12 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля пачалося слуханьне адміністратыўнай справы па абвінавачваньні ўласнага карэспандэнта "Народнай волі", сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Ірыны Макавецкай у непавазе да суду, паведамляе партал belngo.
13.01.2005.
Нагодай да судовага разьбіральніцтва стаў інцыдэнт, які адбыўся 2 сьнежня 2004 года ў судзе Чыгуначнага раёна, калі судзьдзя Тацьцяна Адрыбец не дазволіла журналістцы прысутнічаць на адкрытым судовым паседжаньні і для яе выдаленьня з залі выклікала міліцыю. "Пратакол, які быў складзены ў дачыненьні да мяне, утрымлівае шэраг ілжывых зьвестак. У ім наогул ня ўзгадваецца рэальны канфлікт, калі судзьдзя крычала мне ў твар, што сама будзе вырашаць, хто мае права прысутнічаць на адкрытым судовым паседжаньні. Там напісана, што я ўварвалася ў кабінэт і перашкаджала судзьдзе", — распавяла Ірына Макавецкая.Паводле словаў журналісткі, сьведкамі здарэньня былі абвінавачваемая па той справе дачка вядомай гомельскай прадпрымальніцы, старшыні першаснай арганізацыі прыватных прадпрымальнікаў Гомеля Свабоднага прафсаюзу Беларускага Тацьцяны Марчанкі Юлія, яе адвакат і супрацоўнік яе прадпрыемства. Аднак у пратаколе адзіным сьведкам пазначаны прадстаўнік супраціўнага боку таго працэсу — начальнік юрыдычнага аддзелу падатковай інспэкцыі Чыгуначнага раёна Гомеля Андрэй Краўцоў.
Судзьдзя па адміністратыўных справах Цэнральнага суда Яраслаў Парэмскі адхіліў хадайніцтва спн.Макавецкай, датычнае дапросу судзьдзі Адрыбец, а таксама ён адмовіўся дапытаць галоўную сьведку Юлію Марчанку, таму што яна знаходзіцца на адпачынку і вернецца толькі праз тыдзень. "Закон не вызваляе судзьдзяў ад функцыяў сьведкі, тэрміны справы дазваляюць нам дачакацца вяртаньня Юліі Марчанкі. Таму ўжо зараз можна казаць пра перадузятае стаўленьне да мяне з боку судзьдзі Парэмскага", — лічыць Ірына Макавецкая.
Па меркаваньні журналісткі, ў дачыненьні да судзьдзі Адрыбец трэба узбуджаць крымінальную справу за стварэньне перашкодаў пры ажыцьцяўленьні законнай дзейнасьці журналіста.
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








