Т.Леановіч: Палітычны артыкул Андрэя шакуе турэмных наглядчыкаў

2007 2007-12-13T18:58:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Жонка палізвязня Андрэя Клімава Таццяна Леановіч вярнулася з трохдзённага спаткання з мужам. Прапануем вашай увазе інтэрв'ю Таццяны з Еўрарадыё.

- Таццяна, як выглядае месца, дзе знаходзіцца калонія?

- Калі я даведалася, што Андрэя накіроўваюць у Мазырскую калонію, я меркавала, што гэта самая далёкая калонія ад Мінску. Але што гэта так далёка і такое глухое месца, я нават уявіць сабе не магла. Яна знаходзіцца ў 330 км ад Мінску. Ад Мозыра 20 км у бок былой зоны адсялення, Нароўлі. Знаходзіцца калонія ў лесе. Паблізу непраходнае лясное балота. Кіламетрах у двух – прамысловы гігант – Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Канечне, ён мяне таксама ўразіў. Гэта вялізнае збудаванне, з нейкімі вялізнымі факеламі, якія гараць днём і ноччу дзесьці ў нябёсах. Ну, вядома, ён выкідае ў атмасферу шкодныя рэчывы. Паветра далёка ад чыстага нават у лесе.

- Гэта нейкая своеасаблівая калонія?

- Па некаторых прызнаках яна асаблівая. Афіцыйна гэта калонія для асобаў, якія ўжо не ўпершыню прысуджаныя да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, якія ўжо адбывалі пакаранне. На ўваходзе мяне яшчэ ўразіла дэталь: там ёсць пры калоніі вучэбна-метадычны комплекс. Я мяркую, што гэтая калонія карыстаецца нейкім аўтарытэтам сярод іншых. І на яе базе праводзяць навучанне работнікаў пенітэнцыярнай сістэмы, як лепш ахоўваць вязняў. І там знаходзяцца людзі з больш як адной судзімасцю. Ну вось, у Андрэя ёсць знаёмыя з пяццю судзімасцямі, адбываюць цяпер пятае крымінальнае пакаранне.

Яшчэ адна асаблівасць – туды часта накіроўваюць асуджаных з іншых калоній на перавыхаванне, калі заўважаць за імі лідэрскія якасці па фармаванні ачагоў супраціву парадку адміністрацыі ў іншых калоніях. Любы рэжым у калоніі павінен усталёўвацца ў адпаведнасці з законам. Ёсць Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Ёсць Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў. Гэта катэхізіс пенітэнцыярнай сістэмы. І ад яго нельга адхіляцца. Але, магчыма, там ёсць нейкія мясцовыя ноў-хаў.

- Колькі чалавек у атрадзе з Андрэем?


- Колькасць людзей у атрадзе мяне ашаламіла – 200 чалавек. Гэта аб’яднаны атрад. Ён складаецца з двух атрадаў. Размяшчаюцца яны на адным паверсе. Дзякуй богу, яны ўсё ж такі размеркаваныя па некалькіх пакоях.

- А колькі зняволеных у пакоі?


- 30 ці 40. Ложкі двух’ярусныя. Бытавыя памяшканні адны на паверсе на ўсе 200 чалавек. Трэба ж яшчэ ўзгадаць, што ўсе 200 чалавек – рэцыдывісты.

- Дзе адбывалася сама сустрэча з Андрэем?

- Гэта пакоі для доўгатэрміновых спатканняў. Так яны афіцыйна называюцца. Прымальныя, нармальныя ўмовы. Магу адзначыць, што лепшыя, чым у Мінскай калоніі на вул. Кальварыйскай. Нашмат лепшыя. Уразіла мяне чысціня гэтых памяшканняў. Дагледжаны дворык, што быў бясплатным дадаткам. Там можна пагуляць. Дворык невялікі, але вельмі ўтульны, дагледжаны, з фруктовымі дрэвамі, бэзам. Лавачкі, скульптуры для дзяцей, арэлі. Тры дні мы правялі разам. З намі разам быў сын Андрэя.

- Што вы рабілі ўсе тры дні сустрэчы?


- Гэтыя тры дні праляцелі вельмі хутка і незваротна. Такое горкае адчуванне ў мяне з’явілася, калі я прыехала ў Мінск. Пачуццё страты. Вельмі хутка, за размовамі. Там не так ужо і мала забаваў, як можа здавацца. Можна забаўляцца прагулкамі ў дворыку. Так, мы гулялі. Нас суправаджаў там супер-цудоўны кот. Я такіх катоў і не бачыла. У скураным ашыйніку. Нейкі вельмі прыгожы. І ён такія трукі вырабляў! Там ёсць тэлевізар з відэамагнітафонам. Можна было паглядзець баявік. Мы паглядзелі нейкі баявік. Потым мы паглядзелі вытрымкі з семінару кіруючых работнікаў. Хадзілі ў душ. Гатавалі ежу.

- Калі вы толькі пабачылі Андрэя, якое было вашае ўражанне? Як ён выглядаў? Ці змяніўся?


- Адразу, як толькі яго пабачыла, я нічога не заўважыла. Я была вельмі рада сустрэчы, павісла на ім. Ён, канечне, таксама рады быў. Мы абдымаліся… Але потым у мяне атрымалася разгледзець яго бліжэй. Вядома, вельмі худы. Па прыездзе ахоўнікі адабралі ў яго прадукты, доўга затрымлівалі грошы, не ўносячы іх на яго рахунак. Ён фактычна галадаў напрацягу некалькіх тыдняў. Ён цяпер прыкладна такога ж памеру, як і я. Мы можам насіць адну вопратку. Вельмі худы, бледны, знясілены. Ну, зрэшты, там увесь кантынгент такі. Там вельмі скупое харчаванне.

- А чым там кормяць?

- Звычайна раніцай даюць суп. На абед даюць гарачую страву і таксама суп. Вечарам таксама могуць даць малочны суп. Па словах супрацоўнікаў калоніі, з якімі мне давялося размаўляць, у іх ёсць рэвалюцыйнае новаўвядзенне. Асуджаным часам даюць яйка. І гэта радуе.

- Што вы прывезлі Андрэю?

- Я прывезла яму 30 кг прадуктаў, якія прапусцілі. Таму што я ўжо ведаю санітарныя правілы. У мяне ўзніклі вялікія цяжкасці пры кампаноўцы гэтай перадачы. Давялося, напрыклад, адну пазіцыю закрываць вельмі вялікім аб’ёмам. Напрыклад, вельмі шмат каўбасы сыравэнджанай. Таму што цяжка забіць перадачу ў 30 кг такім маленькім пералікам прадуктаў. Ну, каўбасу, сыр можна было, пячэнне, арэхі, чай, каву, сухафрукты любыя, свежыя фрукты і садавіну.

- Ці везлі вы Андрэю якія-небудзь яго любімыя прысмакі?

- Вы ведаеце, там чамусьці ўсе асуджаныя вельмі любяць такую страву, для нас яна цалкам звычайная, а для іх гэта вялізны дэлікатэс. Смажаная бульба з яечняй, як ні дзіўна. Я ўзяла з сабой дзесятак яек, пару бульбінак кінула, усё неабходнае. І там Андрэй палічыў за задавальненне асабіста гэта прыгатаваць.

Канечне, везла яшчэ стравы хатняга прыгатавання: фаршыраваную курыцу, запечаную свіную нагу, галубцы, боршч. Мама яго таксама пастаралася. Прыгатавала курыцу, дранікі. Яна сама не магла паехаць. Яна інвалід другой групы і не можа пераносіць аўтамабільныя пераезды. Расказала мне, што ўсе тры дні праплакала ад такога бяссілля і знямогі. Мама купіла яму 6 Біг-Макаў. Я была такая здзіўленая. Але ведаеце, з такім трэскам яны пайшлі – за абедзве шчакі.

- Як складваюцца адносіны Андрэя з іншымі зняволенымі?

- Андрэй вельмі дружалюбны чалавек. Можа знайсці агульную мову з любым. І там людзі не такія ўжо і звяры. Я ведаю, што Андрэй там, як не дзіўна, знайшоў сабе партнёра па шахматах. Хаця там спецыфіка кантынгенту такая, што большасць асуджаных там па артыкулах вельмі цяжкіх: рабаўніцтва, разбой, забойствы. Некаторыя абвінавачаныя ў дзеянні ў арганізаваных злачынных групоўках. Ну, і ім, вядома ж, не да шахматаў.

- Якую прадушыну, акрамя шахматаў, знаходзіць там Андрэй?

- Прадушына – футбол. Андрэй любіць усякія спартыўныя мерапрыемствы. Але з-за таго, што апошнім часам у яго былі праблемы са здароўем, ён можа вельмі мала там пагуляць пакуль.

- Якія яшчэ забавы можна знайсці ў калоніі?

- На кожны атрад ёсць тэлевізар і DVD. І ў арганізаваным парадку робяць прагляды. З кнігамі ўзніклі праблемы. Андрэй папрасіў актывістаў дасылаць яму кнігі. Але вось учора я даведалася, што калонія вярнула кнігі амаль усім. А ўвогуле, Андрэй любіць чытаць кнігі пазнаваўчага характару, мемуарную, філасофскую літаратуру, метадычную – усякія самавучыцелі, сучасную прозу, сучасную паэзію.

- Якую рэакцыю там выклікае палітычны артыкул Андрэя?


- Выклікае здзіўленне, збянтэжанасць, прыкрасць, шок. Людзі здзіўляюцца яго прысутнасці там. Яны нават аб існаванні такога артыкула не здагадваліся. Гэты артыкул прымяняецца ў нас упершыню за 50 год. Па гэтым артыкуле Андрэй адзіны сядзіць у нашай краіне. Яна вельмі рэдкая. Судовай практыкі нават няма па ёй.

- Давайце ўсё ж такі вернемся да амністыі. Ці верылі вы, што Андрэя вызваляць?

- Я бачыла праект амністыі, які паступіў у Нацыянальны сход задоўга да яго прыняцця. Таму надзеі былі забітыя ў самым зародку. Там быў пункт “Амністыя не распаўсюджваецца на…” І пайшоў пералік на некалькі старонак. І я пабачыла, што на яго артыкул амністыя не распаўсюджваецца.

- Ці засталася ў вас хоць нейкая надзея?

- Я ўскладаю пэўныя надзеі на тое, што здаровы сэнс пераможа. Можа быць, я надта вялікі аптыміст.

- Калі вы зможаце пабачыцца наступны раз?

- Вось гэтая думка мяне і забівае. Наступны шанец толькі з чэрвеня. Паўгады! Гэта ўводзіць мяне проста ў роспач.

- Ну, лісты вы пішаце адзін аднаму?

- Я пішу, калі ў мяне ёсць настрой. А настрой у мяне ёсць заўсёды. Разы два-тры на тыдзень атрымліваецца. Андрэй адказвае. Крыху радзей, чым мне хацелася б. Цяпер, калі ўлады знялі блакаду з нашай перапіскі, лісты атрымліваю амаль усе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international