Клецкі актывіст пад сьледзтвам шосты раз

2008 2008-01-09T12:15:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Клецкая пракуратура ініцыюе новую крымінальную справу супраць выдаўца бюлетэню «Бойкі Клецк» Сяргея Панамарова.

7 студзеня ўвечары да С. Панамарова завіталі міліцыянты і запрасілі на допыт з нагоды аднаўленьня праверкі па факце абразы ў друкаваным сродку. У пазамінулым годзе ў выдаўца «Бойкага Клецку» мясцовы жыхар Дзьмітры Краўцоў скраў пароль доступу ў Інтэрнэт. У судзе ён прызнаўся, што здолеў пазьней з дапамогай таго паролю «зарабіць» каля 2 тысячаў даляраў. Суд прыцягнуў Краўцова да крымінальнай адказнасьці і абавязаў вярнуць Панамарову грошы. Пазьней рэдактар бюлетэню разьмясьціў у сваім выданьні гутарку з Д. Краўцовым, дзе той красамоўна, не выбіраючы выразаў, апісвае гісторыю свайго затрыманьня.

«Тое «інтэрвію» я ўзяў з аднаго з клецкіх сайтаў, каб паказаць, што гэта за чалавек» — патлумачыў сп. Панамароў.

2 жніўня 2007 г. маці Краўцова аднесла ў клецкую міліцыю заяву нібыта паводле абразы ў друкаваным сродку. Была праведзеная праверка, складу злачынства не знайшлі, і да крымінальнай справы не дайшло.

Паводле Сяргея Панамарова, 7 студзеня міліцыянты мелі пры сабе позву без пячаткі.

«Таму я адмовіўся ісьці зь імі, а таксама нагадаў, што ўжо даваў тлумачэньні паводле гэтай справы і, грунтуючыся на арт.27 Канстытуцыі, больш даваць ня буду» — сказаў выдавец «БК».

Пакуль што на допыт яго не выклікалі.

Нагадаем, што на працягу 2007 году ў дачыненьні да старшыні клецкай суполкі БНФ і выдаўца бюлетэню «Бойкі Клецк» Сяргея Панамарова пяць разоў распачыналі і прыпынялі крымінальную справу паводле ч.2 арт. 188 КК РБ (паклёп у друкаваных сродках). Нагодай для завядзеньня справы стала нататка ў «Бойкім Клецку» пра кіраўніка Клецкай юрыдычнай кансультацыі Натальлю Семашкевіч. Двойчы адмысловая экспэртыза не знаходзіла парушэньняў Крымінальнага кодэксу і справу прыпынялі за адсутнасьцю складу злачынства.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international