Дзень правоў чалавека

2007 2007-12-10T14:36:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня  спаўняецца 59 гадоў з моманту прыняцьця Арганізацыяй Аб`яднаных Нацый Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Ва ўсім сьвеце гэты дзень адзначаецца як Дзень правоў чалавека. Рэспубліка Беларусь ратыфікавала і ўзяла на сабе абавязацельствы па выкананьні прынцыпаў, закладзеных у Дэкларацыі.

Аднак як зазначаюць праваабаронцы, правы чалавека ў Беларусі ўвесь час парушаюцца. У месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца палітычныя вязьні Аляксандр Казулін, Дзьмітры Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Андрэй Клімаў.

З нагоды дня правоў чалавека праваабаронцы з Грамадзкай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій заклікалі Раду бясьпекі ААН вярнуцца да разгляду парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

"Мы заклікаем краіны, якія зьяўляюцца пастаяннымі сябрамі Рады бясьпекі ААН, асабліва кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі, вярнуцца да разгляду праблем, зьвязаных з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі", – сказаў Польскаму радыё адзін з заснавальнікаў грамадзкай камісіі Ігар Рынкевіч.

Ігар Рынкевіч: Справа ў тым, што эканамічная сытуацыя ў краіне й залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў, а таксама статус пэўнага саюзнага будаўніцтва выводзіць на праблему міждзяржаўных пагадненьняў паміж Беларусьсю й Расеяй. І мы заклікаем прэзыдэнта Пуціна ўлічыць сумнеўную лігітымнасьць кіраўніка беларускай дзяржавы спадара Лукашэнкі пры магчымасьці заключэньня міждзяржаўных пагадненьняў. Мы заяўляем, што асобай сілы гэтыя пагадненьні мець ня будуць. І іх будуць рэвізаваць дэмакратычныя сілы й міжнародная супольнасьць. Таксама мы зьвяртаемся да кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі, якая ў свой час год таму вуснамі спадара Чуркіна заблякавала разгляд беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН, каб яны, а таксама іншыя сталыя сябры Рады бясьпекі ААН падтрымалі разгляд пытаньня парушэньня правоў чалавека ў нашай краіне.

Варта зазначыць, што ААН увесь час закранае сытуацыю з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі.

Ігар Рынкевіч: Трэці камітэт ужо двойчы прымаў адмысловую рэзалюцыю. Але рэзалюцыі носяць толькі рэкамэндаўчы характар. І мы падкрэсьліваем, што гэтыя моманты не спрацоўваюць, і пытаньні трэба ставіць больш жорстка. Таму цяпер зьвяртаемся ў Раду бясьпекі ААН. Мы засяроджваем увагу, што й прадстаўніцтва ААН у Беларусі, і офіс АБСЭ маюць даволі абмежаваныя мандаты й належным чынам не ўздымаюць гэтых пытаньняў. Мы вяртаемся да пытаньняў, якія закранаў спэцдакладчык ААН па пытаньнях Беларусі спадар Адрыян Севярын. Толькі магутная міжнародная салідарнасьць і дзеяньні аб`яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі змогуць разам зрабіць пэўны ўплыў, каб прымусіць беларускі ўрад  выконваць свае міжнародныя абавязацельствы.

Праваабаронцы зазначаюць, што Канстыутуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе сваім грамадзянам, між іншым, свабоду слова, сходаў і веравызнаньняў. У практыцы гэта выглядае  па-рознаму. Для прыкладу, варта ўзгадаць падзеі сёньняшняга мітынгу прадпрымальнікаў у Менску, падчас якога былі пабітыя й затрыманыя прадпрымальнікі й апазыцыйныя дзеячы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international