Судовыя слуханні па справе Аляксандра Здвіжкова будуць працягвацца ў закрытым рэжыме.

2008 2008-01-11T17:39:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёння раніцай у Мінскім гарадскім судзе распачаліся слуханні крымінальнай справы ў дачыненні да былога намесніка рэдактара газецы «Згода» Аляксандра Здвіжкова. Яго абвінавачваюць у «распальванні рэлігійнай варожасці» па ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэксу РБ. Журналісту пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі за перадрукоўку ў газеце карыкатур на прарока Мухамеда.

Справу вядзе суддзя Р. Аніскевіч. Абаронцам А. Здвіжкова прызначана адвакат Аляксандрава з Мінскай гарадской юрыдычнай кансультацыі № 3.

У зале суду А. Здвіжкоў знаходзіцца за кратамі, яго ахоўваюць некалькі міліцыянтаў. Яшчэ да прыходу суддзі міліцыянты забаранілі журналістам рабіць фотаздымкі ў зале паседжанняў. Суддзя таксама заявіў, што забараняе фатаграфаваць падчас працэсу, пакуль ён не прыме рашэння па гэтым пытанні.

На пачатку слуханняў А. Здвіжкоў заявіў адвод суддзі Аніскевічу. Ён зачытаў заяву на імя старшыні Мінгарсуда М. Ардзякі, у якой выказаў упэўненасць, што прад'яўленае яму абвінавачанне - нікчэмнае, а суддзя ставіцца да яго справы прадузята.

Па словах А. Здвіжкова, яго затрымалі 18 лістапада, калі ён прыехаў у Беларусь наведаць магілу бацькі. З гэтага часу яго ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. Ён падкрэсліў, што адвакат, прызначаная прадстаўляць яго інтарэсы, ні разу не наведала яго ў ізалятары.

Пасля выступу Здвіжкова суддзя абвесціў перапынак для прыняцця рашэння па адводзе.

Судовыя слуханні па справе А. Здвіжкова будуць працягвацца ў закрытым рэжыме. Адпаведнае рашэнне прыняў суддзя Руслан Аніскевіч, задаволіўшы хадайніцтва пракурора. Па яго словах, публічны разгляд гэтай справы і распаўсюд інфармацыі пра яе можа закрануць пачуцці ўдзельнікаў працэсу і «людзей, якія лічаць сябе мусульманамі». Суддзя запэўніў, што выніковая частка прысуду будзе абвешчаная публічна. Свой адвод, заяўлены абвінавачаным Здвіжковым, суддзя адхіліў як «неабгрунтаваны».

Сённяшнія падзеі ў судзе пракаментавалі прэс-службе ГА «БАЖ» некаторыя прысутныя на працэсе юрысты і журналісты.

Юрый Тапарашаў, юрыст Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ, лічыць, што абвяшчэнне працэсу закрытым было зроблена з парушэннем Крымінальна-працэсуальнага Кодэксу. «Дзякуючы настойлівасці журналістаў і праваабаронцаў удалося дамагчыся хаця б прабачэнняў ад суддзі. Хаця ён і не прызнаў, што Крымінальна-працэсуальны Кодэкс быў парушаны, але ж пацвердзіў, што вывад людзей з залы і перакрыванне ўваходу — гэта самадзейнасць міліцыі», — зазначыў Ю. Тапарашаў.

Аляксей Кароль, былы галоўны рэдактар газеты «Згода»: «Для мяне было нечакана, што працэс абвесцілі закрытым, бо ўся гэтая справа падрабязна асвятлялася ад самага пачатку. Прычым, пачатак гэты быў пакладзены якраз дзяржаўнымі СМІ — у прыватнасці, БТ. Таму я не бачу логікі ў абвяшчэнні працэсу закрытым».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international