«Вольны горад» задаволены вынікамі суда, але будзе іх абскарджваць

2008 2008-01-16T17:04:15+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

500 тысяч рублёў з заснавальніка незарэгістраванай рэгіянальнай газеты «Вольны горад» Уладзіміра Кудраўцава і журналіста Валерыя Бысава супольна пастанавіў спагнаць суд Чавускага раёна на карысць рэдактаркі крычаўскай раённай газеты «Ленинский клич» Таццяны Іўкінай. Такое рашэнне прыняла 16 студзеня суддзя Вольга Палуян, разгледзеўшы зыск спн. Іўкінай аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Паводле зыску рэдактаркі, накіраванага ў лістападзе 2007 г., у некалькіх нумарах «Вольнага горада» ў 2004 годзе была апублікавана не адпаведная рэчаіснасці негатыўная інфармацыя, якая нібыта зневажала яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Гаворка ідзе пра публікацыю В. Бысава «Шесть лет в редакционном ГУЛАГе».

На думку зыскоўцы, у сваім артыкуле В. Бысаў звінаваціў яе ў непрафесіяналізме, злоўжыванні службовым становішчам і несумленнасці ў дачыненні да падначаленых. У якасці кампенсацыі маральнага ўрону спн. Іўкіна патрабавала з адказчыкаў 10 млн. рублёў (каля 5 тыс. долараў).
Першапачаткова Т. Іўкіна падала зыск у суд Крычаўскага раёна, аднак у снежні справа была перададзеная ў Чавусы. Удзельнікам працэсу гэта патлумачылі імкненнем прадухіліць іх уплыў на суд у Крычаве, дзе яны добра вядомыя.

«Мы лічым вынікі гэтага суда сваёй маленькай перамогай, бо галоўная мэта, якую пераследавала мясцовая адміністрацыя з дапамогай Т. Іўкінай — выставіць непад’ёмную суму, каб перашкодзіць выхаду нашай газеты — не была дасягнутая», — паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» рэдактар «Вольнага горада» Сяргей Няроўны. Тым не менш, адказчыкі збіраюцца абскарджваць судовае рашэнне. 

Кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў, які разам з юрыстам Юрыем Тапарашавым прадстаўлялі інтарэсы адказчыкаў у судзе, таксама лічыць неабходным падаваць скаргу. «Мы лічым, што інфармацыя, распаўсюджаная ў артыкуле, не ўтрымлівала зневажальных для зыскоўцы звестак. А факты, выкладзеныя ў артыкуле, знайшлі пацверджанне падчас судовага паседжання. Тым не менш, суд падтрымаў пракурора, пазіцыя якога падалася нам перадузятай», — зазначыў М. Пастухоў у гутарцы з прэс-службай БАЖ. 

Між тым, 17 студзеня ў тым жа Чавускім судзе пачнуцца слуханні па сустрэчным зыску С.Няроўнага да рэдакцыі газеты «Ленинский клич». Зыск тычыцца некалькіх сатырычных публікацый у дзяржаўнай «раёнцы», падпісаных «Н. Роўным», якія С. Няроўны палічыў зневажальнымі для сябе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international