Удзельнікі круглага стала "Свабода сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі" патрабуюць права на свабоду сумленьня

2007 2007-12-04T16:41:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мы, грамадзяне Беларусі: святары і вернікі, грамадскія дзеячы,

усведамляючы сваю адказнасць за сучаснасць і будучыню беларускага народу,
зыходзячы з універсальнага прынцыпу недыскрымінацыі і роўнасці перад законам і правам на свабоду думкі, сумлення, рэлігіі або перакананняў,
абапіраючыся на канстытуцыйны прынцып, што чалавек, ягоныя правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы,
беручы пад увагу, што рэлігія або перакананні з’яўляюцца для кожнага, хто іх прытрымліваецца, адным з асноўных элементаў ягонага разумення жыцця і што свабоды рэлігіі або перакананняў належыць цалкам забяспечваць і гарантаваць,

Канстатуем, што
Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, Закон “Аб агульнай сярэдняй адукацыі”, а таксама Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь супярэчаць арт. 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, фундаментальным прынцыпам свабоды сумлення і рэлігіі, замацаваным у арт. 18 і арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, п. 16.2 Выніковага дакументу Венскай сустрэчы краін-удзельніц НБСЕ (АБСЕ) ад 10 студзеня 1989 года і ўніверсальным прынцыпам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Дэкларацыі пра ліквідацыю ўсіх формаў нецярплівасці і дыскрымінацыі на падставе рэлігіі або перакананняў,

Звяртаем увагу, што паводле існуючых нормаў вышэйзгаданых законаў і кодэксаў Рэспублікі Беларусь
- прызнаецца незаконным любы сход грамадзян рэлігійнага характару па за культавым памяшканнем без дазволу дзяржаўных органаў, за што святары і вернікі падлягаюць адміністрацыйным штрафам і арыштам;
- ігнаруецца права рэлігійных арганізацыяў абіраць і прызначаць святароў паводле ўнутраных правілаў, што служыць падставай да скасавання або адмовы ў выдачы дазволаў на рэлігійную дзейнасць замежным святарам, запрошаным беларускімі аб’яднаннямі і супольнасцямі;
- абмяжоўваецца права рэлігійных арганізацыяў распаўсюджваць інфармацыю праз уласныя сродкі масавай інфармацыі або друкаваныя выданні;
- рэлігійныя арганізацыі пазбаўляюцца магчымасці праводзіць свае рэгулярныя сходы, арганізоўваць нядзельныя рэлігійныя школы і вучэбныя класы дзеля рэлігійнай асветы ў арэндаваных памяшканнях;
- рэлігійныя арганізацыі сутыкаюцца з праблемай будаўніцтва ўласных памяшканняў, паколькі дзяржаўныя органы сістэматычна адмаўляюць у адпаведных дазволах і ўзгадненнях;
- рэлігійным арганізацыям чыняцца штучныя перашкоды ў выконванні значных сацыяльных функцыяў у грамадстве, а менавіта ў папярэджанні і пераадоленні такіх распаўсюджаных негатыўных з’яваў беларускага грамадства, як алкагалізм і наркаманія, злачыннасць і разбурэнне інстытута сям’і, што вядзе да дэградацыі маральнага і духоўнага падмурку беларускай нацыі.

Патрабуем:

ад заканадаўчай улады Рэспублікі Беларусь:

Прывесці Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, Закон “Аб агульнай сярэдняй адукацыі”, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ў адпаведнасць з нормамі арт. 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 18 і арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, п.16.2 Выніковага дакументу Венскай сустрэчы краін-удзельніц НБСЕ (АБСЕ) ад 10 студзеня 1989 г., а таксама прынцыпамі Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Дэкларацыі пра ліквідацыю ўсіх формаў нецярплівасці і дыскрымінацыі на падставе рэлігіі або перакананняў, каб гарантаваць павагу дзяржавы да :
- права кожнага грамадзяніна на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі;
- права на свабоду вызнаваць сваю рэлігію і перакананні як аднаасобна, так і разам з іншымі, публічным або прыватным парадкам, у богаслужэнні, выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў і вучэнні;
- права на свабоду бацькоў забяспечваць рэлігійнае і духоўнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваімі ўласнымі перакананнямі;
- права на свабоду пошуку, атрымання і распаўсюду рознай інфармацыі і ідэяў незалежна ад дзяржаўных межаў вусна, пісьмова ці праз друк або мастацкія формы выражэння, ці іншымі спосабамі па сваім выбары.

ад выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь:

1. Не абмяжоўваць дзейнасць рэлігійных арганізацыяў, якія не пагражаюць грамадскай бяспецы, парадку, здароўю і маралі, роўна як і асноўным правам і свабодам іншых асобаў;
2. Не абмяжоўваць правядзенне грамадзянамі сходаў рэлігійнага характару;
3. Спыніць практыку ўмяшальніцтва ва ўнутраную дзейнасць рэлігійных арганізацыяў, у тым ліку ў абранне і прызначэнне святароў;
4. Спыніць практыку ўмяшальніцтва ў адукацыйную і інфармацыйную дзейнасць рэлігійных арганізацыяў;
5. Спыніць практыку адвольных дэпартацыяў святароў і царкоўных служак рэлігійных арганізацыяў.
6. Спыніць практыку перашкодаў рэлігійным арганізацыям у выкананні сацыяльных функцыяў у грамадстве, а таксама ў іх дабрачыннай дзейнасці.

У выпадку бяздзейнасці ўладаў Рэспублікі Беларусь пакідаем за сабою права дамагацца павагі сваіх правоў і свабодаў усімі законнымі сродкамі, у тым ліку апелюючы да міжнароднай супольнасці.


г. Мінск, 28 лістапада 2007 г.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international