскага

Не так даўно газета «Народная воля» і журналістка Марына Коктыш разлічылілся з былым кіраўніком галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта — памочнікам прэзідэнта Алегам Праляскоўскім. У зыску сп. Праляскоўскі адразу пазначыў, што мае намер усе грошы (а гэта прыблізна каля 30 мільёнаў беларускіх рублёў) за так званы маральны ўрон пералічыць на рахункі двух дзіцячых дамоў — Ждановіцкага спецыяльнага дашкольнага і дзіцячага дома № 6 горада Мінска. Мы патэлефанавалі ў абодва дзіцячыя дамы.

Галоўны бухгалтар Ждановіцкага дзіцячага дома здзіўлена перапытала: «А хто такі гэты Алег і чаму ён павінен нам пералічыць нейкія грошы? Мы пра гэта нічога не ведаем… Былі нейкія грошы — прыблізна каля 300 тысяч з нечым беларускіх рублёў. А каб разлік на мільёны — такога не было…».

У дзіцячым доме № 6 Мінска таксама сказалі, што ніякіх «выпадковых» грошай да іх не паступала. «Ніякіх буйных сум мы не атрымлівалі. У нас крыху мяняліся разліковыя сістэмы, таму тое, што да нас прыходзіла, мы накіроўвалі назад, але гэта было толькі адзін раз і гаворка ішла пра суму ў 240 тысяч. А вялікіх мільённых сум не было…»

Магчыма, былы кіраўнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення пакуль проста не паспеў распарадзіцца сумай спагнанай кампенсацыі?

11:55, 18/02/08 Вера ТАРАСАВА спецыяльна для www.baj.by

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international