Уначы 13 сьнежня на кватэры, якую наймае намесьнік дырэктара НІСЭПД Аляксандра Саснова быў праведзены ператрус.

2004 2004-12-14T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. 13 сьнежня былі апублікаваныя вынікі лістападаўскага агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД). Паводле зьвестак сацыёлягаў, за зьмену Канстытуцыі на кастрычніцкім рэфэрэндуме галасавала меншасьць апытаных – 49%. У той жа дзень на менскай кватэры, якую наймае намесьнік дырэктара гэтага інстытута Аляксандар Сасноў, супрацоўнікі КГБ правялі ператрус. Гэта адбылося позна ўначы, і наш карэспандэнт быў адным з панятых падчас гэтага ператрусу.

Па просьбе Аляксандра Саснова і са згоды начальніка апэратыўнай групы я разам з іншымі сачыў за паводзінамі саміх супрацоўнікаў КГБ, за выкананьнем імі заканадаўства – груба кажучы, каб яны не падкінулі якіх патронаў, зброі, наркотыкаў. Спадар Сасноў сам заявіў гэтым супрацоўнікам спэцслужбы, што не выключае падобных дзеяньняў зь іхнага боку, зыходзячы з практыкі савецкага і беларускага КГБ. За імі, акрамя таго, сачылі яшчэ каля дзясятка іншых журналістаў і навукоўцаў з НІСЭПД.

Тры супрацоўнікі КГБ на чале з маёрам цягам паўгадзіны вельмі бегла агледзелі пакоі, сталы, тумбы, паперы. Бачна было, што яны не цікавіліся справамі інстытута, а шукалі нейкія “прылады злачынства” (так было запісана ў пратаколе) паводле крымінальнай справы бізнэсоўца, жонка якога тры гады таму тут нібыта наймала офіс. Па крымінальнай справе гэтага нікому невядомага бізнэсоўца, уласна, і быў прызначаны ператрус. У іх нават не было адпаведнай санкцыі пракурора, толькі рэзалюцыя намесьніка старшыні КГБ. Чамусьці яны вельмі сьпяшаліся, нават ня мелі з сабою чыстых блянкаў пратаколаў ператрусу, так што адзін зь іх пісаў на чыстым аркушы ад рукі.

Відавочна, што нешта зьвязанае з гэтым бізнэсоўцам, якога абвінавацілі ў наўмысным банкруцтве фірмы, знайсьці тут, у кватэры, якую ўжо тры гады наймае супрацоўнік НІСЭПД, не маглі дый не асабліва хацелі. Так што працэдура скончылася фармальна безвынікова, нічога не знайшлі, што я і засьведчыў сваім подпісам пад пратаколам.

На думку Алега Манаева, дырэктара інстытута, сувязь ператрусу з вынікамі апошняга сацапытаньня, згодна зь якім большасьць рэспандэнтаў не пацьвердзіла, што яны галасавалі за зьмену ў Канстытуцыі – навідавоку, бо матэрыялы апошняга сацапытаньня былі шырока распаўсюджаныя сярод СМІ, амбасадаў, арганізацыяў. Алег Манаеў дапускае, што ўлады, відаць, вырашылі правесьці застрашальную акцыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства