Мусульмане ня хочуць "крыві" Зьдзьвіжкова

2008 2008-01-11T16:01:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zdzvizhkou.jpg

Зьдзьвіжкова абвінавачваюць у распальваньні рэлігійнай варожасьці. Некалькі месяцаў журналіст хаваўся ад сьледзтва.

Гісторыя справы такая. У лютым 2006-га году выйшаў чарговы нумар газэты “Згода” з перадрукаванымі зь інтэрнэту карыкатурамі на прарока Мухамэда. Напярэдадні гэтыя карыкатуры зьявіліся ў некаторых эўрапейскіх выданьнях, што выклікала буру пратэсту ў мусульманскім сьвеце.

Дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне выкарыстала карыкатуры ў “Згодзе” ў якасьці абвінавачаньня беларускай апазыцыі у распальваньні ў краіне рэлігійнай варожасьці. Неўзабаве Вышэйшы гаспадарчы суд спыніў выданьне газэты, а гарадзкая пракуратура завяла крымінальную справу супраць намесьніка рэдактара Аляксандра Зьдзьвіжкова, які рыхтаваў нумар да друку. Былы рэдактар газэты палітык Аляксей Кароль згадвае: сёлета ў траўні ён даведаўся ад сьледчага, што спадар Зьдзьвіжкоў уцёк, бо на допыты больш не зьяўляецца. Журналісту прасілі перадаць: лепш здацца добраахвотна.

“Тады сьледчы казаў, што яму рэальна яму варта чакаць альбо штраф альбо “хімію”, але ўцёкі – гэта фактар, які абцяжарвае абвінавачаньне. Дарэчы, з гарадзкой ўправы мне раілі перадаць яму, калі ўбачу, каб ўзяў даведку з бальніцы, што быў хворы, і ўсё будзе нармальна. Уцёкаў быццам ня будзе. Але Сашу я гэтак нідзе і ня бачыў”, – расказвае Кароль.

Невядома, знайшлі Аляксандра Зьдзьвіжкова міліцыянты, ці ён сам прыйшоў у пракуратуру. Былыя калегі журналіста пра гэта нічога ня ведаюць, зь ягонымі сваякамі ў Барысаве скантактавацца не ўдаецца. Сакратарка ў Менскім гарадзкім судзе пацьвердзіла: журналіста утрымліваюць за кратамі і сёньня ў суд прывязуць пад вартай.

Максымальнае пакараньне паводле артыкулу, які інкрымінуюць Аляксандру Зьдзьвіжкову – 5 гадоў пазбаўленьня волі. А якое пакараньне задаволіла б беларускіх мусульманаў, якіх пакрыўдзіла газэта “Згода”?

“Мы не крыважэрныя, мы ня хочам крыві гэтай і тады, і цяпер, – адказвае муфцій аб’яднаньня мусульман Беларусі Абу-Бэкір Шабановіч. – Мы па-братэрску жылі і зьбіраемся тут жыць з усімі народамі. У нас сёньня новы год пачынаецца, 1429-ы, віншаваньні, пажаданьні”.

Спадар Шабановіч пацьвердзіў, што пасьля зьяўленьня абразьлівых карыкатур на прарока Мухамэда ў “Згодзе” зьвяртаўся зь лістом у Дзяржаўны камітэт па справах рэлігіі з просьбай разабрацца ў сытуацыі. Паводле спадара Шабановіча, ён не адмовіўся б і ад сустрэчы з Аляксандрам Зьдзьвіжковым, каб улагодзіць канфлікт, але журналіст “не знайшоў да яго дарогі”.

Былы рэдактар “Згоды” Аляксей Кароль некалькі разоў у сваіх камэнтарах да сытуацыі прасіў у мусульманаў Беларусі прабачэньня за ўчынак свайго калегі. Прычыны Аляксей Кароль тлумачыць асаблівасьцямі характару Зьдзьвіжкова:

“Ён эмацыйны, і часта мне даводзілася спыняць тое, што ён зьбіраўся зрабіць. Для яго ўласьцівыя былі спробы дзейнічаць партызанскімі мэтадамі. Але гэты ўчынак я тлумачу ягонымі эмоцыямі, гэта ніяк не правакацыя”.

Аляксандру Зьдзьвіжкову каля 50 гадоў. Ён скончыў Менскі інстытут замежных моваў, працаваў выкладчыкам гішпанскай мовы ў вучэльні памежнікаў, у рэдакцыі газэты “Фэміда”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international