viasna on patreon

Алесь Бяляцкi: "Аранжавая рэвалюцыя" даводзiць, што перамагае той, у каго мацнейшыя нервы" (інтэрв'ю газеце "Народная Воля").

2005 2005-01-13T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Украiнскi выбарчы марафон, якi ўжо ўвайшоў у палiтычную гiсторыю постсавецкай прасторы як "аранжавая рэвалюцыя", яшчэ доўга будуць асэнсоўвацца палiтыкамi, навукоўцамi i паспалiтымi грамадзянамi. Афiцыйныя Мiнск з цяжкасцю хавае раздражнённасць з нагоды сакрушальнай паразы кандыдата ад ўлады, апазiцыя не хавае сваёй радасцi. Як украiнскi досвед прыдасца беларускай дэмакратыi? Пра гэта гаворка з Алесем Бяляцкiм, старшынём забароненага уладамi праваабарончага цэнтра "Вясна".
-- Спадар Алесь, украiнскiя ўлады нi чынiлi перашкодаў
Вам як назiрадьнiкам за выбарамi?
-- Украiнскiя -- не. Беларускiя -- так. Разам з iншымi назiральнiкамi ад Беларусi (гэта каля 80 чалавек) я мусiў ехаць ва Украiну 22 снежня, аднак давялося затрымацца. Перад ад'ездам мы ўсе сабралiся ў гасцiнiцы "Беларусь" на брыфiгiнгу, адтуль збiралiся ехаць на вакзал. Нiхто, зразумела, не чакаў, што на брыфiнг з'явiцца мiлiцыя, якую нiхто не запрашаў, i ўсiх затрыме. Так што на цягнiк мы спазнiлiся. Гэтая сiлавая акцыя ўлады ўражвае сваiм абсурдам. Ну не паехалi мы 22-га, дык усяроўна 26-га ўсе беларускiя назiральнiкi былi там, дзе iм належыла быць. Каб нам перашкодзiць давялося б заканапацiць ўсю беларуска-украiнскую мяжу. А гэта тэхнiчна немагчыма. Зрэшты, паехаць ва Украiну можна i праз Расiю.
Гэты iнцыдэнт з таго ж шэрагу, што i забарона кандыдатам, супрацьзаконна адхiленым ад удзелу ў парламенцкiх выбарах, сабрацца на нараду ў Мiжнародным адукацыйным цэнтры (IBB). Раней такога не было, каб улада цiснула на IВВ, каб зрывалiся запланаваныя ў гэтых сценах мерапрыемствы, каб кiраўнiцтва Мiжнароднага адукацыйнага цэнтра прымушалi разрываць падпiсаную дамову i парушаць дадзенае слова. Усё ж такi IВВ мае, хоць i неафiцыйна, экстэрытарыяльны статус. I для улады, i для апазiцыi Мiжнародны адукацыйны цэнтр -- гэта "амбаспада Еўропы" ў Беларусi. Вiдавочна, улады апрацоўваюць методыку татальнай "зачысткi" грамадства, забароны грамадскiх iнiцыятыў увогуле.
Вяртаючыся да iнцыдэнта 22 снежня, адзначу, што гэты першы выпадак, калi апазiцыянеры падвярглiся рэпрэсiям не за тое, што адбываецца на тэрыторыi нашай краiны (да гэтага ўжо прызвычаiлiся), а за сваю дзейнасць за межамi Беларусi.
Тая акалiчнасць, што ў праваабарончага цэнтра "Вясна" няма афiцыйнай рэгiстрацыi ў Рэспублiцы Беларусь, не мае значэння для нашых замежных партнёраў. Мы прадстаўляем Беларусь ў Еўрапейскай арганiзацыi па назiранню за выбарамi (ENЕMO). Гэта арганiзацыя аб'ядноўвае 12 краiн. Яна адыграла важную ролю ў часе выбараў у Югаславii i зараз -- ва Украiне.
На паўтор другога тура прэзiдэнцкiх выбараў (афiцыйна гэта не трэцi тур, а менавiта паўтор другога, якi прызнаны не адбыўшымся) мы патрапiлi ў час. Мне давялося назiраць за выбарамi ў мястэчку Белаводск на Луганшчыне.
-- Чым гэтае мястэчка прыцягнула ўвагу мiжнародных назiральнiкаў?
-- Рэч у тым, што на другiм туры тут былi зафiксаваныя абсалютна фантастычныя лiчбы, якiя правакуюць успамiн пра савецкую мiнуўшчыну i згадкi пра нашу, беларускую, рэчаiснасць. У Белаводску ў выбарах узялi ўдзел 99,9 адсоткаў ад агульнага спiсу. I 98 адсоткаў тых, хто прагаласаваў, аддалi галасы за Януковiча.
Насельнiкаў у Белаводску 13 тысяч. Уся прамысловасць -- невялiкi маслазавод. Не гледзячы на тое, што ад мястэчка да мяжы з Расiяй недзе каля 20-цi кэламетраў, тут пануе украiнская мова. З дыялектнымi асаблiвасцямi, але натуральная, жывая. На ёй гаворыць i народ, i начальства. Члены выбарчых камiсiй -- таксама. Але хоць мова тут украiнская, але ментальнасць савецкая. Адчуваецца аддаленасць ад Еўропы. Расiя побач, а нават да Польшчы (хоць Польшча далёка не эталон еўрапейскасцi) -- 2 тысячы кiламетраў.
--Мабыць, i пры вiдавочнай прыпiсцы галасоў Януковiчу на другiм туры ягонае лiдэрства ў гэтых мясцiнах не выклiкае сумнёву?
--. Так. Тое, што гаворыць Юшчанка гэтым людзям не зразумелае. Яны не бачаць сябе ў той Украiне, якую увасабляе лiдар апазiцыi. Скажу болей, яны прызвычаiлiся падпарадкоўвацца, наяўнасць альтэрнатыва iх палохае сваёй нязвыкласцю. Але "аранжавая рэвалюцыя" ў Кiеве безумоўна адбiлася i на сiтуацыi ў правiнцыi.
На паўторы другога тура яна кардынальна адрознiвалася ад той, якая была восенню. Гэта канстатавалi i мае калегi з Расii, з якiмi мы разам працавалi ў Белаводску. Найперш змене сiтуацыi паспрыяла карэктыроўка выбарчага заканадаўства, якая моцна абмежавала, а ў шэрагу выпадкаў зрабiла немагчымым скарыстанне адмiнiстрацыйнага рэсурсу. Згодна новаму заканадаўству, колькасць членаў выбарчых камiсiй, якая раней даходзiла да 50-цi чалавек, была зменьшаная да 12-цi. На выбарчых участках, якiя мелi цотныя нумары, старшынямi паставiлi прыхiльнiкаў Юшчанкi, а на "няцотных" участках -- Януковiча. Але там, дзе старшыня -- за Януковiча, сакратаром -- ягоны палiтычны апанент, юшчанковец. I наадварот: старшыню юшчанкоўца кантралюе сакратар ад Януковiча. У такiх умовах сфальсiкаваць вынiкi выбараў даволi цяжка. Трэба даваць, што i самi члены выбарчых камiсiй былi зацiкаўленымi, каб гэты тур выбараў быў апошнiм: неакрэсленасць, неўцямнасць палiтычнай сiтуацыi пагражала асновам дзяржавы -- Украiне быў проста неабходны легiтымны прэзiдэнт. А значыць выбарчыя камiсii iмкнулiся пазбегнуць iнцыдэнтаў, якiя б далi падставы для аспрэчвання вынiкаў галасавання.
Былi пашыраныя i паўнамоцтвы назiральнiкаў, якiя ў параўннанi з тымi, якiя дазваляе беларускае заканадаўства, былi немалымi. Так нам было дазволена глядзець ўсю дакументацыю, якая ёсць на выбарчым участку, любую паперу. Выдалiць назiральнiка з участка можна было, толькi калi б ён здзейснiў нешта надзвычайнае. Напрыклад, каб сарваць выбары лёг бы на скрыню цi на парозе участка.
Паўтару, ў такiх умовах нешта падтасаваць вельмi цяжка. Ведаючы, як праходзiлi выбары на Луганшчыне, я веру i агульнадзяржнаўным лiчбам,
На другiм туры, прызнаным неадбыўшымся, большасць фальсiфiкацый здзейснялася праз адмацавальныя квiткi i праз чахарду з перасоўнымi скрынямi. Гэтым разам галасаванне за мяжамi выбарчага ўчастка было рэзка абмежавана. Скрынi вазiлi толькi да iнвалiдаў першай групы i да хворых, якiя прадставiлi у выбарчую камiсiю даведку з медычнай установы. Прычым суправаджалi скрыню члены камiсii з розных палiтычных лагераў. Узаемакантроль гарантаваў празрыстасць выбараў i справядлiвасць падлiку галасоў.
Яшчэ нагадаю, што напярэдаднi паўтору другога тура каманда Юшчанкi правяла рэвiзiю агульнадзярнага спiсу выбаршчыкаў (гэта дзесяткi мiльёнаў прозвiшчаў) i ачысцiлi яго ад "мёртвых душ" i ад асабаў, якiя згадваюцца ў спiсе двойчы i тройчы (адпаведна, двойчы i тройчы галасуюць.
На другiм туры па ўчастках ездзiлi калоны аўтабусаў, пасажыры якiх, карыстаючыся адмацавальнымi квiткамi, галасавалi па некалькi разоў. Зараз i гэтую вольнiцу, а дакладней -- свавольства, прыпынiлi.
Усё гэта адбiлася на вынiках выбараў. Гэтым разам у Белаводску зафiксаваны ўжо толькi 91 адсотак яўкi на выбары i 92 адсотка галасоў, аддадзеных за Януковiча. Па падлiках другога тура ў Белаводску за Юшчанку было 0,5 адсотка галасоў, на паўторы -- 5. У перакладзе на канкрэтныя лiчбы Юшчанка прыдбаў ў гэтым мястэчку ўсяго некалькi дзесяткаў галасоў, вярнуў тое, што было скрадзена восенню. Нiбыта, дробязь. Але калi гэтыя дробязi падсумоўваюцца ўвогуле па краiне з iх складаецца перамога на выбарах.
Варта адзначыць, што палiтычныя апаненты здолелi паразумецца ў часе працы ў выбарчых камiсiях. Не было варожасцi. Мне падаецца, што развагi пра раз'яднанасць украiнскай нацыi, пра падзел на "бандэраўскую" Галiчыну i "бандыцкую" Данеччыну -- мiфiчны, ён не адпавядае рэальнаму стану краiны. Такой хацела бы бачыць Украiну Масква, i, адпаведна, такi вобраз ствараецца расiйскiмi СМI.
-- Я чытаў iнтэрв'ю беларускiм журналiстам вядомага расiйскага аналiтыка Караганава. На ягоную думку, беларусы дарма ездзiлi на Майдан Незалежнасцi. Украiнскi досвед Беларусi непрыдатны. А як мяркуеце Вы?
-- Усё, што адбываецца вакол Беларусi, так цi iнакш уплывае на нащу ўнутрыпалiтычную сiтуацыю. Украiнскi досвед прыдатны Беларусi як у стратэгiчным, так i ў тактычным плане. Украiна пераканаўча давяла, што перамогу дэмакратыi адбудзецца не ў вынiку нейкай спантаннай акцыi, а ў вынiку працяглага, добра арганiзаванага супрацьстаяння апазiцыi ўладнаму свавольству. Перамагае той, у каго мацнейшыя нервы.
-- Як канкрэтна перамога демакратыi ва Украiне адаб'ецца ў Беларусi ў блiжэйшы час?
-- Найперш, афiцыйны Мiнск пазбавiцца падтрымкi Кiева на мiжнароднай арэне. Па-другое, ёсць верагоднасць, што iнфармацыйны ўплыў Украiны на Беларусь, асаблiва ў сумежных рэгiёнах, будзе спрыяць пашырэнню iдэй дэмакратыi ў беларускiм грамадстве. Ды i увогуле, прыклад "аранжавай рэвалюцыi" дорыць надзею i натхняе.
-- Дзякуй за гутарку.

Гутарыў Пётра ВАСIЛЕЎСКi

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства