viasna on patreon

Бліжэйшым часам павінна вырашыцца пытаньне аб зьмякчэньні пакараньня прафесару Юрыю Бандажэўскаму

2005 2005-01-11T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасьля працяглага курса лячэньня прафэсар Юры Бандажэўскі зноў накіраваны ў папраўчую калёнію-пасяленьне №26 ў Дзятлаўскім раёне Гомельскай вобласьці. На 6 студзеня гэтага года ён адбыў агулам дзьве траціны свайго тэрміну, і бліжэйшым часам павінна вырашыцца пытаньне аб зьмякчэньні пакараньня. Чакаецца, што цягам гэтага месяца справу Бандажэўскага абмяркуе адмысловая камісія калёніі, якая затым накіруе дакумэнты ў суд. Магчыма, што будзе вырашацца пытаньне пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне прафэсара.

Аднак начальнік калёніі-пасяленьня Васіль Каляда ўстрымліваецца ад канкрэтнай інфармацыі і цьвердзіць, што пакуль ідзе збор адмысловых дакумэнтаў: Юры Бандажэўскі яшчэ не падаў паперы аб прапісцы і аб будучым месцы пражываньня. “Усё яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, і могуць быць варыянты”, тлумачыць спадар Каляда.

Кіраўнік офіса АБСЭ ў Менску Эбэрхард Хайкен патлумачыў у размове з карэспандэнтам “Радыё Свабода”, што АБСЭ зацікаўленая лёсам зьняволенага Юрыя Бандажэўскага. Спадар Хайкен асабіста сустракаўся з прафэсарам ў сьнежні:

“Бюро АБСЭ ў Менску з даўняга часу ўважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі, падтрымлівае ў гэтым пляне кантакты з уладамі і спадзяецца, што хутка будзе вырашана пытаньне аб завяршэньні зьняволеньня прафэсара”.

Міжнародная супольнасьць неаднойчы заклікала беларускія ўлады вызваліць Юрыя Бандажэўскага. Нагадаю, былы рэктар Гомельскага мэдінстытуту прафэсар Бандажэўскі быў арыштаваны ў ліпені 1999 года быццам бы ў рамках надзвычайных захадаў супраць тэрарызму. Празь месяц зьвінавачаньне памянялі на “хабарніцтва” і асудзілі навукоўца на 8 гадоў турмы.

Праваабаронцы цьвердзяць, што Бандажэўскі зьняволены за свае дасьледаваньні аб узьдзеяньні радыяцыі на арганізм чалавека. Вынікі дасьледаваньняў супярэчылі пазыцыі афіцыйнай мэдыцыны. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала спадара Бандажэўскага вязьнем сумленьня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства