Ігнат Дварчанін – выдатны заходнебеларускі дзеяч і літаратуразнаўца

2007 2007-12-10T19:20:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

8 сьнежня споўнілася 70 гадоў з дня расстрэлу выдатнага заходнебеларускага паэта, дзеяча й літаратуразнаўцы Ігната Дварчаніна.

Нарадзіўся ён 8 чэрвеня 1895 году ў вёсцы Погіры Гарадзенскае губэрні ў сям’і арандатара. Ягонае дзяцінства прайшло ў параўнаўча нядрэнных матэрыяльных умовах.

Ужо ў 1912 годзе атрымаў ён званьне народнага настаўніка й прыступіў да настаўніцкай працы ў Слонімскім павеце.

У 1915 годзе быў мабілізаваны ў царскую армію, дзе атрымаў званьне прапаршчыка.

У пэрыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі стаў сьвядомым беларусам і ўступіў у Беларускую сацыялістычную Грамаду, у якой сустрэўся з Браніславам Тарашкевічам. Прымаў удзел у падрыхтоўцы І Агульнабеларускага зьезду.

У 1918 годзе на запрашэньне выдатнага беларускага дзеяча Аляксандра Чарвякова паехаў у Маскву, дзе прыступіў да працы ў Беларускім нацыянальным камісарыяце.

Ужо годам пазьней апынуўся на роднай Гарадзеншчыне, дзе вёў актыўную беларускую нацыянальна-асьветніцкую дзейнасьць, за што быў арыштаваны польскімі ўладамі й памешчаны ў Беластоцкім лягеры.

Зь лягеру ўцёк і накіраваўся ў Вільню, дзе ў 1921 годзе экстэрнам здаў экзамены ў Віленскай беларускай гімназіі. Баючыся перасьледу з боку польскіх уладаў, пераехаў у 1921 годзе ў Латвію, а адтуль у чэскую Прагу, у якой у 1925 годзе закончыў філясофскі факультэт Праскага ўнівэрсытэту.

У Празе сустрэўся з многімі беларускімі студэнтамі, між іншым, з выдатным беларускім паэтам Уладзімерам Жылкам, які быў выбраны старшынём Аб’яднаньня прагрэсіўных беларускіх студэнтаў. Апрача актыўнай грамадзкай і публіцыстычнай дзейнасьці, займаўся навукай, у выніку чаго напісаў і абараніў доктарскую дысэртацыю пад назовам Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе.

У 1926 годзе распачаўся новы пэрыяд у жыцьці Ігната Дварчаніна. Вярнуўся ён з Прагі ў Вільню ды пачаў працаваць выкладчыкам літаратуры ў Віленскай беларускай гімназіі. На працягу кароткага часу падрыхтаваў і выдаў друкам у 1927 годзе Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры, якая была вялікай падзеяй у тагачасным беларускім асьветніцкім жыцьці й якая да сёньня ня страціла свайго дасьледчыцкага значэньня.

Іван Дварчанін цесна зьвязаўся зь Беларускай сялянска-работніцкай Грамадой і пасьля ейнага разгрому ды арышту вядучых дзеячаў стаў адным з найвыдатнейшых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху. Кульмінацыяй у ягонай грамадзкай кар’еры быў выбар у 1928 годзе дэпутатам у польскі Сэйм. Разам зь іншымі дэпутатамі стварыў у Сейме самастойную фракцыю – Беларускі рабоча-сялянскі клюб «Змаганьне». Ігнат Дварчанін стойка й пасьлядоўна абараняў беларускія нацыянальныя й грамадзкія інтарэсы.

У 1930 годзе Ігнат Дварчанін быў арыштаваны й прысуджаны на 8 гадоў зьняволеньня. Два гады пазьней польскія ўлады абмянялі яго на палітвязьня, асуджанага ў БССР. У выніку гэтага абмену Ігнат Дварчанін апынуўся ў Менску.

У сталіцы Беларусі пачаткова працаваў у Акадэміі навук БССР, у Камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі, пры гэтым выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства.

У 1933 годзе Ігнат Дварчанін быў арыставаны пад закідам шпіянажу на карысьць Польшчы й прысуджаны на 10 гадоў лягеру. 25 лістапада 1937 году быў паўторна пастаўлены перад судом, які прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. Прысуд быў выкананы 8 сьнежня 1937 году. Такім чынам на 42 годзе жыцьця быў расстраляны адзін з найвыдатнейшых заходнебеларускіх дзеячаў – Ігнат Дварчанін.

Было гэта адно з найбольш пачварных злачынстваў сталінізму. З кагорты беларускіх нацыянальных дзеячаў савецкая сыстэма вырвала добрага паэта, выключнага дасьледчыка беларускае літаратуры, ахвярнага нацыянальнага дзеяча, вернага сына Беларусі.

Рэабілітаваны 16 жніўня 1956 году.

Жыцьцё й спадчына Ігната Дварчаніна маюць велізарнае значэньне для маладога пакаленьня беларусаў, якія павінны вучыцца ад гэтага чалавека ахвярнасьці й вернасьці родай мове ды Айчыне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international