Магілёўскага актывіста хочуць адлічыць з ВНУ за “мокрую справу”

2007 2007-11-28T15:00:16+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Магілёве пасьля гісторыі са спробай завэрбаваць да супрацоўніцтва з КДБ сябраў незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) ўзьнікла справа супраць моладзевага актывіста Станіслава Кавалеўскага, якога абвінавацілі “ў спраўленьні натуральных патрэбаў у грамадзкім месцы”. За гэты ўчынак студэнт спачатку быў арыштаваны напярэдадні “Эўрапейскага маршу”, а зараз яму пагражае выключэньне з пэдунівэрсытэту. Кавалеўскі дамагаецца поўнага апраўданьня за тое, чаго не рабіў.

Студэнт другога курсу гістарычнага факультэту Магілёўскага пэдунівэрсытэту Станіслаў Кавалеўскі наважаны зрабіць прэцэдэнт у супрацьстаяньні з праваахоўнай сыстэмай. Напярэдадні “Эўрапейскага маршу” яго асудзілі да трох сутак адміністратыўнага арышту за “нецэнзурную лаянку і амаральныя паводзіны ў грамадзкім месцы”. Як сьведчылі ў судзе міліцыянты, Кавалеўскі ў якасьці прыбіральні прыгледзеў аўтобусны прыпынак.

“Мокрая гісторыя” дойдзе да ААН

Як апавёў магілёўскі праваабаронца Ўладзімер Краўчанка, крок за крокам яны з падабаронным плянуюць прайсьці ўсе інстанцыі ажно да Камітэту правоў чалавека ААН. Першы крок ужо зроблены – скарга на дзеяньні міліцыі накіраваная ў абласны суд. Спадар Краўчанка:

“Напярэдадні “Эўрапейскага маршу” была дадзеная каманда некалькі актывістаў ізаляваць. Ізалявалі ў Магілёве двух чалавек – Салаўёва і Кавалеўскага. У выніку прысудзілі суткі. Міліцыянты дзяжурылі ля самага дому, а ў райаддзеле на абодвух склалі пратакол, што яны “апраўлялі натуральныя патрэбы” ў грамадзкім месцы.

Проста “ад балды” назвалі прыпынак транспарту, нібыта Кавалеўскі за яго зайшоў і зрабіў, што хацеў. Але нават не паглядзелі: зайсьці за гэты прыпынак увогуле немагчыма. Ён ушчыльную да сьцяны стаіць, літаральна 2 см адлегласьць ад сьцяны. І ўвогуле, калі бралі ля дому, падышлі, адразу назвалі прозьвішча і проста загадалі: пройдзем з намі. А далей ужо пачалася фабрыкацыя...”

Клясыфікацыя правапарушэньня як спробы дыскрэдытацыі

Зусім нядаўна Станіслаў Кавалеўскі быў выкліканы да кіраўніцтва Магілёўскага пэдунівэрсытэту, дзе быў папярэджаны, што яму ўжо нядоўга засталося лічыцца студэнтам. Сам Кавалеўскі перакананы: “ногі” ў гісторыі растуць яшчэ ад тых часоў, калі супрацоўнікі КДБ спрабавалі схіліць яго да супрацоўніцтва:

“Была так званая рада ў справе прафіляктыкі, падчас якой мне і сказалі: каб ня гэтая апэляцыя, ты ўжо сёньня ня быў бы студэнтам. Прарэктар па вучэбнай працы гэта і сказаў: пры атрыманьні адмовы на апэляцыю на наступны дзень ты адразу ж пазбавісься права быць студэнтам. Так што тут ужо выбар невялікі.

Гэта ня першая спроба Камітэту дзяржбясьпекі “аддзячыць” за маю грамадзкую актыўнасьць і за тое, што я ў свой час адмовіўся працаваць на карысьць КДБ. І гэта працяг той гісторыі, таму што ўладзе наўрад ці будзе падабацца, калі супраць яе аб’ядноўвацца людзі. Я як старшыня моладзевай ячэйкі прафсаюзу РЭП павінен ня толькі быць дыскрэдытаваны перад моладзевым асяродкам, але ж і сярод людзей, якія жадаюць прыйсьці да нас. Каб яны пабачылі: маўляў, вось якія людзі ў іх працуюць, куды ж вы ідзяце?”

Як лічыць магілёўскі праваабаронца Ўладзімер Краўчанка, практыка адлічэньня зь беларускіх ВНУ студэнтаў за адміністратыўныя ўчынкі ёсьць наўпроставым парушэньнем міжнародных юрыдычных нормаў.

Аднак кіраўніцтва гістарычнага факультэту лічыць праблему перабольшанай. Намесьніца дэкана факультэту Тамара Апеок кажа, што за сваё правапарушэньне Кавалеўскі ўжо панёс пакараньне, таму калі якія санкцыі да студэнтаў і прадугледжаныя, то выключна за пропускі заняткаў:

“За тое, што ён парушыў, яго судом ужо пакаралі. Адзінае, што ў яго можа быць вялікая колькасьць пропускаў без пільных прычынаў, тады за гэта могуць быць наступствы. Заўвага па факультэце – за 4 гадзіны, за 14 – вымова рэктара. А ў яго ўжо была вымова за пропускі без прычынаў. Таму можа ён і баіцца, што болей прапусьціў. Але за лістапад яшчэ ніхто не падлічваў, ён не завяршыўся. А сам ён, магчыма, ведае, таму за гэта і баіцца. Мы яго папярэджвалі ад самага пачатку года, каб пропускаў не было, каб не было падставаў, бо ён і так ужо ўляпаўся. Бо насамрэч шкада ж хлопца...”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international