viasna on patreon

Акрэсьцінскі дзёньнік

2008 2008-01-31T15:14:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Яго напісаў Антон Каліноўскі, які адседзеў 10 сутак адміністратыўнага арышту толькі за тое, што прыйшоў у суд падтрымаць сваю сяброўку, паседжаньне над якой, між тым, праходзіла ў закрытым рэжыме: 

Усё пачалося ў восем гадзін раніцы, калі мне патэлефанавала Каця Рамашкевіч і расказала пра затрыманьне сваёй сяброўкі Юлі Сіўцовай, якая ўдзельнічала ў акцыі  прадпрымальнікаў.

Я адразу напісаў пра гэта на наш сайт, пачаў рыхтавацца да іспыту, які павінен быць праз 2 дні і чакаць далейшых навінаў, якія былі несуцяшальнымі: на дзяўчыну склалі пратакол і зараз вязуць у суд Цэнтральнага раёну. Я патэлефанаваў і расказаў пра гэта сябрам, а сам паехаў у суд. Я там быў недзе каля гадзіны дня, было некалькі чалавек: Каця Рамашкевіч, Яўген Пятліцкі. Мы чакалі, калі прыедзе адвакат, прывязуць Юлю і пачнецца суд, хваляваліся з-за прысуда, хаця разумелі, што будуць суткі. Праз гадзіну прыехалі Франак Вячорка і Юрась Станкевіч разам з адвакатам Аляксандрам Галіевым, хутка пачаўся працэс. Ён быў закрыты, нікога акрамя адваката туды не пусьцілі.

Мы стаялі і чакалі прысуду, калі да нас падышлі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС і запатрабавалі дагументы, яны былі ва ўсіх: у мяне, у Франака Вячоркі, Аляксандры Клімовіч і Насты Птушкі, не было толькі ў  Юрася Станкевіча. Яго першым пачалі выводзіць з будынку суду, мае дакументы былі ў міліцыянтаў і адзін з іх сышоў разам з дакументамі. Пасьля да мяне падышоў міліцыянт у цывільным і пачаў выводзіць на вуліцу, дзе я ўбачыў Франака Вячорку і Юрася Станкевіча. Нас завялі ў машыну, пасадзілі на месца для затрыманых і некуды павезьлі.

Мы хутка зразумелі, што гэта Цэнтральны РАУС. Усіх завялі ў адзін з пакояў, мы проста сядзелі, нас трымалі тры гадзіны як бы для высьвятленьня асобы. У гэты час міліцыянт у цывільным пераглядаў апэратыўную відэаздымку з акцыі 10 студзеня, нас там не знайшлі. Пасьля скончыліся адведзеныя законам тры гадзіны, нас развялі па пакоях, пакой, дзе быў я, знаходзіўся на першым паверсе. Пакуль мяне вялі, я пасьпеў пабачыць маці і сяброў. Мне маці перадала швэдар, яе груба адпіхнулі. Завялі ў пакой, я запатрабаваў адваката, мне адразу адмовілі, а праз гадзіну я ўбачыў пратакол, па якому я лаяўся матам у прысутнасьці міліцыянтаў у час, калі мяне вялі з машыны ў будынак РАУС, я адмовіўся яго падпісваць. Пасьля мяне пераконвалі падпісаць, абяцаючы тады штраф. Не падпісаў. Можна падмануць каго заўгодна, акрамя самаго сябе. Пасьля мяне завялі ў пакой, дзе ішоў фільм пра міліцыянтаў, якія дапамагаюць жыхарам Палесься змагацца з паводкай. Там знаходзіўся больш за гадзіну. Супрацоўнікі мне казалі, што не трэба было ісьці на суд, што я трапіў пад так званую раздачу. Пасьля завялі ў машыну. Там былі мы ўтрох. Макс Венярскі, Уладзь Сяргееў, тры затрыманых актывісткі Маладога Фронту: Людвіся Атакулава, Каця Краснова і Кася Галіцкая, іх затрымалі на катку на Кастрычніцкай

Павезьлі на Акрэсьціна, праверылі і да раніцы пасадзілі ў другую камэру. З раніцы павінны быў быць суд.

Дзень другі. 17 студзеня.

Разбудзілі рана, не далі ні кавы, ні гарбаты адразу павезьлі ў суд. Ад першай ночы на Акрэсьціна ўражаньне даволі брутальнае: прыбіральня, драўляная сцэна і ўсё. Больш у камэры няма нічога. У суд везьлі ўсіх разам, у аданой вялікай машыне. Да нас ноччу падсадзілі яшчэ Пашу Кур’яновіча, у якога было два пратаколы, акцыю і за лаянку матам. Калі мы прыехалі, ля суда ўжо былі людзі, я пазнаў Маркоўскую Кацю, Клімовіч Аляксандру, Зьмітра Хведарука, Лявона Барчэўскага, Любоў Лунёву, Рамана Латушку. Дзякуй усім, хто прыйшоў на суд нас падтрымаць, негледзячы на магчымае затрыманьне. Усіх прывялі ў пакой на трэцім паверсе, пасадзілі ў адной залі. Доўга чакалі пакуль прыдуць судзьдзі, Бычко і Паўлючук. Пачалі выводзіць па аднаму на працэсы, якія цягнуліся больш за гадзіну. Прысуды былі не менш за 10 сутак, у асноўным 15. Каля трох гадзін дня павялі мяне. Мяне судзіла судзьдзя Тацяна Паўлючук. Усё было вельмі стандартна: ілжэсьведкі, незадаволеныя хадайніцтвы, грубасьць міліцыянтаў. Мне пашчасьціла, мне далі толькі дзесяць. Папрасіў, каб далі магчымасьць паесьці, бо я не еў і не піў з вечара пазамінулага дня. Спачатку адмовілі, але пасьля працэсу дазволілі перадаць мне некалькі бутэрбродаў і мінералку. Зьелі і выпілі ўсе разам.

Каля васьмі гадзінаў вечара ўсіх павезьлі ў РАУС, а пасьля на Акрэсьціна. Там нас з дзяўчынамі падзялілі, іх у асобную камэру, нас у асобную. Я апынуўся ў камэры нумар 20. Нас было дванаццаць чалавек, пералічу ўсіх: Арсень Пахомаў, Андрэй Зорка, Юрый Куксюк, Анатоль Шумчанка, Уладзімер Шыла, Франак Вячорка, Юрась Станкевіч, Макс Венярскі, Паша Кур’яновіч, Уладзь Сяргееў,Алесь Чарнышоў. Адразу ляглі спаць, пачаліся акрэсьцінскія будні.

Дзень трэці. 18  студзеня.

Першы дзень на Акрэсьціна. Прачнуліся, з раніцы пад'ём, праверка, сьняданак, ад якога я адмовіўся, есьці немагчыма: каша, якая плавае ў вадзе, гарбата, якая нагадвае звычайны кіпень з сольлю і цукрам. З раніцы гулялі ў мафію, у кракадзіла, пасьля чытаў кнігу. У першы дзень вырашыў паабедаць: зьеў катлету, якая насамрэч была хлебнай, крыху супу, усё прыйшлося заядаць акрэсьцінскім хлебам. Пілі вельмі шмат сока, мінералкі, кока-колы. Днём лёг спаць, пасьля думаў: за што нас пасадзілі, яны хочуць нас так запужаць? Магчыма, але хучэй нават не нас, а тых людзей, якія зьбіраюцца ісьці на Плошчу 21 студзеня

Дзень чацьвёрты. 19 студзеня.

Раніцай разбудзілі каля васьмі гадзін, якраз да ранішняй праверкі. Ноччу сьнілася Таня Цішкевіч, я не бачыў яе ўжо даўно, з суда, на якім ёй далі 20 сутак і сёньня, воляй лёсу, мы аказаліся ў адным і тым жа месцы. У сьне мы гулялі па Вільні ў гадзіну ночы, не маглі знайсьці Беларускі Дом Правоў Чалавека, размаўлялі. Сон быў вельмі доўгім і прыемным, я прачнуўся з цудоўным настроем, але ўбачыў, што тут яе няма, што гэта падман.З раніцы сьпявалі  "Магутны Божа", было ўзьнёсла і прыемна. У мяне сёньня іспыт па французкай мове, але я туды натуральна не трапіў. Разам з Юрасём Станкевічам вучыў польскую, чыталі, ён мне даваў граматычныя заданьні, трэба ж неяк больш-меньш з карысьцю праводзіць час на Акрэсьціна. Пасьля абеду нас павялі ў душ, гэта быў адзін з самых прыемных момантаў падчас адсідкі, і ногі можна размяць, і змыць з сябе ўвесь бруд, які назьбіраўся за некалькі дзён. Пасьля лёг спаць.

З раніцы прачнуўся ад болю ў горле, яно страшна балела, я адчуваў, што вельмі высокая тэмпература. Адчуваю, што захварэў. У камеры былі лекі, асьпірын, анальнін, антыбіётыкі. Выпіў некалькі таблетак. Пасьля запіў гарачай гарбатай, яна здалася вельмі смачнай. Разумееш, што трэба піць шмат цёплага, але гэта, на жаль, толькі тры разы на дзень. Прасіў, каб прынесьлі яшчэ гарбаты, міліцыянты не дазволілі, выклікалі медыка. Была тэмпература 38,6. Стала сапраўды страшна ў той момант. Мяне накрылі чым толькі можна, я нават пачаў думаць пра тое, каб прасіць выклікаць хуткую. Пасьля заснуў, увесь дзень знабіла, не мог нават устаць узяць вады. Дзякуй сукамернікам, яны мне вельмі дапамагалі.

Дзень шосты. 21 студзеня.

Вечарам піў лекі, але раніцай лягчэй не стала. Прачнуўся рана, па маіх падліках было каля трох гадзінаў ночы. Доўга не мог заснуць ад болю ў горле. У шэсьць гадзінаў раніцы пачалася прыборка камэры, пасьля сьняданак, праверка. Папіў лекаў, выпіў дзьве порцыі так званай гарбаты, пасьля зноў заснуў. Калі прачнуўся, то пайшлі чуткі, што частка палітычных пачала аб’яўляць галадоўку ў знак салідарнасьці з тымі, хто сёньня пойдзе на Кастрычніцкую плошчу.

Насуперак усяму, даволі добра сябе адчуваю, баліць толькі сьпіна крыху, але гэта ў параўнаньні з мінулай хваробай проста драбяза. Ня сьнедаў, нават гарбату ня піў. Пасьля зноў лёг спаць, спаў да абеду. Прачнуўся ад таго, што ў камэры сьпявалі беларускія песьні: Віктара Шалкевіча, Касю Камоцкую, Крамбамбулю. Пасьля прыйшлі міліцыянты і загадалі супакоіцца, дазволіўшы сьпяваць толькі афіцыйны гімн і толькі стоячы. Абмяркоўвалі акцыю прапрымальнікаў, пра якую даведаліся дзякуючы Камсамолцы, якую нам перадалі. Вечарам чытаў падручнік па французкай мове.Дзень восьмы. 23 студзеня.

Нічога цікавага не адбылося, няма нават пра што напісаць. Звычайныя акрэсьцінскі будні

Дзень дзевяты. 24 студзеня.

Перадалі газэты, Беларусы і Рынак, Камсамолку, Наша Слова. Чамусьці не перадаюць ні Народную Волю, ні Нашу Ніву. Хучэй за ўсё, гэта загад. Другі раз за ўвесь час звадзілі ў душ, прыемна. Пасьля душа так званы абед, пасьля чытаў, гулялі ў гульні. Вечарам прыйшоў адвакат Павал Сапёлка, падрабязна расказаў пра акцыю прадпрымальнікаў, пра вызваленьне Зьмітра Дашкевіча, пра зьняволеньне Зьдзьвіжкова. Адніх садзяць, іншых выпускаюць.

25 студзеня. Дзень дзевяты.

Перадапошні дзень, вельмі хвалююся. Сёньня з раніцы пачалі вызваляць сукамернікаў-суседзяў. Іх павінны былі пачаць адпускаць днём, але пачалі з раніцы. Выйшлі-Шумчанка, Шыла, Зорка, Чарнышоў, Пахомаў, Куксюк. Усе вы-класныя людзі, вы мне сапраўды дапамагалі, калі было цяжка. Я асабліва дзякую Ўладзімеру Шылу за вершы, якія ён пісаў літаральна кожную гадзіну. Пасьля да нас падсялілі Алега Корбана, якога, як мы даведаліся, затрымалі каля Акрэсьціна, калі ён прыносіў перадачу. Да чаго дайшла сыстэма, аднаго на акцыі, трох сяброў на ягоным судзе, яшчэ чалавека за перадачу. І для ўсіх ёсьць артыкул нумар 17, частка першая.<

Дзень адзінаццаты. 26 студзеня. Апошні.

Упершыню за ўвесь час прызначылі дзяржурным па камеры. Прыйшлося прачынацца першым, рабіць уборку. Пасьля сьняданьне, калі гэта можна так назваць. Пасьля чытаў кнігу. Апошнія гадзіны - самыя цяжкія. Як быццам не гадзіны, а дні. Выпусьцілі Макса Венярскага, хваляваньне павялічылася. Яго павінны былі выпускацуь на дзьве гадзіны раней за мяне. Макс вельмі класны чалавек, мы развіталіся, дамовіліся сустрэцца на волі. Прайшло яшчэ некалькі гадзін, дзьверы адчыняюцца, заходзіць міліцыянт, кажа: "Каліноўскі, з рэчамі на выхад!" Дзесяць хвілін занялі фармальныя працэдуры - і я на Свабодзе! Дзякуй усім, хто мяне падтрымоўваў!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства