БКДП вінаваціць пракуратуру ў бязьдзейнасьці

2008 2008-01-24T14:25:07+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

 Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў зьвярнуўся да гэнэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча з заявай на бязьдзейнасьць пракуратуры Ленінскага раёну Менску.  Больш за месяц БКДП не атрымоўвае ад раённага пракурора адказу на заяву аб неправамоцных дзеяньнях міліцыі.
 Яшчэ 10 сьнежня кіраўніцтва прафсаюзу накіравала пракурору Ленінскага раёну Ігару Ўкраінцу заяву пра незаконны ператрус у офісе Кангрэсу, які супрацоўнікі міліцыі правялі 6 сьнежня. Мінула больш за месяц, але пракуратура працягвае трымаць маўчаньне. Вось як гэта пракамэнтавала старэйшы памочнік пракурора Натальля Махонька: “Як правіла, цягам месяца даецца адказ. Калі ёсьць нейкія пытаньні, то праверка працягваецца. Але пакуль я вам не магу нічога сказаць. Гэта трэба паглядзець па канцылярыі што там і як”. У Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў кажуць, што ня зьдзіўленыя дзеяньнямі раённай пракуратуры і не спадзяюцца на станоўчы адказ з генэральнай. Але вось як тлумачыць сваю настойлівасьць адзін зь лідэраў БКДП Мікалай Канах: “Улады нас заўжды вінавацяць у тым, што калі тут парушаюцца правы прафсаюзаў, то мы адразу зьвяртаемся ў Міжнародную арганізацыю працы. Што мы не спрабуем вырашыць пытаньне ўнутры краіны. Вось мы і спрабуем вырашыць унутры краіны: зьвярнуліся ў раённую пракуратуру і не атрымалі адказу, зьвярнуліся ў генэральную. Думаю, адтуль таксама не атрымаем ніякага адказу. Тады мы зьвернемся ў Міжнародную арганізацыю працы”.  Гэты прыклад – тыповы ва ўзаемаадносінах уладных структураў з дэмакратычнай супольнасьцю. Нагадаю, напрыклад, што нядаўна пракуратура адмовіла моладзеваму актывісту Зьмітру Хведаруку ў адкрыцьці крымінальнай справы супраць сілавікоў, якія зьбілі яго падчас акцыі пратэсту супраць прыезду Пуціна. Такіх і падобных фактаў – многія дзясяткі, кажа юрыст і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч: “Калі гэта тычыцца палітычных спраў, то пракуратура вельмі часта выяўляе нечуванасьць, яна ня чуе зваротаў грамадзян. Альбо адказы не стасуюцца з заканадаўствам. Натуральна, што пры гэтым парушаецца і закон аб пракуратуры, і закон аб зваротах грамадзян. І такіх прыкладаў вельмі шмат. На жаль, я асабіста не магу ўзгадаць ніводнага выпадку, калі скарга ў пракуратуру паводле палітычнай справы, была разгледжана пазытыўна і пракуратура вынесла станоўчае рашэньне ў адпаведнасьці з законам і прыцягнула да адказнасьці вінаватых асобаў”. Летась пракуратура Магілёву адмовіла Крысьціне Шацікавай у адкрыцьці крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія гвалтоўна зьмясьцілі яе ў псыхіятрычны шпіталь. Гэтаксама адмовілі Сьвятлане Завадзкай, якую зьбіў амапавец падчас пікету ў памяць яе зьніклага мужа Зьмітра Завадзкага. Пракуратура адмаўляла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы праваабаронцу Алегу Воўчаку, які абараняў ад зьбіцьця Аляксандра Казуліна каля Нацыянальнага прэс-цэнтру, а таксама палітыку Сяргею Скрабцу. Суды Беларусі шматразова адмаўлялі сябрам Маладога фронту прыцягнуць да адказнасьці Міністэрства юстыцыі за адмову рэгістраваць арганізацыю.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international