viasna on patreon

Улады працягваюць ціск на вернікаў менскай поўнаевангельскай царквы “Новае жыцьцё”

2005 2005-01-25T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
Прадстаўнікі адміністрацыі й міліцыі Маскоўскага раёну Менску патрабуюць, каб пратэстанты спынілі набажэнствы па вуліцы Кавалёва, 72. Актывісты царквы выконваць патрабаваньні ўладаў не зьбіраюцца і маюць намер апэляваць у гэтай справе да беларускай грамадзкасьці й міжнароднай супольнасьці.

23 студзеня на пляцоўку ў былой вёсцы Сухарава, дзе царква “Новае жыцьцё” праводзіць свае штонядзельныя набажэнствы, прыйшлі супрацоўнікі адміністрацыі й міліцыі Маскоўскага раёну Менску. Чыноўнікі патрабавалі, каб кіраўніцтва царквы паказала ім дазвол на правядзеньне багаслужбаў і сам будынак былой жывёлагадоўчай фэрмы, дзе пратэстанты праводзяць набажэнствы.

Гэтага дазволу ў пратэстантаў няма, бо яшчэ ў сьнежні старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў адмовіў царкве ў дзяржаўнай перарэгістрацыі. На думку чыноўнікаў, некаторыя палажэньні статуту рэлігійнай грамады нібыта не адпавядаюць заканадаўству, а будынак былога кароўніку, які пратэстанты набылі ва ўласнасьць, не прыдатны для правядзеньня багаслужбаў. Улады патрабуюць спыніць незаконную перабудову гэтага аб’екту.

Чыноўнікі пагаварылі зь вернікамі, агледзелі будынак былой фэрмы, пасьля чаго запрасілі кіраўнікоў грамады — пастара Вячаслава Ганчарэнку і адміністратара Васіля Юрэвіча 24 студзеня на размову да намесьніка начальніка Маскоўскага райаддзелу міліцыі Мікалая Кудзінава.

На думку Васіля Юрэвіча, міліцыянты хутчэй за ўсё хочуць скласьці пратакол за арганізацыю і правядзеньне несанкцыянаванага набажэнства. На падставе такога пратаколу спадар Юрэвіч ужо быў, напрыканцы мінулага году, аштрафаваны судом на 3 мільёны 600 тысяч рублёў.

Кіраўніцтва царквы спрабуе пратэставаць супраць гэтага ціску, але іхных пазоваў суды не прымаюць. Гаворыць Васіль Юрэвіч: “Я лічу, што асноўная мэта ўладаў — ліквідаваць нашую царкву. Бо мы абвяшчаем слушныя біблейскія ісьціны, але, відаць, некаму гэта не падабаецца. І мы ня ёсьць парушальнікамі. З нас штучна, адміністрацыйнымі мэтадамі робяць парушальнікаў”.

Пратэстанты яшчэ паспрабуюць сустрэцца з чыноўнікамі й вырашыць канфлікт. Калі ж гэтага зрабіць ня ўдасца, яны зьвернуцца з адкрытымі лістамі да грамадзкасьці, а таксама да АБСЭ і іншых міжнародных арганізацыяў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства