Кампанія салідарнасьці з Артурам Фінькевіча будзе моцная

2007 2007-12-11T15:06:02+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Калі б не другая крымінальная справа, Артур Фінькевіч вярнуўся б з “хіміі” на волю 9-га сьнежня. Але болей за месяц таму на актывіста завялі новую крымінальную справу паводле абвінавачаньня ў парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня.
 
Учора ў сядзібе БНФ засядаў грамадзкі камітэт салідарнасьці з палітвязьнямі. Галоўнае пытаньне на парадку дня – акцыі салідарнасьці з Артурам Фінькевічам, суд над якім можа адбыцца ўжо найбліжэйшым часам.
 
Былы палітвязень Павал Севярынец паведаміў сябрам камітэту апошнія зьвесткі пра Фінькевіча:
 
“Артур цяпер чакае ў Магілёве прызначэньня дня суду. Тое, што можна было зрабіць дзеля яго па міжнародных каналах, мы робім. І на сустрэчах з эўрапейскімі амбасадарамі і падчас нядаўняй паездкі ў ЗША мы пра яго ўвесь час гаварылі. Шмат робіць для салідарнасьці зь Фінькевічам рух “За свабоду”. Прынялі адмысловую заяву, пішуць лісты, прычым ня толькі Артуру, але і судзьдзі Кашкінай, якая будзе разглядаць справу. Выдадзена газэта, якая добра разышлася”.

Удзельнікі нарады абмеркавалі шмат арганізацыйных момантаў. Прыкладам, як забясьпечыць шматлюдныя акцыі салідарнасьці падчас працэсу. Вырашылі заклікаць прыехаць на працэс у Магілёў добраахвотнікаў, а таксама мабілізаваць мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху. Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч паабяцаў дапамагчы з транспартам. Таксама вырашылі падключыць да акцыяў салідарнасьці суполкі за межамі краіны: у Варшаве, Кіеве, Вільні, Брусэлі ды іншых гарадох.

Ня варта забывацца й пра намаганьні, якія павялічаць інфармаваньне грамадзтва аб справе Фінькевіча яшчэ да суду, нагадала актывістка Эла Гарэцкая:
 
“Мы сабралі подпісы пад зваротам у абарону Артура Фінькевіча. Пад зваротам падпісаліся вядомыя грамадзкія і культурныя дзеячы, народныя паэты, сьвятар Беларускай аўтакефальнай царквы. Усяго сабрана 92 подпісы. Зварот надрукаваны ў газэце “Народная воля”. 
 
Аналягічную працу болей за месяц таму актывісты камітэту салідарнасьці з палітвязьнямі правялі напярэдадні другога працэсу над лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам. Ніхто дакладна ня можа сказаць, як гэта паўплывала на вынік працэсу, але ўрэшце прысуд актывісту ня быў зьвязаны з новым тэрмінам зьняволеньня, заўважае Павал Севярынец. “Кампанія салідарнасьці з Артурам Фінькевіча будзе моцная, а гэта заўсёды дае вынік”, – кажа Павал Севярынец.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international