Кракадзілавыя сьлёзы міністра Навумава

2008 2008-01-17T12:08:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 

Беларускі праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федерацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі ў сувязі з прайшоўшай акцыяй прадпрымальнікаў і перасьледам яе ўдзельнікаў, серыяй затрыманьняў і арыштаў адзначае:

 

Першае, што мне хацелася б адзначыць, – улады былі зусім не гатовыя да такой актыўнасьці прадпрымальнікаў. Былі некаторыя моманты, якія зрабілі гэтую акцыю выключнай у параўнаньні з тымі, якія традыцыйна праходзілі на працягу мінулага году. Пратэставаць выйшла інакшая ад заўсёднай група людзей, аб’яднаных такімі патрабаваньнямі, якія выцякаюць з абароны сваіх сацыяльных, працоўных правоў.

2007-ы год характэрны тым, што ўлады пачалі наступ на сацыяльныя правы – былі скасаваныя льготы, што ў прынцыпе прайшло адносна спакойна. Было некалькі выступаў студэнтаў у выглядзе пікетаў ці пэрфомансаў, адбылася нябачаная дагэтуль дэманстрацыя школьнікаў у Мазыры, дзе яны выйшлі на цэнтральную плошчу, а фактычна больш і назваць няма чаго. Пенсіянеры, афганцы, чарнобыльцы ціха пракаўтнулі адмену льготаў. Гэта, можа быць, яшчэ адаб’ецца на рэйтынгу нашых уладаў, але фактычна вонкавых праяваў незадавальненьня касаваньнем сацыяльных правоў гэтых шматлікіх групаў насельніцтва амаль не было.

 

 

І вось новы крок – наступ на працоўныя правы дробных прадпрымальнікаў, які, дарэчы, трэба ацэньваць як сур’ёзны наступ на свободу прадпрымальніцкай дзейнасьці, на эканамічныя правы, на разьвіцьцё бізнэсу ў краіне. Відавочна жаданьне ўладаў максімальна зарэгуляваць сферу эканамічнага разьвіцьця ў нашай краіне. Трэба сказаць, што гэтая сфера зьяўляецца дастаткова важнай, бо прадпрымальнікі працуюць са спажывецкімі таварамі і паслугамі, якія датычацца значнай групы людзей, бо ўсе мы ў той ці іншай ступені закупаемся на рынках, езьдзім на маршрутках і г. д., і такім чынам маем сутыкненьні з працай ІП, нават не задумваючыся пра гэта. Зараз, калі апусьцелі некаторыя лакальныя рынкі ў Менску ці зьніклі пэўныя марштруткі ў рэгіёнах, стала бачна, што ўсё гэта адбіваецца на значна большай колькасьці людзей, чым толькі на пэўнай сацыяльнай групе грамадзянаў.

І вось яны нечакана для ўладаў праявілі сябе вельмі актыўна, перакрылі праспект, спрабавалі весьці перамовы і з адміністрацыяй прэзідэнта і з урадам, трымаючы фактычна паўдня на сябе грамадзка-палітычную ўвагу ў краіне. Менавіта гэтым, як мне падаецца, і тлумачыцца пэўная нерашучасьць уладаў ва ўжываньні гвалту да іх, што было на іншых дэманстрацыях падобнага тыпу за апошнія гады. Бачна было, што адсутнічаў канкрэтны загад, існавала пэўная разгубленасьць, і некалькі гадзінаў дэманстранты рабілі калі не ўсё, што хацелі, то шмат таго, чаго ад іх не чакалі.

Гэта мне нагадала прыход клонаў працоўных на плошчу Незалежнасьці ў 1991-м годзе, што тады карэнным чынам зьмяніла палітычную сітуацыю, толькі колькасьць удзельнікаў, нажаль, зараз была не такой масавай.

 

Другое. Зараз стала відавочна, што ўлады вельмі моцна занепакоеныя аб’яўленым на 21 студзеня паўторным прадпрыймальніцкім мітынгам, таму рэпрэсіі пасьля акцыі накіраваныя менавіта на тое, каб прыдушыць актыўны ўсплёск сацыяльна незадаволенай групы людзей. Не дарма ўсім затрыманым былі вынесеныя максімальна жорсткія прысуды -- па 15 сутак арышту, Тацяна Цішкевіч арыштаваная нават 20 сутак, а Уладзімір Шыла дадаткова атрымаў яшчэ і буйны штраф. Не дарма арыштаваныя фактычна ўсе кіраўнікі прадпрымальніцкага руху.

Я хачу каторы раз адзначыць поўную бязсільнасьць і залежнасьць беларускіх судоў. Відавочна, што ўсе прысуды былі напісаныя пад капірку і яўна ўзгодненыя з некім зьверху, таму што больш за 10 судзьдзяў Маскоўскага і Цэнтральнага раённых судоў горада Менску, якія вялі гэтыя працэсы, не маглі так вось дружна выносіць максімальнае пакараньне затрыманым без канкрэтных указаньняў. Дарэчы, трэба адзначыць, што ў Маскоўскім судзе працэсы адбываліся ў паўзакрытым рэжыме, бо абвінавачанага заводзілі ў судовую залу з чорнага ўваходу, і калі працэс пачынаўся, то нікога з жадаючых на яго патрапіць ужо не пускалі. Усё гэта яшчэ раз сьведчыць пра марыянетачнасьць судовай сістэмы, якая знаходзіцца пад кантролем беларускай выканаўчай улады.

 

Таксама не дарэмна было заяўлена, што па факце правядзеньня акцыі пратэсту ўзбуджана крымінальная справа і разглядаецца магчымае прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоля Шумчанкі і старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, якія знаходзяцца на сутках. І такая небясьпека ёсьць.

 

Акрамя таго, пачварны факт жорсткага зьбіцьця шасьці затрыманых удзельнікаў акцыі ў аўтазаку з амапаўцамі, калі затрыманых лежучымі везьлі ў пастарунак, і ўвесь час білі рукамі і нагамі, і яны вымушаныя былі закрываць галовы ад ўдараў. Гэта праява сапраўднага сучаснага садызму і катаваньня з боку супрацоўнікаў міліцыі. Праваабаронцаў вельмі моцна трывожыць падобныя праявы гвалту. Спадзяюся, што зьбітыя напішуць заявы ў пракуратуру на расьследваньне зьбіцьця. Я досыць скептычна стаўлюся да пракурорскага расьследваньня, аднак лічу, што тыя факты, якія ёсьць у пацярпелых, мусіць быць зафіксавана, бо ўпэўнены, вінаватыя ў гэтым – а гэта амапаўцы і іхнія непасрэдныя камандзіры, мусяць адказаць за гэтае злачынства колькі б там часу не прайшло.

 

Дарэчы, заява міністра ўнутраных справаў Навумава, што сярод затрыманых было толькі 2 прадпрымальнікі, зьяўляецца, мягка кажучы няпраўдаю. На самой справе колькасьць затрыманых прадпрымальнікаў большая: да прыкладу, я быў на працэсе аднаго затрыманага ІПэшніка ў Цэнтральным судзе, дзе ён называў нумар свайго пасьведчаньня. Так, сярод удзельнікаў прадпрымальніцкай акцыі былі і партыйныя лідэры, і моладзевыя актывісты, але пра што гэта сьведчыць – пра тое, што дадзеная праблема сапраўды турбуюць грамадзкасьць краіны.

А вось выказваньне Навумава, што ён са сьлязьмі на вачох глядзеў, як дэманстранты плююць і бьюць супрацоўнікаў міліцыі, нагадвае мне кракадзілавыя сьлёзы. Няхай бы ён паплакаў, выслухаўшы тых людзей, якім паламалі рэбры і паразьбівалі галовы, везучы ў кунгу, ягоныя падначаленыя.

 

Як мне падаецца, увогуле развіцьцё гэтай калізіі, якая ўтварылася, будзе вельмі моцна залежыць ад актыўнасьці прадпрымальнікаў на наступнай акцыі 21-га студзеня. Чаканьне рознае, бо, відавочна, што такімі рэпрэсіямі ўлады спрабуюць задушыць усплеск актыўнасьці дробных прадпрымальнікаў, з другога боку, вядома, грамадзкія дэмакратычныя сілы спадзяюцца на тое, што ў прадпрымальнікаў хопіць згуртаванасьці і разуменьня сітуацыі, што, калі яны зараз не будуць актыўнымі, то ў перспектыве ў іх проста не будзе ніякіх шансаў выжыць як пэўнай сацыяльнай групе.

 

Безумоўна, усе гэтыя падзеі, якія ўжо атрымалі ацэнку міжнародных структураў, кіраўніцтва Рады Еўропы, крайне негатыўна ўплываюць на імідж Беларусі, і тыя нясьмелыя жаданьні беларускіх уладаў палепшыць стасункі з Еўразьвязам для паляпшэньня эканамічнай сітуацыі ў краіне разьбіваюцца праз такія дзеяньні. Не трэба мець ніякіх ілюзіяў, калі такая палітыка адносінаў да захаваньня правоў чалавека ў Беларусі будзе працягвацца і надалей, то ніякіх перспектываў для эканамічнага развіцьця паміж Беларусьцю і краінамі Еўразьвязу проста не можа быць.

 

Мы, праваабаронцы, рэзка асуджаем парушэньні з боку беларускіх уладаў міжнародных абавязацельстваў і беларускай Канстытуцыі, і асабліва ўжываньне катаваньняў ў дачыненьні да сваіх грамадзянаў, удзельнікаў прадпрымальніцкай акцыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international