Дыялогу па выбарах не будзе

2008 2008-01-10T13:08:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўніцтва Аб’яднаных дэмакратычных сілаў атрымала адказ з Адміністрацыі прэзідэнта на прапановы правесці дыялог па выбарчым заканадаўстве і практыцы яго прымянення. У допісе ўтрымліваецца адмова ад такога дыялогу.

З ліста намесніцы кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталлі Пяткевіч вынікае, што гэтая структура не займаецца арганізацыяй і правядзеннем выбарчых кампаніяў, таму і нейкай дыскусіі на гэтую тэму быць не можа.

За легітымныя выбары

Старшыня Нацыянальнага камітэту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) Анатоль Лябедзька заявіў “Нямецкай хвалі”, што абраная раней тактыка АДС была правільная – напрыклад, дэмакраты звярнуліся наўпрост да Чырвонага дому з прапановаю правесці выбары так, каб яны былі прызнаныя легітымнымі не толькі ўнутры краіны, але і па-за яе межамі.

Яны таксама прапанавалі Еўрапейскаму Звязу ініцыяваць правядзенне міжнароднае канферэнцыі па Беларусі з парадкам дня, які таксама прысвечаны выбарчай кампаніі.

Гэтыя захады, па меркаванням Анатоля Лябедзькі, дазваляюць дэмакратам рабіць правільныя высновы і правільна вызначаць фармат іх ўдзелу ў выбарчай кампаніі. “Калі ўлада не гатовая да дыялогу, калі яна мае намер зноў прызначаць, а не абіраць дэпутатаў, то гэта дазваляе нам прагназаваць, якой будзе падрыхтоўчая кампанія”, - падкрэсліў старшыня Нацыянальнага камітэту АДС.

Якая палітыка – такі і адказ

На думку першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, такі адказ з Адміністрацыі прэзідэнта ўкладваецца ў агульную карціну, якая склалася як у ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы кіраўніцтва краіны.

“Гэта галавакружэнне пачалося пасля таго, як удалося здабыць паўтарамільярдавы крэдыт ад Расіі і здабыць абяцанку на наступны двухмільярдавы крэдыт. Гэта небяспечна не толькі для нашай перспектывы дэмакратызацыі, але і для нашай незалежнай дзяржаўнасці”. Такі адказ Пяткевіч, на думку Вінцука Вячоркі, сведчыць пра тое, што трэба разглядаць усю гэтую “кліку” як адно цэлае, і яна, гэтая кліка, у цэлым павінная несці адказнасць за свае ўчынкі.

У выбарчай кампаніі трэба ўдзельнічаць

Тым не менш, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька не ёсць ухвальнікам адмовы ад удзелу ў выбарчай кампаніі.

“Я прыхільнік таго, каб мы бралі ўдзел, але які будзе фармат гэтага ўдзелу, можна будзе сказаць пасля дыскусіі сярод дэмсілаў”.

З лідэрам АГП салідарны і першы намеснік старшыні Партыі БНФ. 

“Мы рыхтуемся да выбарчай кампаніі, і толькі пры ўмове моцнай падрыхтоўкі да яе як да палітычнай кампаніі, мы можам змяніць сітуацыю ў краіне”.  

Асноўныя патрабаванні, па словах Вінцука Вячоркі, уключэнне дэмакратычных прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і рэгістрацыю адзіных дэмакратычных кандыдатаў.

Магчымая дэлегітымізацыя выбараў на міжнародным узроўні

Анатоль Лябедзька схіляецца да меркавання, што ўжо цяпер трэба акцэнтаваць увагу міжнароднае грамадскасці на дзеянні і пазіцыю беларускіх уладаў.

“Каб яны сёння зрабілі выразную заяву, што, калі не зменіцца выбарчае заканадаўства і практыка яго прымянення, то на выбары не будуць накіраваны міжнародныя назіральнікі. Што міжнародная супольнасць не можа прызнаць магчымасць правядзення па гэтым заканадаўстве выбараў па стандартах АБСЕ. Каб дэлегітымізацыя выбарчай кампаніі адбылася зараз і цяпер”.

Байкі для лацінасаў

Вінцук Вячорка скептычна ставіцца да акрэсленага ў допісе Наталлі Пяткевіч сцвярджэння, што Адміністрацыя прэзідэнта не займаецца арганізацыяй і правядзеннем выбараў.

“Гэтыя байкі можна расказваць якому-небудзь госцю з Лацінскай Амерыкі, але не нам”.

Таму палітык не лічыць мэтазгодным звяртацца ў кіраўніцтва прэзідэнцкай вертыкалі з новымі ініцыятывамі ці рэагаваннямі на атрыманы ліст. “Я асабіста не бачу сэнсу ў далейшай рэакцыі”.

Найбліжэйшым часам павінна адбыцца паседжанне Палітрады Адб’яднаных дэмакратычных сілаў, на якім будзе выпрацавана адзіная пазіцыя АДС у дачыненні да будучай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international