Праваабарончы цэнтр “Вясна” падрыхтаваў Папярэдні маніторынг па фактах выкарыстаньня катаваньняў ды іншых бесчалавечных відаў абыходжаньня ў адносінах грамадзянаў Беларусі.

2004 2004-11-15T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Папярэдні маніторынг Праваабарончага цэнтру “Вясна” па фактах выкарыстаньня катаваньняў ды іншых бесчалавечных відаў абыходжаньня ў адносінах грамадзянаў Беларусі.

Пры правядзеньні маніторынгу Праваабарончы цэнтр “Вясна” сыходзіць з вызначэньня катаваньняў, якое даецца ў “Канвенцыі супраць катаваньняў ды іншых бесчалавечных альбо прыніжаючых відах абыходжаньняў і пакараньняў” ад 10 сьнежня 1984 г., ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь 21.01.1987 г.
– “катаваньне” – азначае любое дзеяньне, якім якой-небудзь асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная альбо маральная, каб атрымаць ад яе альбо ад трэцяй асобы зьвесткі альбо прызнаньні, пакараць яе за дзеяньне, якое зьдзейсьніла яна альбо трэцяя асоба, альбо па любой іншай прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакута наносіцца дзяржаўнай службовай асобай альбо іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасьці, альбо па іх падбухторваньню, альбо з іх ведама альбо маўклівай згоды”.

Беларусь ратыфікавала “Канвенцыю супраць катаваньняў ды іншых бесчалавечных альбо прыніжаючых відах абыходжаньня і пакараньня”. У адпаведнасьці з Арт. 2 Канвецыяі “кожная дзяржава-удзельнік прадпрымае эфектыўныя заканадаўчыя, адміністратыўныя, судовыя ды іншыя меры для папярэджаньня актаў катаваньня на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй”.

У маніторынгу выкарыстаныя:

1. факты, якія сталі вядомыя Праваабарончаму цэнтру “Вясна” у 2003-2004 г.г., на падставе пісьмовых зваротаў ахвяраў катаваньняў у Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

2. факты, на якія Праваабарончы цэнтр “Вясна” адрэагаваў, дапамагаючы пацярпелымі ад катаваньняў пісаць скаргі ў органы пракуратуры.

1. Зьбіцьцё пры затрыманьні Францішка Вячоркі 1.09.04 года.

Па гэтым факце бацькам пацярпелага Вячоркам Валянцінам была пададзена скарга на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну 2.09.04 года. У скарзе ставілася пытаньне пра правядзеньне пракурорскай праверкі названых фактаў і прыцягненьне вінаватых да вызначанай законам адказнасьці. У скарзе сказана: «01.09.2004 г. мой сын Францішак Вячорка 1988 г. нараджэньня на выхадзе са станцыі метро “Кастрычніцкая” ў раёне Палацу прафсаюзаў каля 16.05 быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП у цывільным і дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёну г. Мінска. У працэсе затрыманьня супрацоўнікі міліцыі не прадставіліся, не растлумачылі матывы сваіх дзеяньняў. Майму сыну стала вядома, што ён затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, толькі пасьля дастаўленьня яго ў РУУС Цэнтральнага раёну. У працэсе затрыманьня невядомыя асобы ў цывільным ужылі супраць непаўналетняга грубую фізычную сілу, а менавіта – заломвалі рукі, білі па нагах, зьбівалі пры зацягваньні ў аўтобус. Аўтобус ня меў апазнавальных знакаў дачыненьня да органаў унутраных справаў. У аўтобусе майго сына, які ляжаў на падлозе, працягвалі зьбіваць. Падчас затрыманьня майму сыну былі пашкоджаныя кашуля і штаны, далейшае іх выкарыстаньне немагчымае. Таксама ў аўтобус былі зацягнутыя Стэфановіч Валянцін Канстанцінавіч і Афнагель Яўгеній Ігаравіч. Пасьля дастаўленьня ў РУУС Цэнтральнага раёну г. Мінска супрацоўнікі міліцыі, не складаючы пратаколаў затрыманьня й пратрымаўшы ня больш за дзьве гадзіны, вызвалілі затрыманых. Падчас затрыманьня майму сыну стала вядома прозьвішча аднаго з тых, хто праводзіў затрыманьне: гэта нехта Ліпінскі, супрацоўнік 8–га ўзводу АМАП ГУУС г. Мінска. Яшчэ аднаго супрацоўніка АМАП у чырвонай майцы, які ўдзельнічаў у затрыманьні, ягоныя калегі называлі мянушкай “Маразільнік”. На вуліцы і ў аўтобусе асобы, якія праводзілі затрыманьне, выкарыстоўвалі ў адрас непаўналетняга нецэнзурную лаянку і выказвалі яму пагрозы. Супрацоўнікі міліцыі абражалі майго сына, зьневажалі яго чалавечую годнасьць. Трэба адзначыць, што майму сыну так і не растлумачылі прычыну затрыманьня. Акрамя таго, ня быў складзены пратакол аб адміністрацыйным затрыманьні, што парушае патрабаваньне арт. 240 КаАП Рэспублікі Беларусь. У парушэньне патрабаваньняў арт. 240 КаАП аб месцазнаходжаньні сына не было паведамлена ані мне, ані маёй жонцы. Лічу, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненьні да майго сына зьяўляюцца незаконнымі, перавышаюць службовыя паўнамоцтвы супрацоўнікаў міліцыі і парушаюць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, нормы КаАП Рэспублікі Беларусь, законныя правы дзіцяці. Ніякіх законных падставаў, прадугледжаных арт. 19 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, для выкарыстаньня фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі не было.
Таксама незаконна, без складаньня пратаколу выняцьця, былі забраныя асабістыя рэчы майго сына. Ён не аказваў супраціўленьня і іншага супрацьдзеяньня не аказваў. У сувязі з вышэйсказаным, кіруючыся арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры”, прашу:
1. Правесьці пракурорскую праверку названых фактаў;
2. Прыцягнуць вінаватых асобаў да вызначанай законам адказнасьці;
3. У працэсе праверкі выкладзеных фактаў апытаць відавочцаў незаконнага затрыманьня майго сына: Стэфановіча Валянціна Канстанцінавіча і Афнагеля Яўгенія Ігаравіча

Па гэтым факце праводзілася пракурорская праверка, ў выніку якой ва ўзбуджэньні крымінальнай справы было адмоўлена. У адказе з пракуратуры было сказана, што «супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў межах сваіх законных паўнамоцтваў.

2. Зьбіцьцё Дзьмітрыя Кучынскага 29.06 04 года.

Скарга Кучынскага Дзьмітрыя на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі была пададзена ў пракуратуру Партызанскага раёну г. Мінска 29.06 04 года. Д.Кучынскі 27 чэрвеня 2004 года быў затрыманы ў раёне парку імя Горкага супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў апорны пункт аховы грамадскага парадку №70 Партызанскага РУУС. На яго быў складзены пратакол адміністратыўнага правапарушэньня па ч.3 арт 172 КаАП – «распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходзячых дадзеных». У скарзе Д. Кучынскага сказана: «Супрацоўнікі міліцыі не патлумачылі мне мае правы, прадугледжаныя арт. 247 КаАП Рэспублікі Беларусь, не паведамілі пра маё затрыманьне бацькам (я зьяўляюся непаўнагадовым), спрабавалі правесьці дагляд маіх асабістых рэчаў без складаньня пратакола пра догляд рэчаў і пратакола выняцьця друкаванай прадукцыі. Сваімі дзеяньнямі супрацоўнікі міліцыі груба парушылі патрабаваньні КаАП Рэспублікі Беларусь. Калі я ўказаў супрацоўнікам міліцыі на іх незаконныя дзеяньні, капітан міліцыі Жэбіт Іван Аляксандравіч нанёс мне некалькі ўдараў рукамі ў вобласьць галавы, а таксама некалькі ўдараў па целу і нагам. Сьведкам зьбіцьця мяне капітанам міліцыі стаў Аляксандр Шэлег, які знаходзіўся ў гэты момант у памяшканьні апорнага пункту, ў якім гэта адбывалася. Я лічу дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі незаконнымі, перавышаючымі службовыя паўнамоцтвы, парушаючымі Закон Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі», нормы КаАП Рэспублікі Беларусь, мае законныя правы. Ніякіх законных падставаў для ўжываньня ў адносінах мяне фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі не было, я не аказваў супрацоўнікам міліцыі ніякага супраціўленьня».

Дзьмітры Кучынскі прасіў правесьці пракурорскую праверку ўказаных фактаў, прыцягнуць капітана Івана Жэбіта да вызначанай законам адказнасьці. Крымінальная справа не была ўзбуджаная.

3. Зьбіцьцё непаўнагадовага Максіма Громава.

Па факту зьбіцьця непаўнагадовага Максіма Громава была пададзеная скарга ў пракуратуру Савецкага раёну г. Мінска. Па ёй праводзіцца праверка.

Максім Громаў быў затрыманы ў 2 гадзіны ночы ў Мінску на перакрыжаваньні вул.Казлова і пр. Скарыны. У скарзе Максім Громаў указваў наступныя факты «пры затрыманьні супрацоўнікамі міліцыі ў адносінах мяне былі зьдзейсьненыя гвалтоўныя дзеяньні, якія выявіліся ў нанясеньні мне ўдараў рукамі і гумавымі дубінкамі. Супрацоўнікі міліцыі нанесьлі мне некалькі ўдараў гумавымі дубінкамі па руках, нагах і сьпіне, а пасьля пачалі зьбіваць мяне рукамі па галаве. Пры гэтым ніякіх падставаў для ўжываньня супраць мяне фізічнай сілы не было. Я не аказваў супраціўленьня альбо непадпарадкаваньня міліцыянерам, не спрабаваў ад іх зьбегчы, Пасьля таго, як супрацоўнікі міліцыі нанесьлі мне некалькі ўдараў, я быў затрыманы і дастаўлены ў РУУС Савецкага раёну г. Мінска, дзе на мяне быў складзены пратакол пра адміністратыўнае правапарушэньне. Са складзенага пратакола я даведаўся прозьвішчы міліцыянераў, якія затрымлівалі і зьбівалі мяне – Сованаў Г і Тарнанаповіч В. Абодва зьяўляюцца супрацоўнкамі міліцыі РУУС Савецкага раёну г. Мінска. У выніку зьбіцьця я быў вымушаны 26.05.04 г. зьвярнуцца па медыцынскую дапамогу ў 9-ую клінічную бальніцу г. Мінска. Пры агалядзе дзяжурным урачом мне быў пастаўлены дыягназ «сатрасеньне галаўнога мозгу лёгкай ступені. Удары мяккіх тканяў галавы». Мне было рэкамендавана зьвярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства да неўрапатолага. Лічу, што сваімі дзеяньнямі супрацоўнікі міліцыі Сованаў Г. і Тарнаповіч В. Дапусьцілі перавышэньне сваіх службовых паўнамоцтваў, груба парушылі патрабаваньні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі», нанесьлі шкоду майму здароўю. У адпаведнасьці з арт.18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі», міліцыя ўжывае фізічную сілу, сьпецыяльныя сродкі толькі ў тым выпадку, калі іншым чынам выкананьне службовых паўнамоцтваў не зьяўляецца магчымым. У адпаведнасьцю з арт 19 Закона Рэспублік Беларусь «Аб міліцыі» фізічная сіла ўжываецца міліцыяй для папярэджаньня і спыненьня правапарушэньня, самаабароны, пераадоленьня супрацьдзеяньня законным патрабаваньням міліцыі, калі негвалтоўныя спосабы не забясьпечваюць выкананьня ўскладзеных абавязкаў. Ніякіх падобных дзеяньняў я не зьдзейсьніў, у сувязі з чым падставаў для ўжываньня ў адносінах мяне фізічнай сілы з боку міліцыі не было».

У скарзе Максім Громаў прасіў правесьці праверку ўказаных фактаў, узбудзіць крымінальную справу ў адносінах супрацоўнікаў міліцыі Сованава Г. і
Тарнаповіча. В.

4. Факты жорсткага абыходжаньня, зьвязаныя з падзеямі 21 ліпеня 2004 года, калі ў Мінску адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць 10-годддзя прэзідэнцкага кіраваньня А.Лукашэнкі.

Факты жорсткага абыходжаньня пацьверджаныя ў скарзе Сяргея Кунца. У скарзе сказана: «21 ліпеня 2004 года я, Кунец Сяргей, вяртаўся з канцэрту і санкцыянаванага Рашэньнем Мінгарвыканкаму мітынгу, якія праходзілі на
вул. Бангалор у Мінску. Разам са сваімі знаёмымі я планаваў паехаць на вакзал, каб пасьпець дабрацца дамоў у Барысаў. Каля 21.00 у двары аднаго з дамоў мяне разам з іншымі людзьмі пачалі затрымліваць супрацоўнікі АМАП і гвалтоўна зацягваць у аўтобус. Пры гэтым супрацоўнікі АМАП не патлумачылі мне прычыну майго затрыманьня. Ні я, ні мае знаёмыя не мелі пры сабе ніякіх плакатаў, сьцягоў і транспарантаў. Лозунгаў не выкрыквалі, ніякім іншым чынам грамадскі парадак не парушалі. Пасьля таго, як мяне затрымалі я быў зьмешчаны ў аўтобус. У аўтобусе ўжо знаходзіліся некалькі дзясяткаў маладых людзей. Сярод іх былі мае знаёмыя: Лут Уладзімір, Вайцяховіч Вікторыя, Сіліч Яўген. На патрабаваньні патлумачыць прычыны затрыманьня супрацоўнікі АМАП не рэагавалі, зьневажалі нас нецэнзурнай лаянкай, пагражалі ўжываньнем фізічнай сілы ў адносінах мяне ды іншых затрыманых асобаў. Пасьля аўтобус паехаў у невядомым накірунку. Праз некаторы час супрацоўнікі АМАП ў грубай форме загадалі ўсім затрыманым пакінуць аўтобус. Калі ўсе людзі выйшлі з аўтобуса, аўтобус разьвярнуўся і з'ехаў. Таксама паступілі і з затрыманымі, якія знаходзіліся ў другім аўтобусе. Як высьветлілася, супрацоўнікі АМАПу вывезьлі мяне ды іншых затрыманых асобаў прыкладна за 20 кіламетраў ад Мінска па Магілёўскай шашы. Варта адзначыць, што мне так і не патлумачылі прычыну майго затрыманьня. Апрача таго, пра адміністратыўнае затрыманьне не быў складзены праткол, што парушае арт. 240 КаАП Рэспублікі Беларусь Таксама ў парушэньне патрабаваньняў арт. 240 КаАП Рэспублікі Беларусь пра маё месцазнаходжаньне не было паведамлена маім бацькам, хаця такая просьба неаднаразова выказвалася супрацоўнікам АМАП. Шмат хто з затрыманых быў непанаўгадовым. Таксама супрацоўнікі АМАП дапускалі ў мой адрас абразы, прыніжалі маю чалавечую годнасьць. Апрача таго, хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што пасьля затрыманьня, я не быў дастаўлены для разьбіральніцтва ў РУУС і ГОМ, а вывезены за горад і высаджаны там. Лічу дзеяньні супрацоўнікаў АМАП незаконнымі, перавышаючымі іх службовыя паўнамоцтвы, а таксама патрабаваньні Закона Рэспублікі Белаурсь «Аб міліцыі».

Кунец Сяргей абскардзіў незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, ён патрабаваў правесьці праверку, а таксама прыцягнуць да адказнасьці вінаватых па гэтай справе.

5. Зьбіцьцё непаўнагадовай Маргарыты Анцілеўскай.

Актывістка моладзевага руху «Зубр» Маргарыту Анцілеўскую была затрыманая за распаўсюд недзяржаўнай прэсы ў Мінску каля станцыі метро «Усход».
Пасьля затрыманьня Маргарыту Анцілеўскую зьбіў начальнік інсьпекцыі па справах непаўнагадовых РУУС Заводскага раёну Уладзімір Новікаў.

Ён прыкаваў яе кайданкамі да машыны і зьбіваў гумавай дубінкай.
Маргарыта Анцілеўская падала скаргу ў пракуратру Ленінскага раёну на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

Трэба адзначыць, што Уладзімір Новікаў ужо другі раз трапляе ў поле зроку праваабарончых арганізацый як асоба, якая ўдельнічала ў катаваньнях.
У красавіку 2001 годзе Уладзімір Новікаў фігураваў у скаргах аб узбуджэньні крымінальных справаў па фактах зьбіцьця затрыманых падчас акцыі «Канчатковы дыягназ». У 2001 годзе Уладзімір Новікаў, які працаваў у Партызанскім РУУСе, быў у званьні лейтэнтанта, зьбіў 19-гадовую Кацярыну Шабан. Пасьля зьбіцьця К.Шабан забрала «хуткая дапамога», дыяганаз – «сатрасеньне мозга».

Па дадзенай заяве пракуратура Заводскога р-на г. Мінска праводзіць пракуросркую праверку.

6. Зьбіцьцё ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і рэферэндума 17 кастрычніка 2004 года. Акцыі адбываліся 18-21 кастрычніка ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы.

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што АМАПаўцы ўжывалі катаваньні ў адносінах да дэманстрантаў, затрыманых 19-21 кастрычніка ў Мінску падчас акцый пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і рэферэндума..

У гэтыя дні арыштавана больш за 60 чалавек, сярод якіх было шмат непаўнагадовых.
Былі зьбіты некалькі дзясяткаў чалавек, уключаючы журналістаў і лідэраў партый. Старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў цяжкую чэрапно-мазгавую траўмы і трапіў у бальніцу з пераломамі рэбраў і гематомай ныркі. Амапаўцы дагналі Анатоля Лебедзьку на прыступках кавярні «Паціо-піцца” павалілі на падлогу і пачалі зьбіваць нагамі, білі па твары і галаве. «Амапаўцы зьбілі мяне да страты прытомнасьці, -- расказаў А. Лябедзька, -- праз чорны ўваход увайшал група з 7–8 чалавек на чале з камандзірам мінскага АМАПу палкоўнікам Падабедам. Мяне працягнулі па падлозе, паднялі за рукі «на дыбы» так, што я павіс, і Падабед 6–7 раз ударыў мяне далоньню па твары, прыгаворваючы: «Ну што, даскакаўся?» Пасьля я страціў прытомнасьць». Па факце зьбіцьця Анатоля Лябедзькі таксама пададзеная скарга ў пракуратуру Ленінскага раёну. Па скарзе праводзіцца пракурорская праверка.
У прокуратуры Ленінскага раёна ужо былі дапытаны намесьнік старшыні АГП Аляксандр Дабравольскі, прэс-сакратар партыі Кацярына Ткачэнка і актывсітка АГП Антаніна Кавалёва. А.Лябедзька таксама сустрэўся са сьледчым пракуратуры.

Дзьмітры Чарткоў, затрыманы на акцыі 19 кастрычніка быў зьбіты пры затрыманьні і дастаўлены ў Мінскую абласную клінічную бальніцу ў аддзяленьне нейрахірургіі, дзе яму паставілі дыягназ «пашкоджаньне мяккіх тканяў галавы і канечнасьцяў».

На акцыі 19 кастрычніка былі зьбітыя журналісты. Адзін з іх, карэспандэнт
"Радыё Свабода" Юры Сьвірко зьвярнуўся да генеральнага пракурора Беларусі Віктара Шеймана са скаргай. Юры Сьвірко напісаў: «Некалькі журналістаў беларускіх і замежных СМІ былі зьбіты міліцыяй падчас разгону вулічнай дэманстрацыі ў цэнтры Мінскў ўвечары 19 кастрычніка". Ю. Сьвірко паведамляе, што аператары расійскіх тэлеканалаў НТВ и REN-TV Канстанцін Марозаў і Уладзімір Косьцін былі зьбітыя супрацоўнкамі АМАПу ў той моммант, калі спрабавалі зьняць затрыманьне міліцыяй старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лебедзькі. Іх камеры былі разбітыя, а фотокарэспандэнт агенцтва "Ассашыэйтед Прэс" Сяргей Грыц быў незаконна затрыманы. Сам Ю.Сьвірко пацярпеў "ад рук супрацоўнка Службы бясьпекі прэзідэнта". У скарзе Ю.Сьвірко патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу па артыкулу "незаконнае супрацьдзеяньне працы журналіста".

Паводле сьведчаньняў затрыманага 19 кастрычніка ўдзельніка акцыі Яраслава Навуменкі, у аўтобусах дэманстрантаў “кідалі на падолгу і білі”. Пра гэта Я. Навуменка заявіў на судзе, але суддзя Ленінскага суда Церашкова не зьвярнула на факт катаваньня ніякай увагі і вынесла рашэньне пра 3 сутак арышту. Другі затрыманы, студэнт аднаго з мінскіх ВНУ, заявіў на судзе, што іх кінулі ў аўтобусе на падлогу і “добра пахадзілі нагамі”. Але і гэты факт не зацікавіў суддзяў. Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які выступаў у судзе ў якасьці прадстаўніка затрыманых, адзначыў, што суды вызначаліся тым, што суддзі адмаўляліся выклікаць сьведкаў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» зьвярнуўся Дзьмітры Чарткоў, які накіраваў скаргу ў Пракуратуру Ленінскага раёну г. Мінска, у якой сказана: «19.10.2004 года я быў затрыманы супацоўнікамі міліцыі ў раёне Кастрычніцкай плошчы ў горадзе Мінску
За быццам бы меўшае месца парушэньне арт.167-1 КаАП Рэспублікі Беларусь. У выніку затрыманьня супрацоўнікамі міліцыі была ўжытая фізічная сіла, якая выявілася ў нанясеньні ўдараў у вобласьць галавы і тулава. З майго боку пры затрыманьні не аказвалася непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Я адразу падпарадкаваўся і гатовы быў сам прайсьці ў аўтобус, куды дастаўляліся затрыманыя. У момант майго затрыманьня я падвергнуўся зьбіцьцю і катаваньням. У выніку зьбіцьця я быў дастаўлены ў Мінскую абласную клінічную бальніцу, у аддзяленьне нейрахіругіі. Там мне быў пастаўлены дыягназ ўдара мяккіх тканяў галавы і канечнасьцяў. Я знаходзіўся ў бальніцы з 20.10.04 па 25.10.04. Неабходнасьць майго знаходжаньня ў бальніцы была выклкіана цяжкім самаадчуваньнем, выкліканым зьбіцьцём. Зьбіцьцё працягвалася і пасьля затрыманьня і нават у той момант, калі я быў закінуты ў аўтобус, куды працягваючы зьбіваць супрацоўнікі міліцыі дастаўлялі іншых затрыманых. На падставе арт.18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» супрацоўнікі міліцыі абавязаны імкнуцца нанесьці найменшую шкоду здароўю, гонару і годнасьці грамадзянаў. У дадзеным выпадку дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі насілі яўна супрацьпраўны характар, працягваліся пасьля майго затрыманьня і нанесьлі мне фізычныя і маральныя пакуты».

У сваёй скарзе Д. Чарткоў просіць устанавіць асобаў, якія зьдзяйсьнялі катаваньні – «асобы, якія праводзілі маё затрыманьне магчыма ўказаныя ў рапартах супрацоўнікаў міліцыі, якія знаходзяцца ў матэрыялах справы пра адміністратыўнае затрыманьне.
Акрамя гэтага Дзьмітры Чарткоў просіць правесьці праверку па выкладзеных фактах, выдаць накіраваньен на правядзеньне судова-медыцынскай эксьпертызы, узбудзіць крымінальную справу, прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці асобаў вінаватых асобаў.

Па дадзенай заяве пракуратура Ленінскага р-на праводзіць праверку.

Варта адзначыць, што на сёньняшні дзень крымінальныя справы па гэтых фактах не ўзбуджаныя”. Вядома таксама, што ніякіх дзеяньняў у адносінах асобаў, якія ўдзельнічалі ў катаваньнях не было.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” канстатуе, што Рэспубліка Беларусь не выконвае абавязацельствы арт.2 Канвенцыі па папярэджаньні актаў катаваньняў.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць неабходным візіт у Рэспубліку Беларусь спецыяльнага прадстаўніка Камітэта ААН супраць катаванняў і разгледзіць дадзены даклад на паседжанні Камітэта.

15 лістапада 2004 года Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international