Урад бярэ пад кантроль дзейнасьць замежных сьвятароў

2008 2008-02-07T16:44:31+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Савет міністраў зацьвердзіў новае Палажэньне аб парадку запрашэньня ў Беларусь замежнікаў для заняткаў рэлігійнай дзейнасьцю.

 
У адпаведнасьці з пастановай Савету Міністраў, цяпер, каб у Беларусь прыехаў, да прыкладу, сьвятар з‑за мяжы служыць у касьцёле, альбо выкладчык ў духоўную навучальную ўстанову, ці любы іншаземец для ўдзелу ў дабрачынных акцыях альбо іншых масавых мерапрыемствах рэлігійнага характару, трэба атрымаць дазвол Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Тлумачыць прэсавы сакратар апарату Ўпаўнаважанага Міхаіл Рыбакоў:«Калі запрашае рэлігійная арганізацыя, яна павінна абгрунтаваць, каго, навошта, на які тэрмін запрашае. Калі не хапае сьвятароў — мы іх кандыдатуры ўзгадняем, разглядаем дакумэнты. Трэба, каб усё было дакладна, зразумела, празрыста».

 
Такім чынам, кожнаму замежніку, які прыяжджае ў Беларусь для ажыцьцяўленьня любой рэлігійнай дзейнасьці, неабходна падрыхтаваць цэлы пакет дакумэнтаў, што пацьвярджаюць ягоную кваліфікацыю. Сьвятару, да прыкладу, неабходна прадставіць дакумэнт аб рэлігійнай адукацыі і даведку пра стаж працы. Для выкладаньня ў духоўных навучальных установах — яшчэ і вучэбныя пляны. Замежнікі таксама павінны пацьвердзіць веданьне беларускай альбо расейскай мовы. Такім чынам, чытаць лекцыі для сэмінарыстаў альбо праводзіць набажэнствы яны павінны будуць толькі па‑расейску альбо па‑беларуску. Пры адсутнасьці любога з дакумэнтаў заяўка ня будзе разглядацца. Да таго ж, Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў можа адмовіць прэтэндэнту без тлумачэньня прычынаў, што супярэчыць, да прыкладу, артыкулу 29 Закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў».

Мясцовых сьвятароў не хапае ў пратэстанцкіх, каталіцкіх храмах. У Беларусі ёсьць дзьве каталіцкія духоўныя сэмінарыі — у Пінску і Горадні, якія ўжо падрыхтавалі больш за 160 сьвятароў, але ксяндзоў ўсё адно не хапае, кажа ксёндз Аляксандар Амяльчэня

«Канечне, існуе дэфіцыт. На дадзены момант хіба што 50% мясцовых сьвятароў працуе, астатнія 50% сьвятароў з замежжа ў нас працуе. Канечне, мы імкнемся, каб сьвятары былі мясцовымі, хаця з удзячнасьцю ставімся да тых, якія працуюць па 10 і больш гадоў для Беларусі».

Прычым, што да падрыхтоўкі каталіцкіх сьвятароў, праграмы ў сэмінарыях усіх краінаў унівэрсальныя, зацьверджаныя Ватыканам. Такім чынам, ксяндзы, якія вучыліся, да прыкладу, у Польшы і ў Пінскай альбо Гарадзенскай сэмінарыях, атрымоўваюць аднолькавую адукацыю.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international