Мін’юст больш за ўсё ня любіць маніфэстацый

2008 2008-01-13T19:05:06+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міністэрства юстыцыі запатрабавала ад Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў тлумачэньняў наконт удзелу іх лідэраў Анатоля Лябедзькі, Алеся Міхалевіча і Сяргея Калякіна ў маніфэстацыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Ультыматыўнае патрабаваньне мусіць быць выканана ў 2-дзённы тэрмін. Таксама Мін'юст падаў пазоў на ліквідацыю аб'яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва». БНФ: прадпрымальнікаў падтрымліваем, тлумачэньні можам даць па БТ.

Паведамленьне міністэрства было разьмешчана на яго інтэрнэт-сайце 12 студзеня, таму фактычна партыі маюць на адказ нават ня тры, а толькі два дні.

На падставе часткі трэцяй артыкулу 27 закону «Аб палітычных партыях» міністэрства запатрабавала ад кіраўнічых органаў названых партый падаць «інфармацыю аб тым, ці былі гэтыя асобы ўпаўнаважаныя адпаведнымі партыямі на ўдзел у названым масавым мерапрыемстве з накіраваньнем адпаведных партыйных рашэнняў».

«У выпадку не надзяленьня сваіх партыйных лідэраў названымі паўнамоцтвамі» Мін'юст патрабуе «выказаць афіцыйнае стаўленьне партыі адносна іх дзеяньняў на несанкцыянаваным мерапрыемстве».

На думку адказнага сакратара ўправы Партыі БНФ юрыста Уладзіміра Лабковіча, ліст Мін'юсту «не заснаваны на нарматыўных актах і законах». «Мы зьвернемся ў Белтэлерадыёкампанію з патрабаваньнем даць нам магчымасьць выканаць загад Міністэрства юстыцыі і выказаць стаўленьне Партыі БНФ па пытаньнях дробных прадпрымальнікаў, а таксама акцый пратэсту», — заявіў У. Лабковіч.

12 студзеня Сойм Партыі БНФ прыняў заяву, у якой падтрымаў «патрабаваньні і акцыі прадпрымальнікаў».

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін, які таксама прысутнічаў на мітынгу, заявіў БелаПАН, што ніякага ліста зь Мін'юсту не атрымліваў. «Камэнтар да падобнага ліста павінен даваць не палітык, а псіхіятар», — лічыць С. Калякін. Паводле яго слоў, поколькі дзейнасьць ПКБ прыпынена, «пра ўдзел партыі ў арганізацыі мерапрыемства ня можа ісьці і гаворкі».

З адпаведным запытам у АГП намесьнік міністра юстыцыі Аляксандар Білейчык зьвярнуўся 12 студзеня.

У звароце Мін’юст патрабуе не пазьней за 14 студзеня падаць інфармацыю пра тое, ці быў Анатоль Лябедзька ўпаўнаважаны партыяй на ўдзел у дадзеным масавым мерапрыемстве.

«Калі так — падаць копіі пратаколаў, што ўтрымліваюць адпаведнае рашэньне, — гаворыцца ў запыце. — Калі не — выказаць афіцыйную пазыцыю партыі адносна дзеяньняў дадзенай асобы, а таксама афіцыйна, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі, давесьці да грамадзкасьці інфармацыю наконт датычнасьці Аб’яднанай грамадзянскай партыі да правядзеньня ўказанага мерапрыемства».

Мін’юст запатрабаваў таксама падаць тлумачэньні адносна выкарыстаньня ўдзельнікамі мітынгу сьцягу Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Мяркуючы па ультыматыўным тоне патрабаваньня, Мін'юст хоча павесьці АГП і ПБНФ дарогай Партыі камуністаў. Ліквідацыя Кампартыі распачнецца 30 студзеня.

Адначасова Міністэрства юстыцыі падала ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня «Пэрспэктыва».

У паведамленьні, якое разьмешчана 12 студзеня на сайце міністэрства, адзначаецца, што «10 студзеня 2008 году ў горадзе Менску адбыўся несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў, у якім разам зь іншымі асобамі ўзяў удзел лідэр Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка».

«Падчас правядзеньня названага несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў быў паралізаваны рух транспарту па праспэкце Незалежнасьці ў раёне плошчы Незалежнасьці (на працягу 1 гадзіны 20 хвілін). Дзеяньнямі арганізатараў дадзенага несанкцыянаванага мітынгу, у тым ліку Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня «Пэрспэктыва», нанесена значная шкода інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам», — гаворыцца ў паведамленьні.

Закон «Аб грамадзкіх аб'яднаньнях» утрымлівае норму пра тое, што «грамадзкае аб'яднаньне можа быць ліквідавана паводле рашэньня суду за аднаразовае парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі», падкрэсьлівае Мін'юст.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international