«Новы час» просіць аб падтрымцы

2008 2008-02-04T16:26:50+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Недзяржаўная газета «Новы час» (№ 4 ад 01.02.2008) апублікавала зварот да чытачоў з просьбай аказаць матэрыяльную падтрымку выданню. Па просьбе рэдакцыі змяшчаем тэкст звароту цалкам. 

                                                     
                                                        ЗВАРОТ

Да нашых чытачоў, да ўсіх людзей добрай волі і душы! Да ўсіх, каму дарагія вольнае слова, права на свабоду мець і выказваць сваю думку

Мы звяртаемся да вас за падтрымкай! З цяжкай душой, бо прасіць заўсёды нялёгка. Тым больш пра падтрымку матэрыяльную. Але ж вымушаны. Дзеля выратавання газеты. Дзеля таго, каб не скончыўся час «Новага часу», каб газета не спыніла свой выхад. Гэта была б для нас падвойная бяда і параза, бо разам з «Новым часам» знікне і «Літаратурная Беларусь», 16 старонак якой штомесячна з’яўляліся на свет.

Свабоднае слова — важкае слова. Незалежнай дэмакратычнай прэсы, грамадска-палітычнага і культурніцкага зместу засталося на ўсю Беларусь усяго некалькі дзесяткаў выданняў.

Што ж здарылася?

Справа ў тым рашэнні, пра якое мы вам ужо распавядалі («Новы час», № 38, 24–30 снежня 2007 года), што вынес суд Першамайскага раёна 19 снежня мінулага года па іску Мікалая Чаргінца да унітарнага прадпрыемства «Час навінаў» (выдаўца газеты «Новы час») і журналіста Аляксандра Тамковіча аб кампенсацыі за абразу яго гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, адпаведна: з прадпрыемства (а, значыць, з газеты) — 50 мільёнаў беларускіх рублёў, з журналіста — 1 мільён. Першапачаткова сп. Чаргінец запрасіў 500 і 100 мільёнаў. На судзе знізіў суму іску да 50 мільёнаў — з газеты і 5 мільёнаў — з журналіста. Апошнюю лічбу суд зменшыў яшчэ на 4 мільёны.

І гэта можна лічыць нашай разам з вамі хаця б і частковай перамогай: шырокі розгалас, які атрымала справа, салідарная падтрымка калег, беларускай і міжнароднай грамадскасці дапамаглі выратаваць ад непасільнай выплаты вядомага і мужнага журналіста, які кожны дзень пераадольвае хваробу і змагаецца за жыццё. І піша як заўжды таленавіта, шчыра, ярка, не зважаючы на кан’юнктуру.

Безумоўна, мы не пагадзіліся з іскам, і разам з адвакатам прывялі на судзе аргументаваныя доказы, што ў артыкуле Аляксандра Тамковіча «Генерал-сенатар Чаргінец» («Новы час», № 25 ад 24 верасня 2007 года) не ўтрымліваецца ні слова, якое б можна было палічыць абразай. Адвакат істца І. Меньшакова так і не здолела канкрэтызаваць ні па аднаму з 9 пунктаў (цытат з артыкула Тамковіча), як і ў чым яны з’яўляюцца абразай. Ні адзін з пунктаў не дае падстаў для абвяржэння. Найбольш, яны могуць быць аспрэчаны. У нармальнай публічнай дыскусіі. Пра сваю згоду прадставіць М. Чаргінцу плошчу для публікацыі газета заяўляла не аднойчы. Без адказу.

Мы разглядаем гэтую судовую справу як палітычна матываваную, скіраваную на закрыццё газеты: давесці да банкруцтва і такім чынам ліквідаваць выданне. Запатрабаваная сума кампенсацыі была абсалютна не рэальнай. Тым больш, што мы тут не першыя. Як адзначаецца ў звароце Беларускай асацыяцыі журналістаў ад 18 студзеня, гэты іск «папоўніў шэраг „самых дарагіх“ іскаў з боку дзяржаўных чыноўнікаў да недзяржаўных выданняў».

Мы падалі касацыйную скаргу на рашэнне Першамайскага суда. 11 лютага 2008 года, а 15 гадзіне яна будзе разгледжана Мінскім гарадскім судом. У адпаведнасці з народнай мудрасцю, спадзяемся на лепшае, але рыхтуемся да горшага. Да таго ж прыклад нашых папярэднікаў па аналагічных справах аптымізму не дадае.

І таму ўратаванне газеты «Новы час» толькі і выключна ў салідарнай падтрымцы чытачоў, калег, сяброў, дэмакратычнай грамадскасці. Менавіта такім чынам — талакой у складчыну — супольнымі дабрачыннымі ахвяраваннямі грамадскасць ужо ратавала ад закрыцця не адну газету, дапамагла і дапамагае выплачваць судовыя штрафы дзесяткам барацьбітоў за свабоду і дэмакратыю.

Безумоўна, 50 мільёнаў — гэта шмат. Гэта вельмі шмат. Асабліва, калі гэтыя рублі даюцца штодзённай напружанай працай, з зарплатай далёка не па цэнах жыцця. Што рабочым, што сялянам, што інтэлігенцыі.
Але ўсё ж такі пад’ёмная сума. Нас многа. Хто колькі можа­. І мы пераможам.
У выпадку, калі Мінскі гарадскі суд вырашыць справу на нашу карысць, мы вернем кожнаму ахвяраваныя грошы. Калі ж не, то спадзяемся, больш таго — упэўнены, што генерал і сенатар Мікалай Іванавіч Чаргінец выкажа сябе чалавекам гонару ды слова. Што ён выканае сваё абяцанне, дадзенае ў інтэрв’ю БелаПАН і пералічыць суму кампенсацыі на лячэнне псіханеўралагічных хворых. І пацвердзіць гэта грамадскасці адпаведнымі дакументамі.

Для тых, хто адгукнецца на наш зварот, змяшчаем узор бланку для пералічэння грошай, а таксама паведамляем банкаўскія рэквізіты: Мінская гарадская арганізацыя ТБМ, р/р 3015203830015, МГД ААТ «Белінвестбанк», код 764, УНП 101586589, адрас 220004, Мінск, Калектарная, 11.
Гэта рахунак Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы, якая з’яўляецца заснавальнікам газеты «Новы час».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства