viasna on patreon

Пасылкi з кнiгамi вярнулiся назад

2007 2007-11-29T15:41:39+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Брэсцкiя сацыял-дэмакраты атрымалi назад пасылкi з кнiгамi, адпраўленыя iмi некалькi дзён таму ў калонiю “Вiцьба-3", у якой адбывае пакаранне экс-кандыдат у прэзiдэнты Беларусi Аляксандр Казулiн.

Як паведамiў БелаПАН намеснiк старшынi Брэсцкай абласной арганiзацыi Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi (Грамада) Валянцiн Лазарэнкаў, на вернутых пасылках перакрэслены адрас атрымальнiка, а са зваротнага боку стаiць рэзалюцыя “не дазволена” i два подпiсы службовых асоб.

“Кнiгi, якiя мы пасылалi, — афiцыйна выдадзеная мастацкая лiтаратура. Незразумела, чаму яна не можа папоўнiць бiблiятэку такой установы. Мы ўпэўнены, не такiя там вялiкiя фонды, каб iх не трэба было папаўняць. Дарэчы, нiводная бiблiятэка нiколi не адмаўляецца ад такога кшталту падарункаў. Прычым, наколькi мне вядома, у 2005 годзе Брэсцкая абласная бiблiятэка перадала Брэсцкаму следчаму iзалятару кнiгi, аб чым паведамлялася ў мясцовых СМI”, — заявiў палiтык.

“Наша акцыя была прымеркавана да 25 лiстапада — дня нараджэння лiдэра БСДП (Грамада) i з'яўлялася праяўленнем салiдарнасцi з Аляксандрам Казулiным. Апрача таго, у яго адрас было адпраўлена больш за 50 вiншавальных паштовак. Спадзяюся, што яны дайшлi да адрасата”, — дапоўнiў В.Лазарэнкаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства