Да сухотнікаў-галадоўшчыкаў у Наваельню наведаўся міністар

2008 2008-02-09T14:46:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Мы ўжо ня сьпім у куртках»

У палатах стала цяплей і людзі ўжо ня сьпяць у куртках, як колькі тыдняў таму, распавяла пацыентка бальніцы Натальля Рагалевіч, адна з ініцыятарак нядаўняй галадоўкі. Часьцей стала зьяўляцца гарачая вада, час ад часу прыходзяць сантэхнікі парамантаваць стаякі.

«Лепш сталі і лячыць — закупілі даражэйшыя лекі» — кажа спн. Натальля. Па-ранейшаму ня радуе хворых харчаваньне — на вячэру дарослы чалавек, па сьведчаньнях пацыентаў, атрымлівае невялікую порцыю аўсянкі і тварагу. Можна замовіць прадукты ў шапіку на тэрыторыі бальніцы, але замову прывязуць толькі праз два дні. Два разы на тыдзень сюды прыяжджае аўталаўка. Акрамя крупаў і хлеба прывозіць гарэлку зь віном. Хто-ніхто з хворых гэтаму рады: а навошта цяпер за той плот выходзіць? Праўда пасьля скаргі іншых пацыентаў цяпер побач з аўталаўкай дзяжурыць міліцыянт.

«А вось садавіны якой купіць там немагчыма, дый увогуле вельмі бедны асартымэнт» — зазначаюць хворыя.

 

Высокі госьць

Нядаўна ў «Наваельню» наведаўся міністар аховы здароўя Васіль Жарко. Паводле словаў Натальлі Іванаўны, для хворых у гэты час зладзілі «ціхую гадзіну»: «Зачынілі выхад на вуліцу, а нам загадалі разысьціся па пакоях і не выходзіць у калідор». Міністра, кажа жанчына, адвялі ў палату, дзе ляжыць менавіта той кантынгент, пра які казаў галоўны лекар бальніцы: «І яны ні на што не скардзіліся, бо акрамя бальніцы ім няма куды пайсьці».

Прыяжджалі ў Наваельню і журналісты. Пусьцілі ня ўсіх. Карэспандэнты «Советской Белоруссии» патрапілі, але з хворымі не размаўлялі. Паводле пацыентаў, да іх журналісты не заходзілі, а наведаліся ў адміністрацыйны будынак ды сфатаграфавалі галоўнага лекара ў двары.

 

«Мы разумеем мясцовых»

«Кожны трэці пацыент сярод нас сапраўды не без граху, ёсьць і былыя вязьні, шмат хто любіць выпіць» — распавядае пацыентка бальніцы. Але, паводле яе словаў, далёка ня кожны з былых зьняволеных дазваляе сабе ўчынкі, якія маглі б угнявіць мясцовае насельніцтва. У «Наваельню» трапляюць і былыя вайскоўцы, і звычайныя пэнсіянэры, і моладзь. «Зь мясцовымі мы трымаем добрыя кантакты, сябруем, і яны нас разумеюць, і падтрымліваюць. А тыя, на каго месьцічы злуюцца, то такіх паўсюль шмат, ня толькі ў нашай бальніцы» — кажа спн. Натальля.

 

«Ад нас адгарадзіліся, як у турме»

«Збольшага стала лепш пасьля нашай галадоўкі, але галоўнае наша патрабаваньне ня выканалі — мы па-ранейшаму ня можам выйсьці за тэрыторыю на прагулку» — гаворыць Натальля Рагалевіч. Больш за тое — акрамя зьнешняга плоту зьявіўся яшчэ адзін — вакол адміністрацыйнага будынку. На тым новым плоце пачапілі шыльды з надпісам «Гаспадарчая зона. Уваход забаронены». Адчуваем сябе вязьнямі турмы, ходзім па дарожцы вакол будынку», - зазначае жанчына.

Для хворых магчымасьць выхаду за тэрыторыю, асабліва на прагулкі ў лес застаецца галоўным патрабаваньнем да адміністрацыі бальніцы. Галоўны лекар Мечыслаў Доўгаль застаецца на сваім.

«Паказвае нам нейкі загад, але ж мы ведаем, што бальніца нашая адкрытага тыпу» — скардзяцца хворыя. Па іх словах, частка пацыентаў зьбіраецца зьехаць адсюль. «Мне з мужам заявіў — калі нешта не задавальняе — едзьце лячыцца па месцы жыхарства, а ня скардзіцеся ў газэты ды начальству» — кажа Н. Рагалевіч. У адказ хворыя заявілі, што зробяць усё магчымае, каб атрымаць належныя ўмовы менавіта тут, дзе яны лечацца ўжо ня першы год.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства