Дазволу на правядзенне “Рок-кароны” Мінгарвыканкам пакуль не даў

2008 2008-01-22T11:43:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Як стала вядома Еўрарадыё, яшчэ ўчора арганізатары фестывалю “Рок-каранацыя” павінны былі атрымаць ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкаму дазвол на правядзення мерапрыемства. Але дазволу, так званай “разавай ліцэнзіі”, яны не атрымалі і ў аўторак.

Заснавальніка “Рок-каранацыі” Юрыя Цыбіна ўчорашні безвыніковы паход да чыноўнікаў выканкаму не пазбавіў упэўненасці ў станоўчым вырашэнні пытання. Кажа, пасля з’яўлення ў афіцыйнай прэсе інтэрв’ю з лідэрамі гуртоў “Крама” і N.R.M. Ігарам Варашкевічам і Лявонам Вольскім забарона выглядала б проста недарэчна.

Юры Цыбін: “Пакуль што адказу з выканкаму няма. Пакуль што. Але спадзяюся, што ўсё будзе нармалёва”.

Каб пацвердзіць аптымістычныя спадзяванні арганізатараў “Рок-каранацыі”, Еўрарадыё звярнулася па каментар ва ўпраўленне культуры Мінгарвыканкаму. Уладзіміра Анціповіча, які адказвае за выдачу гэтых разавых ліцэнзій-дазволаў, чамусьці здзівіла жаданне журналістаў і аматараў рок-музыкі ведаць, ці атрымаюць арганізатары мерапрыемства дазвол на яго правядзенне.

Уладзімір Анціповіч: “Я на такія пытанні вам адказваць не буду. Гэта службовыя адносіны. Што гэта за пастаноўка пытання такая цікавая: “Мы хочам ведаць”?

Высветлілася, што інфармацыя гэта не з’яўляецца таемнай, і чыноўнік проста не хоча размаўляць з журналістамі. І чамусьці па ўсе каментары накіраваў да арганізатараў “Каранацыі”.

Уладзімір Анціповіч: “Я не буду вам нічога казаць, таму, што гэта такая інфармацыя… Яна і не закрытая, і не адкрытая. Гэта проста службовыя адносіны нашы з арганізатарамі, і таму па ўсе каментары звяртайцеся да іх”.

У ранейшым інтэрв’ю заснавальнік “Рок-каранацыі” Юры Цыбін сказаў Еўрарадыё, што арганізатары не бачаць сёлетняга канцэрту без забароненых гуртоў -- “Крамы”, “Нейра Дзюбеля”, N.R.M. і “Палаца”. Ёсць яны ў спісе выступоўцаў, які прыклалі арганізатары да заявы на атрыманне дазволу на канцэрт. Еўрарадыё запаталася ў чыноўніка, ці бачыў ён той спіс. Але слова “спіс” чамусьці выклікала асацыяцыі з “чорным” спісам забароненых гуртоў, і ён усхвалявана пачаў даказваць, што такога спісу не існуе ў прыродзе.

Уладзімір Анціповіч:
“Ніякіх спісаў я не бачыў, і ніякіх спісаў не існуе!”

Калі ж ён нарэшце зразумеў, пра які спіс ішла гаворка, высветлілася, што і спісу запланаваных арганізатарамі “Рок-каранацыі” выступоўцаў ён таксама яшчэ не бачыў. Праўда, упэўніў, што не мае значэння, хто туды запісаны. Маўляў, у нас усе роўныя.

Уладзімір Анціповіч: “Якія могуць быць праблемы? У нас усе людзі роўныя. Ніякіх праблем не павінна быць”.

Арганізатары “Рок-каранацыі” таксама спадзяюцца на тое, што праблем не будзе. І чыноўнікі знойдуць нарэшце час, каб азнаёміцца з іх заяўкай і даць станоўчы адказ.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international